27.07.2016 / 22:40

Ніводнага з 21 прадстаўніка Руху «За Свабоду» не ўключылі ва ўчастковыя камісіі 108 акругі

Каманда першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча накіравала 21 прадстаўніка ў участковыя выбаркамы 108 Каліноўскай акругі ў Мінску. Ніводны з іх, у тым ліку тыя, што збіралі за сябе подпісы, не быў уключаны ў склад камісіі.

Усяго па 108-109 акругах былі пададзеныя 1160 заявак, распавёў сябра ініцыятыўнай групы Губарэвіча, які прысутнічаў на пасяджэнні адміністрацыі раёну, Алесь Славінскі.

Па яго словах, з іх 316 былі вылучаныя партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі 563, зборам подпісаў 205.

«Кожную кандыдатуру зачытвалі асобна, акцэнтавалі увагу на нашых вылучэнцах, што досведу ўдзелу у камісіях не маюць, слаба ведаюць выбарчы кодэкс ці не з’явіліся на сумоўе. Тое ж самае па тых хто вылучаўся зборам подпісаў з 205 акцэнт зрабілі на шасці нашых вылучэнцах», — адзначыў актывіст Руху «За Свабоду».

«Улады пабачылі, што мы робім даволі моцную кампанію і пры сумленным падліку галасоў вынік можа быць не той, на які яны разлічваюць», — пракаментаваў вынікі фармавання камісіяў Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, відавочна, што ў адміністрацыі быў дыферэнцыраваны падыход: падвышаная ўвага была да тых, хто можа падлічыць галасы «рэальна сумленна, не парушаючы закон, адкрыта для назіральнікаў».

«Улада працягвае правальваць іспыты. Як бы яны не стараліся імітаваць дэмакратычныя выбары, немагчыма гэта зрабіць, прымаючы тыя ж рашэнні, што і раней, працуючы старымі метадамі пад час фармавання камісіяў і падліку галасоў. Першы этап — стварэнне выбаркамаў — паказаў, што нічога не мяняецца і мяняцца не будзе: будзе імітацыя дэмакратычных выбараў, але гэта не больш чым спроба шулера прадэманстраваць сумленную гульню», — падкрэсліў Губарэвіч.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру