Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС праводзяць комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па выяўленні фактаў арганізацыі дамоўных матчаў у вышэйшай і першай лігах чэмпіянату Беларусі па футболе.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, устаноўлена, што 5 чэрвеня двое грамадзян Украіны праз пасрэдніка, грамадзяніна Беларусі, падкупілі некалькіх гульцоў ФК «Ашмяны» першай лігі, каб забяспечыць пройгрыш гэтай каманды футбольнаму клубу «Баранавічы» у першым тайме сустрэчы, якая адбылася ў гэты ж дзень.

Сума незаконнага ўзнагароджання, перададзенага пасрэднікам і гульцам ФК «Ашмяны» напярэдадні матча ў якасці задатку і адразу пасля яго правядзення, склала як мінімум 2.000 долараў ЗША.

Па матэрыялах ГУБАЗіК МУС, 26 ліпеня Следчым камітэтам была распачатая чарговая крымінальная справа па арт. 253 КК (подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных конкурсаў).

Падазраванымі па справе, акрамя «заказчыкаў» і «пасрэдніка», прызнаныя пяць гульцоў ФК «Ашмяны». Яны затрыманыя. Высвятляюцца іншыя саўдзельнікі.

«Ёсць усе падставы меркаваць, што ў дамоўных матчах маглі быць замяшаныя не толькі гульцы «асновы», але і тыя, хто выходзіў на замену, а ў шэрагу выпадкаў нават футбалісты, якія ўсю гульню заставаліся ў рэзерве. Так, падчас правядзення згаданага матчу адну з асноўных роляў у незаконнай схеме сыграў малады чалавек, які знаходзіўся на лаўцы запасных «Ашмянаў» і перадаваў умоўныя сігналы удзельнікам гульні», — гаворыцца ў паведамленні МУС.

Мерапрыемствы, якія праводзяцца Міністэрствам унутраных спраў, ажыццяўляюцца ў цесным узаемадзеянні з Беларускай федэрацыяй футбола.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?