Кампанія Moon Express атрымала магчымасць стаць першай прыватнай кампаніяй, якая адправіць касмічны апарат на Месяц, — урад ЗША ў сераду ўхваліў праект місіі.
techcrunch.com
«Толькі тры супердзяржавы высаджваліся на якую-небудзь планету — мы станем чацвёртай супердзяржавай», — паабяцаў сузаснавальнік кампаніі Навін Джэйн у інтэрв'ю. Ён спадзяецца, што пасадку ўдасца здзейсніць ужо ў 2017 годзе.
Кампанія Moon Express, якая базуецца ў Фларыдзе, спадзяецца выйграць конкурс на высадку першага ў свеце прыватнага месяцахода — Google Lunar X-Prize, прызавы фонд якога складае 30 млн даляраў.
Прыз будзе ўручаны кампаніі, якая зможа першай пасадзіць касмічны апарат на Месяц. Па ўмовах конкурсу, апарат павінен праехаць 500 метраў па паверхні Месяца і перадаць відэа ў высокай якасці назад на Зямлю.
Заяўку на ўдзел у цяперашні час падалі 16 кампаній, некалькі з іх таксама плануюць запуск на 2017 год.
Рэгулюючыя органы ЗША ўпершыню выдалі ўхвалу для прыватнай місіі, якая выходзіць за межы калязямной арбіты.
Да гэтага камерцыйныя кампаніі ў асноўным запускалі спадарожнікі, а ўсе спецыялізаваныя прыватныя місіі, напрыклад, дастаўка грузаў на касмічную станцыю, кантраляваліся НАСА.
Амерыканскае заканадаўства аказалася не гатовым да праекта кампаніі, і дазвол для Moon Express пакуль носіць індывідуальны характар.
Аднак палітыкі ў ЗША ўжо актыўна працуюць над законапраектамі, якія рэгулююць падобныя місіі, піша выданне Verge.
Неабходнасць у падобным заканадаўстве ў бліжэйшы час, відавочна, узрасце: кампанія SpaceX ужо абвясціла аб планах адправіць касмічны карабель на Марс у 2018 годзе, а Bigelow Aerospace хоча да 2020 года запусціць праект касмічных гатэляў.