На стадыёне «Маракана» сабраліся бразільскія зоркі. Напрыклад, супермадэль Жызэль Бундхен прадэфілявала пад гукі хіта босановы «Girl from Ipanema». Усе бразільскія поп-зоркі выступалі на безганарарнай аснове.

Гучнымі авацыямі стадыён вітаў дзве апошнія каманды на традыцыйным алімпійскім дэфіле: першую ў гісторыі зборную каманду ўцекачоў і гаспадароў, бразільцаў, што ішлі, танцуючы самбу.

Стрыманая беларуская каманда таксама прыгожа глядзелася ў сваёй даволі строгай шэра-чырвонай форме з нацыянальнымі матывамі арнамента, распрацаванай дызайнерам Юліяй Латушкінай.

Сцяг нёс раварыст Васіль Кірыенка.

Жыццярадасная цырымонія адкрыцця кантраставала з тыднямі бесталковасці і хаосу, што папярэднічалі Алімпіядзе. Алімпійская вёска аказалася недаробленая. Некаторых спартоўцаў абрабавалі проста перад пачаткам Гульняў. У брытанскіх плыўцоў укралі чамаданы з плаўкамі. Аднаго кітайца злачынец абрыгаў і, пакуль той чысціўся, хаўруснік першага зладзея сцібрыў рэчы…

Бразілія перажывае цяжкі палітычны крызіс, карупцыя квітнее, прэзідэнту абвешчаны імпічмент. Тым не менш, краіна сабрала ўсе сілы ў кулак для правядзення пачэсных Гульняў і іх адкрыцця. За бяспекай сачылі дзясяткі тысяч паліцыянтаў і агентаў у цывільным. Працэдуры надгляду на ўваходзе на стадыён доўжыліся гадзінамі. На арэне сярод 60 тысяч гледачоў былі сорак кіраўнікоў дзяржаў.

Само шоу дэманстравала гісторыю Бразілію ад часу засялення індзейцамі да нашых дзён. Сцэнарысты крэатыўна адлюстравалі прыроду, не абышлі экалагічныя праблемы нашых дзён, але паказалі аптымістычны дух, уласцівы гэтаму народу.

Трыбуны танцавалі самбу разам з артыстамі і атлетамі дый плакалі ад шчасця. Алімпіяда — вялікая веха ў гісторыі 200-мільённай нацыі.

Індзейцы будавалі свае халупы. Партугальцы прычыльвалі на караблях.

Фота Ройтэрз.

Фота Ройтэрз.

Рабы аралі джунглі. Акрабаты скакалі па дахах трушчобаў-фавэлаў. Гучаў бразільскі фанк, спявалі зоркі — Karol Conka і 12-гадовая рэперка MC Soffia.

На Алімпіяду з'ехаліся 11000 атлетаў. Кожнага з іх папросяць пасеяць насеннечкі, з якіх вырастуць дрэвы, якія абяцаюць высадзіць у Рыа.

Пішуць, што цырымонія абышлася арганізатарам удвая танней, чым аналагічныя ў Лондане і Пекіне. Бразільцы ашчаджалі і зрабілі стаўку на танцораў самбы, а не на хай-тэк.

А жаночая зборная Беларусі па баскетболе ўжо сёння правядзе першы матч на Гульнях супраць каманды Японіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?