05.08.2016 / 15:10

Юрась Губарэвіч: У кастрычніку я буду вылучацца на cтаршыню Руху «За Свабоду» 14

Намеснік Старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч тлумачыць, чаму Захад ужо не настолькі «строгі» да афіцыйнага Мінска, і распавядае, як з-за вылучэння Таццяны Караткевіч развалілася кампанія «Народны рэферэндум». А таксама тлумачыць, чаго хоча дасягнуць, удзельнічаючы ў «парламенцкіх выбарах»?

Фота радыё «Рацыя».

«Немагчыма выйграць Алімпіяду, калі не рыхтавацца і не трэніравацца».

Губарэвіч: Рана ці позна ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя выбары, на якіх будуць сумленна лічыць галасы. Выбары можна параўнаць са спартыўнымі спаборніцтвамі – немагчыма выйграць Алімпіяду, калі не рыхтавацца і не трэніравацца. На тых будучых дэмакратычных выбарах канкурэнцыя будзе яшчэ больш жорсткая, чым цяпер.

І гэта разумее не толькі апазіцыя, але і ўлада. Кандыдатам ад уладаў раней было дастаткова проста прыносіць свае дакументы, іх адразу рэгістравалі, іпраз месяц выдавалі дэпутацкія мандаты. А зараз іх «выганяюць у поле» – яны стаяць у пікетах, ходзяць па кватэрах, збіраюць подпісы. Бо яны разумеюць, што ва ўмовах дэмакратычных выбарах ніхто ім не падорыць дэпутацкае месца, за яго трэба будзе змагацца. Тым больш гэта павінна разумець і апазіцыя. І хаця мы цудоўна ведаем, па якіх правілах праходзіць цяперашняя кампанія – мы павінны умець выконваць выбарчыя працэдуры, рыхтаваць свае каманды, быць у сталым кантакце з выбарцамі, жыць іхнімі праблемамі – толькі ў гэтым выпадку можна дасягнуць поспеху.

Мая асабістая гісторыя сведчыць пра тое, што «цуды здараюцца». Нават ва ўмовах цяперашняй палітычнай сістэмы можна перамагаць. Маю на ўвазе свой досвед 2003 году, калі я стаў дэпутатам і намеснікам старшыні Белаазёрскага гарадскога Савету. Мы тады пайшлі на выбары камандай, і здолелі ўзяць большасць у гарсавеце.

— Чым для вас стаў этап збору подпісаў? Ці атрымалі вы той водгук ад насельніцтва, які чакалі?

Губарэвіч: Узровень апатыі насельніцтва досыць высокі, і ён павялічваецца ад кампаніі да кампаніі. Бо людзі разумеюць, што гэта несумленная гульня, і яе фінал прадказальны. Аднак, што мяне здзівіла падчас гэтых выбараў — гэта крытычна нізкі ўзровень даверу да існуючай улады. Выбарцы не вераць, што цяперашняя каманда здольная нешта змяніць. Адчуваюць на сябе эканамічны крызіс, але бачаць, што ўлада не можа з ім справіцца.

Таксама вельмі адчувальная розніца паміж Мінскам і рэгіёнамі. Разам з іншымі лідарамі нашай правацэнтрысцкай кааліцыі я наведваў шэраг рэгіёнаў краіны, мы падтрымлівалі там нашых кандыдатаў. Дык вось адно з адкрыццяў гэтай кампаніі: калі раней Мінск быў самым пратэстным горадам Беларусі, то зараз пратэстнымі можна назваць рэгіёны. Відавочна, гэта адбылося таму, што эканамічны крызіс там адчуваецца найбольш востра, і ў людзей ужо не хапае запасу трываласці.

«Захад вымушаны выбіраць паміж дэмакратыяй у Беларусі і незалежнасцю»

— У гэтай кампаніі, як і ўвогуле апошні год, апазіцыйныя палітычныя структуры дзейнічаюць ва ўмовах адноснай лібералізацыі – пікеты не разганяюць, удзельнікаў не затрымліваюць. Па-вашаму, ці можна чакаць, што гэтая тэндэнцыя працягнецца і пасля выбараў, ці яна «вісіць на валаску», і ў самой уладзе ёсць моцная апазіцыя гэтай нават мяккай лібералізацыі.

Губарэвіч: Троху змянілася рыторыка — але не мяняецца сутнасць. Улада па-ранейшаму трымае пад жорсткім кантролем усе палітычныя і грамадскія інстытуты, няма ніякага прагрэсу ў галіне свабоды слова. Так, людзей перасталі хапаць і збіваць на вуліцах, аднак гэта не азначае, што з’явілася больш свабоды і магчымасцяў для данясення альтэрнатыўнай пазіцыі.

У цяперашняй улады існуе моцная прывязка да Расіі, з іншага боку – адчуванне небяспекі з таго боку. Разам з тым Лукашэнка разумее, што моцнае і публічнае аддаленне ад Расіі толькі павялічвае гэтую небяспеку. Бадай, упершыню за апошнія гады Лукашэнка зразумеў, што пагроза ягонай уладзе з боку Расіі больш сур’ёзная, чым патэнцыйная небяспека ад выканання патрабаванняў Захаду.

— Тым больш што сам Захад на фоне геапалітычнай карціны пайшоў на відавочнае змякчэнне сваіх патрабаванняў да афіцыйнага Мінска.

Губарэвіч: Захад вымушаны выбіраць паміж дэмакратыяй у Беларусі і незалежнасцю Беларусі. Пры гэтым цудоўна разумеючы, што калі наша краіна патрапіць пад поўны кантроль рэжыму Пуціна, то пра змены і дэмакратыю можна будзе забыць. Таму яны зараз абіраюць стратэгію падтрымання незалежнасці Беларусі у спадзяванні, што гэта ў перспектыве можа даць і дэмакратычнае развіццё.

«Для рэжыму вылучэнне Таццяны Караткевіч было найменшым злом»

— Усе даўно звыкліся, што ў беларускай апазіцыі адбываецца пэўны «броўнаўскі рух» — ствараюцца аб’яднанні і кааліцыі, якія даволі лёгка і хутка распадаюцца. У гэтым аспекце — наколькі трывалая і доўгатэрміновая ваша правацэнтрысцкая кааліцыя, якая дзейнічае амаль год і аб’ядноўвае АГП, БХД і Рух «За свабоду»? І чаму распалася ваша папярэдняя кааліцыя ў рамках кампаніі «Народны рэферэндум»?

Губарэвіч: Любая супраца будуецца на некалькіх апірышчах — узаемны давер, супольная практычная дзейнасць і роўнасць суб’ектаў у праве прыняцця рашэнняў. Я вельмі станоўча ацэньваю тое, што мы рабілі ў рамках «Народнага рэферэндуму» — гэтыя мэты не губляюць актуальнасць і сёння.

Аднак мы не здолелі дамовіцца па ключавым пытанні – як мы праводзім прэзідэнцкую кампанію. Было відавочна, што слабы і не вядомы кандыдат не збярэ подпісы. І для Руху «За Свабоду» прынцыпова было не ўляпацца ў сітуацыю, калі нам давядзецца дзякаваць за поспехі ў выбарчай кампаніі выключна ўладам, а не выбарцам і нашым актывістам. Так і адбылося. Для рэжыму вылучэнне Таццяны Караткевіч было найменшым злом, а для Руху «За свабоду» было непрымальным удзельнічаць у спектаклі, дзе ролі распісаныя не намі. Наша пазіцыя не была пачута, і гэта фактычна прывяло да распаду кампаніі «Народны рэферэндум».

Колькі праіснуе правацэнтрысцкая кааліцыя? Мне хацелася б верыць, што дастаткова доўга. Той кропкай, да якой яна павінна працаваць супольна – гэта пачатак дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, першыя свабодныя выбары, на якія кааліцыя можа пайсці адзіным блокам. Мы аб’ядналіся на базе супольных каштоўнасцей – еўрапейскі выбар для Беларусі, незалежнасць, дэмакратыя, правы чалавека, рынкавыя рэформы.

— Некаторыя мяркуюць, што ў выбараў ёсць інтрыга — ці прапусціць улада ў палату парачку кагосьці слабога і бесперспектыўнага з апазіцыі.

Губарэвіч: Інтрыга была ў тым, ці здольная ўлада выканаць свае абяцанні і правесці выбары па рэальна дэмакратычных працэдурах. Па выніках фармавання выбарчых камісій мы бачым, што гэта не так.

— Кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч ужо неаднаразова казаў, што прыйшоў час маладых палітыкаў, што трэба саступаць ім месца. Некаторыя ўспрымаюць гэта так, што прыйшоў час і замены на пасадзе кіраўніка руху «За свабоду». Калі адбудзецца гэтая змена пакаленняў у Руху?

Губарэвіч: Аляксандар Мілінкевіч за ўвесь час сваёй дзейнасці засведчыў, што ён не трымаецца за свае рэгаліі, калі гэта не вядзе да еднасці і крокаў наперад. У прыклад можна прывесці і апошнія прэзідэнцкія выбары, калі Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся ў іх удзельнічаць, бо ўбачыў, што не будзе рэальнага аб’яднання, а значыць, і выніку. У сітуацыі з Рухам ён адзначае, што гатовы саступіць месца старшыні, і даўно ўжо аддаў досыць шырокія паўнамоцтвы сваёй камандзе. У нас бліжэйшая справаздачна-выбарчая канферэнцыя адбудзецца ў кастрычніку, і цалкам магчыма, што ўжо там новая асоба ўзначаліць Рух «за Свабоду».

— Вы будзеце вылучацца на старшыню?

Губарэвіч: Так, я планую гэта. У Рух прыйшлі новыя людзі, з якімі я звязваю бліжэйшыя перспектывы для нашай арганізацыі, з якімі мы будуем стратэгічныя планы.

На момант стварэння Рух быў структурай, арыентаванай на канкрэтнага лідара – ён ствараўся ў 2006 годзе фактычна на базе выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча. Але за гэты час Рух прайшоў досыць грунтоўную эвалюцыю, і зараз гэта арганізацыя, якая будзе існаваць незалежна ад таго, хто можа яе ўзначаліць. Мы вызначылі свае мэты, маем стратэгію, і ведаем, куды мы рухаемся.

Алесь Ганковіч

0
Юзiк / Адказаць
05.08.2016 / 16:27
Цырк!
0
Cliche committee / Адказаць
05.08.2016 / 16:33
A hto geta?
0
Шарлі / Адказаць
05.08.2016 / 16:47
Даўно пара каб прыходзілі новыя людзі.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру