Кампанія Google паабяцала вярнуць у расійскую версію сэрвісу Google Maps ранейшыя назвы населеных пунктаў Крыма, якія былі перайменаваны ў рамках дэкамунізацыі ва Украіне.
«Мы ў курсе сітуацыі, якая склалася, і актыўна працуем над тым, каб вярнуць на расійскую версію Google Maps ранейшыя назвы», — заявілі ў прэс-службе Google.
Раней сэрвіс пераназваў населеныя пункты анексаванага Расіяй паўвострава ў адпаведнасці з украінскім законам. У прыватнасці, горад Краснаперакопск стаў Яны Капу, Краснагвардзейскае — Курманам, а Кіраўскае — Іслям-Тэрэкам. Змены закранулі як расійскую, так і ўкраінскую версіі сэрвісу.
Перайменаванне крымскіх населеных пунктаў у расійскай версіі Google Maps выклікала бурнае абурэнне расійскіх палітыкаў.
«Мяркую, што гэта недальнабачная палітыка, і гэтая памылка будзе выпраўленая… Калі кампанія Google ставіцца настолькі няўважліва да дзейнага ў Расіі заканадаўства і назваў расійскіх населеных пунктаў, гэта не дазволіць кампаніі эфектыўна весці бізнес на тэрыторыі Расіі», — заявіў міністр сувязі РФ Мікалай Нікіфараў.