Фота s1.1zoom.ru.

Фота s1.1zoom.ru.

Міжнародная група навукоўцаў правяла маштабнае даследаванне таго, як крыніца харчовых бялкоў ўплывае на працягласць жыцця чалавека. Для гэтага яны вывучылі дадзеныя пра здароўе і харчаванне больш чым 170 тысяч чалавек.

Добраахвотнікі кожныя чатыры гады запаўнялі падрабязныя апытальнікі пра тое, якія менавіта прадукты яны спажываюць і як часта гэта робяць. Кожныя два гады яны праходзілі дэталёвы медагляд. Збор дадзеных доўжыўся больш за 25 гадоў, за час даследавання памерла больш за 36 тысяч удзельнікаў, прычыны смерці таксама дакументаваліся.

Высветлілася, што высокі ўзровень спажывання жывёльных бялкоў — мяса, яек або малочных прадуктаў — слаба звязаны з павелічэннем узроўню смяротнасці. У той жа час высокае спажыванне раслінных бялкоў — хлеба, круп, макаронных вырабаў, бабовых, арэхаў — паказала больш нізкі ўзровень смяротнасці.

Больш пільны аналіз паказаў, што сувязь спажывання жывёльнага бялку з павышанай рызыкай смяротнасці прыкметная толькі ў тых, хто мае хоць бы адну прыкмету нездаровага ладу жыцця: пакутуе ад атлусцення або недахопу вагі, курыць, злоўжывае алкаголем або вядзе маларухомы лад жыцця. Для тых, хто вядзе здаровы лад жыцця, такой сувязі няма.

«Вынікі нашай працы паказваюць, што людзям варта задумацца пра тое, каб ужываць больш раслінных бялкоў, — распавёў кіраўнік даследавання Мінян Сун. — У выпадку выбару крыніцы жывёльных бялкоў, курыца і рыба могуць стаць найлепшым рашэннем».

Раней навукоўцы паведамлялі аб тым, што некаторыя віды мяса з'яўляюцца канцэрагенам для чалавека. Чырвонае мяса — ялавічына, свініна, бараніна і каніна — эксперты ацанілі як «імаверна канцэрагенныя для чалавека». Перапрацаванае мяса — каўбасу, вяндліну, сасіскі і бекон — спецыялісты класіфікавалі як прадукты, канцэрагенныя для чалавека. Эксперты падлічылі, што 50 грамаў перапрацаванага мяса ў дзень (менш двух лустачак бекону) павялічваюць рызыку коларэктаральнага рака на 18%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?