07.08.2016 / 23:11

Беларуская Шамбала. Як мастак і пісьменнік Артур Клінаў стварае ў Каптарунах арт-вёску  16

Каптаруны — маленькая вёска Пастаўскага раёна, насельніцтва якой, згодна Вікіпедыі, складае 6 чалавек. Менавіта ў гэтай глушы тры гады таму мастак і пісьменнік Артур Клінаў купіў хутар. Яшчэ праз нейкі час — другі. Галоўны рэдактар часопіса «pARTisan« хоча стварыць у Каптарунах арт-вёску.

У пошуках хаты за горадам Артур Клінаў прыехаў у Каптаруны. Амаль пустое паселішча, старыя яшчэ дарэвалюцыйныя дамы, памежная тэрыторыя — за лесам Літва, літоўскія мабільныя аператары дабіваюць лепш за беларускія… І яшчэ — неймаверныя краявіды.

Ландшафты і схілілі мастака да рашэння, каб з дзясятка месцаў выбраць гэта амаль бязлюднае паселішча за 190 км ад Мінска.

Каптаруны заварожваюць вока яшчэ на пад’ездзе. За 100 метраў ад указальніка — возера; ускраек краявіду ўпрыгожвае драўляны сухастой, балота. Пейзаж дзікі, трошкі трывожны, але фантазійны і натхняльны.

* * *

— Каптаруны — гэта наша Шамбала, — сустракае мяне ў сваіх «ўладаннях» пісьменнік. — Месца сілы. Вы адчулі? — аўтар «Шалома» і «Шклатары» гасцінна прапануе правесці па ваколіцах экскурсію. Момант сустрэчы «на краю зямлі» з вядомым стваральнікам канцэпцыі «Горада СОНца» — гэта той яшчэ квэст.

— Апошнія тры гады рэалізоўваю сабе тут як прараб, — распавядае Артур Клінаў пра свае жыццё-быццё, шпацыруючы па вуліцы, — «Іграю» ўжо на ўсіх будаўнічых інструментах: бензапіла, «балгарка», шрубакрут… Прыйшлося авалодаць усімі магчымымі прыладамі працы. Пэўны досвед працы рукамі заўжды быў — прывык мець справу з інсталяцыямі, — але цяпер гэты навык выйшаў ужо на новы якасны ўзровень, — дзеліцца вядомы арт-дзеяч. — Прыйшлося пазнаёміцца з усім цыклам будаўніцтва: ад закладкі падмурку да пракладкі вадаправоду. 

Галоўны рэдактар часопіса «pARTisan» у якасці пана-гаспадара выглядае, прызнацца, даволі нечакана. Нічога неардынарнага ў абліччы: спадар Артур апрануты ў байку і джынсы. Але справа, вядома, у адчуванні. Заўважна, што мастаку падабаецца знаходзіцца тут і паказваць тое, што ўжо зроблена, распавядаць пра будучыя планы. 

Ідзём знаёміцца з суседзямі. Аказваецца, у Каптарунах ужо стварылася мастацкае «кам’юніці»: архітэктар Андрэй Каравянскі, выдавец Ігар Логвінаў, праваабаронца Алена Танкачова набылі дамы ў вёсцы і жывуць на адной вуліцы. (Праўда, варта адзначыць, што гэта вуліца ў вёсцы ўсяго адна.)

— Вось тут у альтанцы Ігара Логвінава ладзіўся арт-фестываль «ХранатопЬ. Абнуленне», — паказвае невялічкую прастору спадар Артур. — Такая імправізаваная зала і маленечкая сцэна. Цяпер усё разбіраецца, але пад час імпрэзы было вельмі ўтульна.

Сустрэцца з гаспадарамі хат, на жаль, не атрымліваецца. Кагосьці не было дома, хтосьці адпачываў. Аднак заўважаю партрэты Радзівілаў, што ўпрыгожваюць сцены ў доме Ігара Логвінава.

— Вы іх сустрэнеце і ў мяне, — прызнаецца мастак. — Гэта тыя рэпрадукцыі, што былі задзейнічаны ў «Масакры» (нагадаю, што на фільме Андрэя Кудзіненкі Артур Клінаў працаваў мастаком карціны – Д.А.): яны аздаблялі палац Чацвярцінскіх у Жалудку, дзе адбываліся здымкі. Як бачыце, папулярныя цяпер у Каптарунах.

* * * 

Насамрэч, мастак, знаёмячы з суседзямі, распавядае не толькі пра сваё атачэнне, але і паказвае патэнцыял будучай арт-вёскі, у якую мой візаві патроху Каптаруны ўжо пераўтварае.

— Летась мы правялі тут пленэр-фестываль скульптуры, і вось гэтая саламяная брама — акурат яе плён, — Артур Клінаў паказвае на шыкоўныя весніцы з саломы, што звяртаюць на сябе ўвагу на падворку. — А вось гэты твор — нядаўні падарунак Паўла Вайніцкага. Планую, каб тут паўстаў парк скульптур, — раскрывае задуму мастак.

 — Нават не проста арт-вёску, а хацелася б стварыць тут крэатыўны кластар, — удакладняе ён сваю канцэпцыю new-Каптаруноў. — Каб тут сяліліся сем’і, ладзіліся самыя розныя падзеі. Пленэры, літаратурныя, перакладчыцкія праекты, кінафестывалі, арт-рэзідэнцыі… Міжнароднага фармату. Бо гістарычна гэта тэрыторыя — прастора скрыжавання чатырох культур: літоўскай, польскай, беларускай і габрэйскай. У тых жа Лынтупах раней насупраць касцёла стаяла сінагога… Гэты былы Віленскі край. І варта выкарыстоўваць яго патэнцыял.

Мінаючы чарговую пустую хату насупраць ажылых хутароў, набытых сталічнай інтэлігенцыяй, адзначаю, што, на жаль, навідавоку заняпад не толькі Віленскага краю, але і вёскі: нікога амаль не відаць. Сумна бачыць пакінутыя сялібы, зарослыя хмызняком.

Артур Клінаў пагаджаецца: у Каптарунах жылыя дзве хаты. Пасля падзелу Савецкага Саюза большая частка насельніцтва вёскі аказалася ў Літве, распавядае мне пісьменнік. Папросту камунікацый з ёй аказалася больш: да Лынтупаў — 10 кіламетраў, а да літоўскіх Свянцян — 4. Тым больш, у Свянцянах школа. Таму і стаяць пустыя не толькі Каптаруны, а і бліжэйшыя Вялічкі, Рынк’яны…

— Едзеш па іх, бачыш: адна хата правалілася, другая вось-вось абрынецца, трэцяя яшчэ жывая, але трэба тэрмінова ратаваць… — распавядае Артур Клінаў. — Пустая вакол тэрыторыя. А з іншага — вельмі прыгожая. Прыродны патэнцыял, культурны, паўтаруся, тут вялікі.

— Вядома, мы спадзяёмся на супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі, — дзеліцца думкамі мастак. — Бо гэты праект іміджавы і выгодны ўсім: будучыя працоўныя месцы для мясцовага насельніцтва, прывабнасць рэгіёну для інвестараў, ды, увогуле, культурны і турыстычны пункт. Ці не так? 

Тым больш, прыклады падобных ініцыятыў ужо маюцца ў Еўропе. Тая ж вёска Эміра Кустуруцы Дрвенград, якая прываблівае людзей з усяго свету, слынная цікавостка Сербіі. Можна нават сказаць, што Каптарунам пашчасціла з Артурам Клінавым. Бо калі ў мастака ўдасца, мяркую, можна будзе казаць аб прэцэдэнце.

Нарэшце, падыходзім да хутара галоўнага беларускага арт-партызана. Адразу прыцягвае позірк веранда, на якой стаяць два крэслы і вялізная бочка ў якасці стала. Від з альтанкі адкрываецца цудоўны: лінія дрэваў на гарызонце і невялічкая сажалка перад імі.

— У ёй можна купацца? — пытаюся.

 — Можна, але там бабры водзяцца. 

Высвятляецца, што невялічкі будынак побач — дзейная лазня.

— Ну, тут ужо дапамагалі адмыслоўцы, — адказвае мастак на пытанне «аўтарства» лазні. — У суседнім памяшканні планую зрабіць майстэрню, а ў недалёкіх планах — арт-кавярню.

Заўважна, што пісьменнік шчыра захапіўся справай будоўлі, і праект арт-вёскі для яго накшталт новага твору.

— Ну, так, — пагаджаецца ён, — хочацца, каб гэта была арт-вёска ва ўсіх дэталях. Той жа дом не як звычайны зруб, а як арт-аб’ект. Каб чалавек трапляў у месца, і разумеў, што гэта творчая прастора. Хоць гэты працэс рэнавацыі такі бясконцы, такая інтэнцыя ёсць адназначна.

Заходзім у дом, і прастора гасцёўні ўражвае памерамі і дэталямі.

— Так, столь рабіў як на Вавелі, — хваліцца гаспадар, — ёсць печка, гарачая вада, усе камунікацыі.

— А вось і знаёмыя Радзівілы… — пазнаю партрэты з «масакраўскай» калекцыі. 

— Мне хацелася, каб гэта быў не звычайны хатні пакой, а сапраўдная гасцёўня, — падкрэслівае мастак, бачачы маю рэакцыю на шыкоўную драўляную барную стойку і піяніна.

Ідзём на другі паверх.

— Вось тут удалося зрабіць такую светлую прастору. Ёсць і спальныя месцы, і тэрыторыя працоўнага кабінета, — паказвае на стол з камп’ютарам мой візаві. — За вокнамі — веранда, яе, вядома, першапачаткова не было. Можна сказаць, яна — прадмет асобнага гонару. Колькі хмызняку прыйшлося высекчы, намучыцца, але цяпер можна піць гарбату з відам.

Атрымліваецца, што ў доме ўжо дзве веранды: ніжняя і верхняя. Калі прыходзім на гасцявы хутар, Артур Клінаў таксама прэзентуе новенькую веранду на другім паверсе. Разумею, што адкрытыя альтанкі, — гэта слабасць мастака.

— Ведаеце, — прызнаецца ён, — у мяне ёсць ідэя і плывучай альтанкі, каб можна было яе спусціць на ваду і плаваць. На першым паверсе — майстэрня, на другім — месца для адпачынку. Пакуль, на жаль, яшчэ не рэалізаваў.

— Увогуле, планую тут прапісацца, — «разыходзіцца» мастак, — у Мінску не ведаю што рабіць, шчыра кажучы. А тут — майстэрня, пісаць можна, сям’я. Тут і ўзімку вельмі прыгожа, — кажа Клінаў. — Печка ў доме ёсць, лазня ёсць, асноўныя камунікацыя — усё ёсць. Нават інтэрнэт, праўда, пакуль што літоўскі, але маецца.

Мастак зазначае, што гэта несправядліва, калі большасць культурных падзей адбываюцца ў Мінску. І трэба браць за прыклад еўрапейскую практыку, калі ў маленькіх гарадах ладзяцца вялікага памеру фестывалі.

— Чаго там сядзець на галовах у сталіцы! І для творчасці тут больш спрыяльныя ўмовы, чым у тых хмурных спальных раёнах Мінску, — падкрэслівае гаспадар.

— Не здзіўлюся, калі і ваш новы літаратурны твор будзе пра Каптаруны, — прапаную я.

— Па шчырасці, вы пацэлілі, — прызнаецца пісьменнік. — Я ўжо пачаў пісаць сёлета раман, дзе падзеі адбываюцца ў малым мястэчку. Містычна-дэтэктыўная гісторыя. Наш такі беларускі Твін Пікс. 

— Страшная?

— Я планаваў яе як сур’ёзны твор, але атрымаецца штосьці блізкае да «Шалома». Неяк асяродак падштурхоўвае — штосьці кшталту «хто забіў касірку Зіну?», — жартуе пісьменнік. — За тры гады абжыўся тут, ведаю мясцовы нюансы. Характары, умоўна кажучы, бяру з натуры. Твор будзе называцца «Локісаў». Бо менавіта тут знаходзіцца тэрыторыя Локіса, графа-перэваратня, гісторыю якога апісаў Праспэр Мэрымэ ў сваёй навеле «Локіс». Мой раман будзе іншым, але тутэйшая легенда выкарыстоўваецца.

Як толькі размова заходзіць пра мясцовыя легенды і паданні, на парозе раптам з’яўляецца краязнаўца Алесь Гарбуль. І распавядае не толькі пра браму Локіса пад Лынтупамі, але і пра бліжэйшыя месцы сілы ў ваколіцах. Але гэта ўжо, відаць, тэма для асобнага матэрыялу.

Каптаруны зацягваюць на сваю арбіту. Ужо 20—21 жніўня ў вёсцы плануецца Міжнародны літаратурны фестываль «Каптаруны». А толькі на днях распачаўся пленэр экалагічнай скульптуры з тэмай прыбіральні.

І ўсё гэта за 190 кіламетраў ад Мінску. Ці далёка для беларускай Шамбалы?

Дар’я Амяльковіч, фота аўтара

0
Макс Дизайнер / Адказаць
07.08.2016 / 23:26
Все правильно Артур сделал. Рыба, вода, вечное отсутствие солнца. Такие условия кого хочешь закалят. Солярий докупить, и можно помирать с такими краявидами.
0
Зритель / Адказаць
08.08.2016 / 00:02
Офигеть. Никогда не думал, что эта деревня будет жить. Думал, что если дед Мамчиц помрет, то все, кранты. Как он там? Почему про него не написали? Очень интересный человек.
0
фцф / Адказаць
08.08.2016 / 00:18
Ідэя добрая, але колькі сілаў і грошай на яе трэба! І жыцьця - таксама...
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру