Барысаўскі БАТЭ бясслаўна сканчвае выступленні ў Лізе чэмпіёнаў. 2 жніўня яны без шанцаў саступілі ірландскаму «Дандалку» – 0:3.

Пачатак гульні не анансаваў ніякіх цяжкасцяў для беларусаў. Яны ў асалоду валодалі мячом, але зусім не стваралі моманты. Першы ж матч скончыўся з лікам 1:0 на карысць нашай каманды. «Дандалк» не імкнуўся адразу браць быка за рогі.

Выбух адбыўся на 43-яй хвіліне, калі Палякоў на імгненне згубіў форварда ірландцаў Макмілана і той галавой адкрыў лік. У другім тайме, калі БАТЭ пабег забіваць, «Дандалк» яшчэ раз скарыстаў свой шанец у контратацы. Гол галавой зноў на рахунку іх найлепшага бамбардзіра Макмілана.

БАТЭ трэба быў толькі адзін гол, але нават яго прыдумаць хлопцы Ермаковіча не змаглі. Хутчэй «Дандалк», які акрыяў пасля двух галоў, мог забіць яшчэ мячы тры. У БАТЭ быў хіба што стрэл Рыаса міма, а таксама ўдар Гардзейчука ў рукі брамніка.

На 90-ай хвіліне Бэнсан уцёк адзін на адзін з Верамко і ўсталяваў выніковы лік – 3:0. Чорны дзень для беларускага футбола.

Цяпер БАТЭ яшчэ паспрабуе прабіцца ў групавы этап Лігі Еўропы. Для гэтага ім трэба будзе перамагчы суперніка, якога вызначыць лёсаванне, у плэй-оф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?