Усё больш беларусаў, але яшчэ ня большасьць, гатовыя да пераходу на назапашвальную пэнсійную сыстэму. Дасьледніцкі цэнтар Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту зрабіў адмысловае дасьледаваньне праблемы.

Ці хапае сёньня на жыцьцё беларускаму пэнсіянэру? Што сабе думаюць пэнсіянэры заўтрашнія? Ці турбуецца пра будучыню моладзь? Як сучасныя беларусы ставяцца да пэнсіі? І хто, на іх думку, павінен клапаціцца пра яе памер і рэгулярнасьць? На гэтыя пытаньні спрабавалі адказаць спэцыялісты дасьледчыцкага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту (ІПМ) Аляксандар Чубрык і Марына Батурчык, якія аналізавалі праблему на падставе дадзеных адмысловага нацыянальнага апытаньня.

Рэформа нежаданая, але насьпелая

У Беларусі дзейнічае разьмеркавальная пэнсійная сыстэма. Яна заснаваная на выплаце пэнсіяў за кошт сродкаў, атрыманых ад падаткаабкладаньня фонду зарплаты працоўных. Як усе падобныя сыстэмы, яна мінімізуе адказнасьць работніка за сваю будучыню, бо залежыць ад стажу, статусу і даходу.

Цяпер, калі на аднаго пэнсіянэра прыпадае менш як два занятыя, сыстэма балянсуе паміж патрэбамі непрацаздольнага насельніцтва і інтарэсамі працоўных. А ва ўмовах павелічэньня дэмаграфічнай нагрузкі трымаць балянс робіцца ўсё цяжэй. Усё больш мэтазгоднай падаецца рэформа пэнсійнай сыстэмы, а менавіта — надбудова другога (назапашвальнага) узроўню. Аднак усякія зьмены сыстэмы сацзабесьпячэньня часта ўспрымаюцца насельніцтвам як непажаданыя. Адмена сацыяльных палёгкаў — яскравы гэтаму прыклад.

Дасьледчыцкі цэнтар ІПМ зладзіў летась нацыянальнае апытаньне, якое мела мэтай выяўленьне стаўленьня насельніц¬тва да пэнсійнай сыстэмы, да магчымасьці яе зьмяненьня, а таксама ацэнку паво¬дзінаў у гэтай сфэры. Былі апытаныя 1148 рэспандэнтаў у веку 18—75 гадоў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Адна баба сказала

Сярод задачаў апытаньня было высьвятленьне крыніцаў ведаў беларусаў пра пэнсійную сыстэму. Вынікі апытаньня, як і вынікі праведзеных раней фокус‑груп, паказалі, што для беларусаў па‑ранейшаму натуральным ёсьць уяўленьне, што пэнсіі выплачваюцца зь бюджэту не ў адпаведнасьці з заканадаўчымі нормамі, а ў залежнасьці ад жаданьня дзяржавы, якая «вырашае, колькі плаціць». Нязначны лік удзельнікаў дэманстраваў разуменьне таго, што пэнсійныя адлічэньні могуць прыносіць дывідэнды. Большасьць жа не ўспрымала пэнсійныя адлічэньні як інвэстыцыі, спосаб зарабіць сабе большую пэнсію. Пры гэтым удзельнікі фокус‑груп, у першую чаргу людзі сярэдняга веку, разумеюць сутнасьць разьмеркавальнай і назапашвальнай сыстэмаў, аддаючы перавагу апошняй.

Ідэал — жыцьцё заходніх пэнсіянераў

Узровень пэнсіі ацэньваецца як годны ў тым разе, калі ўяўленьні пра яе жаданы і фактычны памер супадаюць. Вынікі апытаньня сьведчаць, што большасьць беларусаў (69,2%) лічаць пэнсію нізкай ці даволі нізкай. Да гэтай катэгорыі часьцей адносяцца апытаныя з больш высокім прыбыткам і узроўнем адукацыі, а таксама работнікі недзяржаўных прадпрыемстваў. Каля траціны (27%) мяркуюць, што пэнсія сярэдняя і дазваляе купляць усё неабходнае. І толькі нязначны адсотак беларусаў (1,5%) лічыць пэнсію дастаткова высокай.

Варта адзначыць, што эталёнам ацэнкі годнага ўзроўню жыцьця для рэспандэнтаў ёсьць ня нейкі абстрактны ідэал, а прыклад пэнсіянера на Захадзе, які ня толькі задавальняе свае штодзённыя патрэбы на высокім узроўні, але і вядзе актыўны лад жыцьця — падарожнічае, глядзіць сябе, мае хобі. Аднак упэўненасьці ў тым, што ў пэрспэктыве падобныя ўмовы складуцца ў Беларусі, няма нават у моладзі.

Рукі прэч ад пэнсіянера!

Пераважная большасьць насельніцтва (каля 75%) мяркуе, што пэнсійны ўзрост (даволі нізкі паводле міжнародных стандартаў — 55 гадоў у жанчын і 60 — у мужчын) — аптымальны і не патрабуе зьменаў. Кожны пяты беларус лічыць магчымым і ранейшы выхад на пэнсію. Толькі 2,6% апытаных думаюць інакш.

Нізкі ўзровень пэнсіі робіць актуальнай магчымасьць для пэнсіянераў працягваць працу. У сувязі з гэтым цікавым падаецца той факт, што ў сукупнасьці 70% рэспандэнтаў выказваюцца за тыя ці іншыя абмежаваньні ў працы пэнсіянераў, успрымаючы іх як рэзэрв на непапулярныя працоўныя месцы, дзе няма ахвотнікаў спасярод моладзі. Аднак пры гэтым, умова, калі працоўны пэнсіянер атрымлівае толькі частку пэнсіі, ацэньваецца адназначна адмоўна. Пра гэта сьведчаць і вынікі фокус‑групаў, і зьвесткі апытаньня: амаль 80% насельнікаў мяркуюць, што працоўны пэнсіянер мусіць атрымліваць і пэнсію і заробак.

Ураўнілаўка — гэта несправядліва

У Беларусі пэнсійная сыстэма мае ўраўняльны характар, што ёсьць вынікам дзяржаўнай палітыкі. Большасьць удзельнікаў фокус‑груп лічыць гэта несправядлівым і адзначае, што «ўраўнілаўка» пры налічэньні пэнсіяў стварае ўстаноўку да пасіўных паводзінаў — работнікі не імкнуцца больш адлічваць, маючы ўпэўненасьць, што ўсе, незалежна ад высілкаў і стажу (як працоўнага эквіваленту грашовых адлічэньняў), атрымаюць аднолькавую сярэднюю пэнсію. Па‑ранейшаму сярод значнай часткі насельніцтва жывы й стэрэатып наконт сувязі паміж працоўнымі высілкамі і ўзроўнем заробку — яго па‑ранейшаму «атрымліваюць», а не зарабляюць.

Адзначым, што істотная розьніца ва ўзроўнях пэнсіяў паміж шэраговымі беларусамі й асобнымі катэгорыямі грамадзянаў выклікае ў насельніцтва нэгатыўную рэакцыю: 68,5% апытаных лічаць адлічэньні дзяржаўным службоўцам неабгрунтавана высокімі. Далей з адставаньнем ідуць супрацоўнікі сілавых структур і вайскоўцы. Практычна не выклікае сумневаў неабходнасьць выплачваць больш высокія пэнсіі асобам, якія працуюць у шкодных умовах.

Як падвысіць пэнсіі

Павышэньне падаткаў ёсьць адным са спосабаў павелічэньня пэнсій¬ных выплат. Аднак у Беларусі гэтая мера лічыцца надзвычай непапулярнай — такую пэрспэктыву падтрымалі ўсяго 1,8%. Каля паловы беларусаў пасьлядоўна выступаюць супраць павышэньня падаткаў беспасярэдне з грамадзянаў. На думку рэспандэнтаў, рост падаткаў адаб’ецца на спажыўцах. Рэзэрвам для павелічэньня пэнсійнага фонду прадстаўнікам ўсіх ўзроставых груп бачацца сродкі зь дзяржбюджэту, скарачэньне выдаткаў на войска, сілавыя структуры, міліцыю, будаўніцтва спартовых аб’ектаў, будоўлю аграгарадкоў і адміністрацыйны апарат, і барацьба з карупцыяй.

Канфлікт пакаленьняў

Пра дзяржаўную пэнсію як пра недастатковую, але неабходную крыніцу даходу, гаворыць бальшыня беларусаў (65,9%). На яе людзі разьлічваюць ў любым разе — «дзяржава ўсё адно яе выплаціць» — і ня хочуць ад яе адмаўляцца. Адным з асноўных спосабаў забясьпечыць сабе даход ад пэнсіі беларусы лічаць працяг працы ці падпрацоўку пасьля надыходу пэнсійнага ўзросту. Апроч таго, дадатковымі крыніцамі даходу на пэнсіі выступаюць такія традыцыйныя яго формы, як даход з прысядзібнае дзялкі й дапамога дзяцей.

Аднак дзяржаўная пэнсія ня ўсімі ўспрымаецца, як адзіная магчымасьць. Так, у адрозьненьне ад старэйшага пакаленьня, якое часьцей спадзяецца на гэтую даволі мізэрную крыніцу даходу, пакаленьне 18—24‑х гадовых мае ўласныя жыцьцёвыя стандарты прыбытку і імкнецца да іншага ладу жыцьця. Невялікі пакуль адсотак маладых людзей бачыць сваю будучыню ў банкаўскіх ашчаджэньнях. Група людзей, што робяць ашчаджэньні да пэнсіі, пакуль налічвае 12,5%. Да іх адносяцца найперш асобы з вышэйшай адукацыяй, работнікі недзяржаўнага сэктару і прадстаўнікі групы з высокім даходам.

Жывуць адным днём

Неабходна адзначыць, што ва ўсіх узроставых групах ёсьць стабільны сэгмэнт (да 20%), арыентаваны на бягучае спажываньне. Пэўны ўплыў на прычыны неахвоты рабіць дадатковыя пэнсійныя адлічэньні мае эканамічнае становішча работніка. Тыя, хто мае нізкі даход, ня хочуць адкладаць грошы менавіта з тае прычыны, што ня маюць на гэта сродкаў. Асабліва гэта характэрна для больш маладых груп — тых, у каго даход ніжэйшы, а пэрспэктыва пэнсіі аддаленая. Блізка чвэрткі работнікаў ня хоча рабіць пэнсійных адлічэньняў проста таму, што мяркуюць, што іх будучая пэнсія ня будзе залежаць ад таго, ці рабілі яны выплаты цягам працоўнай дзейнасьці.

Пэрспэктывы рэформаў

Фармальна наша пэнсійная сыстэма дазваляе рабіць дадатковыя адлічэньні, аднак, згодна з заявамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, з гэтага карыстаецца нязначны адсотак беларусаў. Згодна апытаньня, 40% рэспандэнтаў дэкляруюць такое жаданьне, але большасьць работнікаў па‑ранейшаму ня ведаюць і не ўспрымаюць магчымасьцяў беларускай пэнсійнай сыстэмы як рэальных і гарантаваных пэрспэктываў укладаньня сродкаў. Па меры росту кампэтэнтнасьці доля тых, хто гатовы рабіць адлічэньні ў дзяржаўны банк, скарачаецца, а ўзрастае доля прыхільнікаў ашчаджэньня ў прыватных беларускіх банках. Група, якая мае веды і досьвед, частку адлічэньняў пакладзе ў дзяржаўны, а частку — у прыватны пэнсійны фонд.

У залежнасьці ад стаўленьня да рынкавых рэформаў дасьледчыкі падзялілі апытаных на рыначнікаў, патэрналістаў і нявызначаных. Першыя лічаць сытуацыю нестабільнай і гатовыя рабіць пэнсійныя зьбераганьні па‑за сыстэмай дзяржаўных інстытуцыяў. Патэрналісты разьлічваюць на дзяржаўную пэнсію і ня робяць крокаў да ўтварэньня дадатковых адлічэньняў. Яны бачаць выйсьце ва ўзмацненьні ролі дзяржавы і зьніжэньні ўзроўню інфляцыі. Нявызначаныя, хоць і хацелі б, каб дзяржава забясьпечвала пэнсіі, але ва ўмовах, калі іх надзеі не рэалізуюцца, дзейнічаюць у рамках цяперашняй сыстэмы, каб забясьпечыць сабе жыцьцё на пэнсіі. У старэйшым веку яны арыентаваныя на дадатковыя ашчаджэньні, і больш за іншых робяць зьберажэньні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?