Сайт МУС апублікаваў інфармацыю пра вынікі расследавання дамоўных матчаў у беларускім футболе.
Міліцыя паведамляе, што сустрэча паміж «Баранавічамі» і «Ашмянамі» 5 ліпеня была купленая.
Маўляў, двое грамадзян Украіны падкупілі некалькіх гульцоў «Ашмян» — за дзве тысячы даляраў тыя мусілі забяспечыць паразу сваёй каманды.
У выніку пяць несумленных футбалістаў «Ашмян» затрыманыя, заведзеная крымінальная справа.
Цікавы факт: адным з асноўных удзельнікаў схемы стаў гулец, які нават не выходзіў на поле — з лавы запасных ён падаваў умоўныя знакі сваім калегам.
А баранавіцкі навінавы рэсурс Intex-Press апублікаваў відэа з дамоўнага матча. Аператар засняў найбольш яскравыя моманты гульні.
Паглядзіце самі — ці выдаюць паводзіны футбалістаў настрой на здачу? «Баранавічы» ў чырвоным, «Ашмяны» — у чорна-блакітным.