Пагадненне аб уключэнні аўтаадказнікаў (транспондараў) пры палётах ваенных самалётаў над Балтыйскім морам праблем з бяспекай не вырашыць.

Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, перадае Delfi.lt.

Паводле яго слоў, расійскія знішчальнікі ўсё роўна будуць працягваць небяспечныя манеўры ў рэгіёне.

Як адзначыў міністр, Літва разам з саюзнікамі разгледзіць і абмяркуе прапанову Расіі, аднак, як і іншыя абяцанні і заклікі Масквы, яе трэба ацэньваць не па словах, а канкрэтнымі крокамі Расіі.

«Расія апошнім часам практычна ніяк не спрыяла ўмацаванню ваеннага даверу», — адзначыў літоўскі міністр.

«Расія адмовілася ўвесці жывую сувязь (гарачую лінію) паміж памежнымі пастамі для тлумачэння неаўтарызаваных палётаў самалётаў. Я прапаноўваў гэта зрабіць яшчэ ў 2002 годзе свайму тагачаснаму калегу Сяргею Іванову», — успамінае кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Літвы.

«Нягледзячы на тое, што Расія жадае абмеркаваць выкліканыя ваеннай дзейнасцю рызыкі, варта адзначыць, што менавіта дзеянні Расіі гэтую рызыку і ствараюць, менавіта яна сама рэгулярна небяспечна манеўруе сваімі знішчальнікамі паблізу ваенных караблёў НАТА ў Балтыйскім моры, нават стварае пагрозу палётам грамадзянскай авіяцыі», — падкрэсліў ён.

«Так, аднымі ўключанымі транспондарамі пытанне бяспекі не вырашыць, калі расійскія пілоты і ў далейшым не будуць прытрымлівацца рэкамендацый бяспечнай авіяцыі, паводзіць сябе безадказна і правакацыйна», — падкрэсліў Лінкявічус.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0