Дзясяткі ўплывовых прадстаўнікоў мусульманскай супольнасці Францыі і прэм'ер-міністр краіны Мануэль Вальс заклікалі да прасоўвання ідэй асноўнай плыні ісламу і да барацьбы з радыкалізацыяй маладых мусульман у Францыі.

Звароты да грамадзян былі апублікаваныя ў панядзелак у газеце Journal du Dimanche (JDD) у сувязі з забойствам святара ісламскімі экстрэмістамі на мінулым тыдні.

usherald.com

І прэм'ер-міністр Вальс, і вядомыя мусульмане Францыі ў сваіх заявах адводзяць ключавую ролю ў барацьбе з радыкалізацыяй фонду, заснаванаму ў 2005 годзе. Аднак як менавіта ён будзе супрацьстаяць гэтай пагрозе, не паведамляецца.

У сваім артыкуле ў JDD Вальс заявіў, што французская дзяржава павінна пазбягаць «якога б там ні было патэрналізму» ў адносінах да ісламу, аднак падкрэсліў «настойлівую неабходнасць дапамагчы ісламу ў Францыі пазбавіцца тых, хто разбурае яго знутры».

«Калі іслам не дапаможа рэспубліцы ў барацьбе супраць тых, хто кідае выклік грамадскім свабодам, рэспубліцы будзе цяжэй гарантаваць свабоду веравызнання», — папярэдзіў Вальс.

У сумеснай заяве мусульман, падпісанай прадпрымальнікамі, юрыстамі і навукоўцамі, гаворыцца: «Мы павінны выказацца, таму што іслам стаў грамадскай праблемай, і бягучая сітуацыя недапушчальная».

Яны заклікалі да культурнай барацьбы супраць радыкальнага ісламізму сярод моладзі. На іх думку, яна павінна ўключаць у сябе празрыстае фінансаванне мячэцяў, належную падрыхтоўку і зарплату для імамаў, а таксама тэалагічную працу.

У панядзелак кіраўнік МУС Францыі Бернар Казнёў паведаміў, што са снежня мінулага года ўлады краіны закрылі каля 20 мячэцяў, у якіх прапаведаваўся радыкальны іслам.

Па словах Казнёва, у краіне налічваецца каля 2500 мячэцяў і малельных залаў, прыкладна ў 120 з якіх прапаведуецца салафія — радыкальны кірунак у суніцкім ісламе.

Тым часам двое членаў апазіцыйнай правай партыі рэспубліканцаў Эрык Чыяці і Крысціян Эстразі абвінавацілі Мануэля Вальса ў крывадушнасці за няздольнасць прадухіліць будаўніцтва мячэці, якое фінансуецца Саудаўскай Аравіяй, у Ніцы. У Еўропе растуць асцярогі з нагоды ўплыву ультракансерватыўнай вахабіцкай плыні ісламу — пануючай дактрыны ў Саудаўскай Аравіі.

На мінулым тыдні прэм'ер-міністра Францыі асвісталі на жалобным мерапрыемстве ў памяць аб ахвярах тэракту ў Ніцы, які забраў жыцці 84 чалавек

Раней лідар апазіцыі і былы прэзідэнт Нікаля Сарказі раскрытыкаваў дзеянні ўрада ў сувязі з нападам. На думку Сарказі, урад Вальса не здолеў забяспечыць бяспеку грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?