Беларуска з Гродна Яня Шостак здолела здзівіць людзей з розных краін, калі на сустрэчы з Папам Францішкам у Кракаве ўзняла вялікі транспарант «Papa, call me!» з нумарам свайго тэлефона.

Выпадак адбыўся ў межах Сусветных дзён моладзі (СДМ), на сустрэчы Папы з валанцёрамі.

Перфоманс беларускі паказалі тэлебачанні ўсяго свету. І пачаліся тэлефанаванні і смс ад розных людзей, на розных мовах. Толькі Папа пакуль не адгукнуўся, але Яна не губляе надзеі.

Дзяўчына жыве і вучыцца ў Кракаве ў Акадэміі мастацтва. На СДМ яна працавала валанцёркай і бачыла свет міжнароднага форуму знутры. Яна не была пасіўнай назіральніцай і здолела ажыццявіць на СДМ некалькі ініцыятыў, нібыта адказваючы на заклік Папы «устаць з канапы». Сваімі ўражаннямі яна падзялілася з намі.

Сэлфі з Папам!

Сэлфі з Папам!

«Акцыя-рэакцыя: «Папа, патэлефануй!»

Першапачаткова валанцёрка з сяброўкай праявілі «самадзейнасць», і на плошчы Рынак да сцягоў з выявамі нябесных апекуноў СДМ святых Фаўстыны і Яна Паўла ІІ далучылі сцяг з выявай папы Францішка. Гэта была акцыя «Хто твой Папа?».

Дадатковы сцяг заўважылі, і ў дзяўчатак узяло каментар ватыканскае тэлебачанне. Журналіст заўважыў пры размове, што можа і сам Папа патэлефануе вам. Гэтыя словы натхнілі Яну на думку: «А чаму не?», і наступнай акцыяй стаў перфоманс «Papa, call me!».

З-за транспаранта маладая акторка атрымала праблемы з… тэлебачаннем – перашкаджала трансляцыі, у нейкія моманты сваім транспарантам засланяла Пантыфіка.

«Трымала хвілінку – здымала, потым зноў уздымала, пакуль не пачыналі сварыцца, старалася як надаўжэй трымаць, каб Папа заўважыў», — кажа Яна Шостак. Што будзе такі розгалас – яна не чакала. «Думала, што тэлебачанне на мяне злоснае з-за таго, што перашкаджала трансляцыі Папы», — смяецца суразмоўца. З гэтым жа транспарантам беларуска была за дзень да «галоўнай акцыі» на Кампусе Міласэрнасці, на малітоўным чуванні з Папам, і тады людзі рэагавалі пазітыўна – пачалі званіць і віншаваць з супер-ідэяй.

Яе маці бачыла па тэлебачанні транспарант, але не ведала, што яго трымае Яня. «Пасля мшы размаўлялі з маці, і яна мне кажа: слухай, бачыла там такі транспарант з нумарам тэлефона. Калі я сказала, што гэта я была – яна была ў шоку», — дадае дзяўчына.

СМС і званкі ідуць да гэтай пары. Большасць рэагуе пазітыўна, хаця ёсць і тыя, якія пішуць «Лепш бы ты сама агалілася». Але Яня лічыць гэта выдатным досведам, таму што цікавіцца псіхалогіяй натоўпу і можа назіраць такія рэакцыі.

Каб Папа патэлефанаваў, то размаўляла бы з ім на ангельскай мове. «Мне тут закідаюць, што я павінна была напісаць не Papa, а The Pope. Маўляў, не ведаю мовы. Але калі я была тры гады таму ў Бразіліі на СДМ, то ўсе народы скандзіравалі разам «Viva Papa!» — адтуль і маё «Papa», — патлумачыла суразмоўца.

Прыйшлі смс і з Беларусі кшталту «Супер, ганарымся, прывітанне з Берасця!».

У Фэйсбуку ж была заўважна і негатыўная рэакцыя.

«Здаецца, што наш народ не падрыхтаваны да сучаснага мастацтва. Паводле піраміды запатрабаванняў Маслоў яшчэ большая частка беларускага народу не дарасла да таго, каб цікавіцца культурай і развівацца ў гэтай сферы. Ды і дзе ў нас пляцоўкі з проста добрым сучасным мастацтвам? Канечне, не ўсе мастацкія творы добрыя і вартыя ўвагі, але дзе б вы бачылі краму ці кнігарню, дзе ўсё спадабалася б?» — лічыць Яна.

Папа жвавы

Папу Яня бачыла зблізку і ахарактарызавала яго так: «Вельмі жвавы». «Хацела, каб маё мастацтва было такое, як ён – простае, шчырае, адчыненае і адначасова з моцным пасланнем да людзей», — кажа Яня.

У прамовах Папы ёй найбольш спадабалася частка пра тое, калі ён заахвочваў не шукаць «канапнага шчасця». «Гэта патрэбна – вера патрэбная і ўчынкі – жывыя, а не толькі сядзець і пасіўна маліцца», — дадала суразмоўца.

Жывыя вера і ўчынкі яна паспрабавала прадэманстраваць, калі раздала валанцёрскую ваду пілігрымам.

Валанцёрскую ваду раздала пілігрымам, за што зарабіла наганяй

Па словах Яні, у валанцёрскай службы быў вялікі запас вады. Першага дня, калі Яня пачала «валанцёрскую» ваду раздаваць звычайным пілігрымам, атрымала заўвагу ад адной з арганізатарак, маўляў, не хопіць нам вады.

«У апошні дзень, калі яшчэ было 800 бутэлек вады, я пачала яе разносіць людзям — тады якраз моцна пекла сонца. Разносіла скрынкамі. У той момант іншыя валанцёры разносілі кніжкі, якія потым знаходзілі на падлозе, на дарозе, у смецці. Зацікавіла мяне тое, што ніводны з разносчыкаў кніг не падумаў раздаваць ваду. А я тады зноў атрымала заўвагу. Але з маёй ініцыятывы паўстала тое, што іншыя службы, напрыклад, медычныя, пачалі таксама разносіць ваду», — падзялілася Яня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?