Вакол Мірскага замка знойдзеныя ўнікальныя прадметы, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Тут і ніжэй фота прэс-службы НАН Беларусі

У Карэліцкім раёне побач з Мірскім замкам упершыню праводзяцца археалагічныя пошукі на месцы, дзе калісьці быў размешчаны палац Святаполк-Мірскіх канца XIX стагоддзя. Работы вядуцца пад кіраўніцтвам старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Ірыны Ганецкай. Нечакана даследчыкі знайшлі фрагменты будынка канца XVI — пачатку XVII стагоддзя, якога няма ні на адной гістарычнай карце.

У працэсе работы выяўлены цэлы шэраг важных археалагічных прадметаў. Так, знойдзеныя фрагменты кафлі, чарапіцы, сталовай керамікі, а таксама цэгла-пальчатка, якая датуецца XVI-XVII стагоддзямі.

Расчышчаны падмурак былога дома кіраўніка XIX стагоддзя, а таксама лесвіца. Як распавяла Ірына Ганецкая, дадзеная лесвіца, імаверна, знаходзілася ўнутры памяшкання. Зыходзячы з планаў будынка пачатку ХХ стагоддзя, палац быў крыжападобнай сіметрычнай формы: галоўны корпус выцягнуты, а з двух бакоў стаялі прыбудовы. Гэтая лесвіца, хутчэй за ўсё, і з'яўляецца часткай адной з іх. Палац Святаполк-Мірскіх вырас, як цяпер аказалася, на больш старажытным падмурку.

У цяперашні час археолагамі вывучаная тэрыторыя больш чым у 200 кв.м.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў сёння падчас знаёмства з вынікамі раскопак падкрэсліў важнасць праводзімых археалагічных работ і іх значэнне для захавання гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа.

Дадзеныя археалагічныя працы з'яўляюцца першым крокам у рэалізацыі падпісанай у снежні 2015 года дамовы аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і музеем «Замкавы комплекс «Мір».

Замкавы комплекс «Мір» — унікальны помнік нацыянальнай культуры Беларусі. У 2000 годзе Мірскі замак быў уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?