Эксперт Андрэй Чупрынскі не прызнаў фатаграфіі паўночнага ззяння, якія зрабіў блогер Антон Матолька, вынікам творчай дзейнасці. Калі суд прыме рашэнне на падставе гэтай экспертызы, атрымаецца, што на фота не распаўсюджваецца закон аб аўтарскім праве, і Белтэлерадыёкампанія не парушала нічыіх правоў, выкарыстаўшы іх без папытання.

Размешчаны на канале «Беларусь 1» фотаздымак без подпісу. Скрыншоты з блога Антона Матолькі

Нагадаем, фатограф і блогер звярнуўся ў суд пасля таго, як тэлеканал «Беларусь 1» выкарыстаў у выпуску навінаў дзве яго фатаграфіі паўночнага ззяння. Падчас папярэдняга пасяджэння суд звярнуўся да эксперта, каб вызначыць, ці з'яўляюцца фатаграфіі, пра якія ідзе спрэчка, аб'ектам аўтарскага права і ці валодаюць прыкметамі творчай навізны і арыгінальнасці.

У сваім заключэнні эксперт супрацьпастаўляе фотамастацтва фотажурналістыцы, мэтай якой з'яўляецца канстатацыя фактаў, і камерцыйнай фатаграфіі, якая выкарыстоўваецца для рэкламы тавараў і паслуг.

На думку эксперта, фотаздымка сітуацыі, прыродных з'яў, якія хутка змяняюцца, такіх як маланка, зацьменне, вясёлка і паўночнае ззянне, прыраўноўваецца да падзейнай здымкі і фіксуе факт той ці іншай з'явы. Андрэй Чупрынскі лічыць, што падчас здымкі такой прыроднага з'явы ў фатографа няма часу абраць найбольш выгадны ракурс, наладзіць камеру, усталяваць штатыў і прымяніць іншыя сродкі, каб рэалізаваць творчую задуму.

Прааналізаваўшы тэхнічныя параметры фотакамеры Антона Матолькі і тое, што здымка вялася ва ўмовах нізкай асветленасці, эксперт заключыў, што ў фотаздымкаў невысокая якасць. Гэта, на яго думку, запатрабавала далейшай камп'ютарнай апрацоўкі фатаграфій.

У кампазіцыі, піша эксперт, «бачныя практычныя навыкі працы з апаратурай», але «недастаткова выяўлены індывідуальны почырк і не выкананы закон мастацкай навізны». Эксперт лічыць, што фатаграфіі проста канстатуюць падзею, бо не былі ўжытыя элементы мастацкай творчасці, напрыклад, фільтры.

У заключэнні сказана, што фатаграфіі не з'яўляюцца пастановачнымі, а маюць прыкладное значэнне і фіксуюць прыродную з'яву. Пры гэтым фатограф «выкарыстаў стандартны набор тэхнічных функцый фотакамеры» і «мінімальны пакет опцый графічнага рэдактара Adobe Photoshop». У сувязі з гэтым эксперт робіць выснову, што фатаграфіі не з'яўляюцца якасна новымі па жанры, задуме, канцэпцыі і сюжэце, не валодаюць прыкметамі творчай навізны і арыгінальнасці, а таксама не маюць прыкмет рэдагавання.

Адна з фатаграфій, з-за якіх разгарэўся канфлікт. З сайта: motolko.com

Андрэй Чупрынскі — кінааператар, загадчык кафедры кiнатэлеаператарства факультэта экранных мастацтваў Акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, член Беларускага саюза кінематаграфістаў з 19-гадовым стажам працы ў спецыяльнасці.

— Эксперт у сваім заключэнні зводзіць усё да таго, што практычна любая рэпартажная фатаграфія не з'яўляецца аб'ектам аўтарскага права, а гэта будзе азначаць, што іх можна браць без папытання. Гэта няправільна, — лічыць Антон Матолька.

Ён збіраецца аспрэчваць такое рашэнне і падаваць хадайніцтва аб паўторнай экспертызе. Для гэтага ён шукае не менш тытулаванага незалежнага эксперта.

Нагадаем, кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі лічыць патрабаванні Матолькі неабгрунтаванымі. Тэлевізійшчыкі растлумачылі, што, згодна з законам, размешчаныя ў інтэрнеце творы могуць быць перададзеныя ў эфір электроннымі СМІ ў выпадку, калі «такія дзеянні не былі спецыяльна забароненыя аўтарам».

Антон Матолька сцвярджае, што забарона на выкарыстанне яго фатаграфій без дазволу размешчаная ў профілі блога. Ён заявіў таксама, што яго працы не знаходзяцца ў адкрытым доступе ў інтэрнэце.

Першапачаткова Антон Матолька патрабаваў у Белтэлерадыёкампаніі выплаціць яму ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды 20 млн рублёў. Аднак падчас слуханняў блогер заявіў, што яму будзе дастаткова кампенсацыі ў 1 рубель, за кожную фатаграфію ён патрабуе заплаціць па дзесяць базавых велічынь — усяго 420 рублёў (4,2 мільёна старымі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?