07.08.2016 / 23:02

«Увесь час ён праводзіў дома. Хіба што з сабакам сваім гуляў, і ўсё» — хто такі Уладзімір Кондрусь 53

«Наша Ніва» сабрала падрабязнасці аб чалавеку, які біў вокны Дома ўрада ў 2010-м, а пасля быў апазнаны на Дзень Волі ў 2016-м.

Ці то правакатар…

Непрыкметны мужчына сярэдніх гадоў трапіў на галоўную старонку «Нашай Нівы» пасля сёлетняга Дня Волі.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» звярнулі на яго ўвагу, бо роўна ў той жа вопратцы Кондрусь фігураваў на здымках з Плошчы-2010. На тых фатаграфіях Уладзімір біў вокны Дома ўрада, біўся са спецназаўцамі.

На Дні Волі Уладзімр трымаўся адасоблена, час ад часу спыняўся і здымаў шэсце на мабільнік. Яго выгляд адпавядаў вобразу тыповага «ціхара».

Да таго ж, дзеячы апазіцыі і грамадскія актывісты, як правіла, ведаюць адзін аднаго. Аднак гэтага мужчыну і ягонага імені не ведаў ніхто.

Праз пяць месяцаў пасля той публікацыі «Нашай Нівы» пачаўся новы віток сюжэта. 

…ці то рэвалюцыянер?

У пачатку жніўня праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што таямнічага мужчыну затрымалі. Стала вядома яго імя, месца жыхарства – пасёлак Рудзенск, што ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці.

Па інфармацыі праваабаронцаў, з 14 чэрвеня Уладзімр Кондрусь знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарцы ў межах папярэдняга расследавання за ягоны меркаваны ўдзел у Плошчы-2010. Цяпер у СІЗА ён трымае доўгатэрміновую галадоўку ў знак пратэсту супраць зняволення. Па гэтай прычыне стан яго здароўя пагоршаў, і Кондрусь быў пераведзены ў санчастку СІЗА.

Інфармацыю, што крымінальная справа ў дачыненні да Кондруся расследуецца, пацвердзілі і ў Следчым камітэце. Пасля гэтага абвінавачванні пасыпаліся ўжо ў бок сродкаў масавай інфармацыі — маўляў, падставілі ні ў чым не вінаватага.

«Не зразумелыя паводзіны тых апазіцыйных журналістаў і палітыкаў, якія дзеянні найбольш актыўнай і рашучай часткі ўдзельнікаў беларускай Рэвалюцыі Годнасці дагэтуль называюць правакацыяй. Пры гэтым яны захапляюцца ўкраінскай рэвалюцыяй годнасці супраць, прызнаем гэта, легітымнага і законна абранага прэзідэнта, — выказаўся Мікола Статкевіч. — Я не ведаю, хто першым пачаў біць дзверы Дома ўрада 19.12.2010 г., але спадзяюся, што проста мужныя і годныя людзі, а ніякія не агенты. Даносчыкам на Уладзімера Кондруся раю не хавацца за канспіралагічныя версіі, а папрасіць у яго прабачэння. Таксама раю аказаць яго сям'і матэрыяльную дарамогу. Калі грошай няма, то папрасіце ў міліцыі прэмію за данос — вам належыць».

Што кажуць у Рудзенску

Рудзенск сустракае нечаканасцю. Непасрэдна на станцыі расейцы здымаюць кіно — мастацкую стужку пад назвай «Ключы». Абяцаюць ці то меладраму, ці то камедыю.

Тым часам, літаральна праз пару вуліц у адной асобна узятай сям’і Кондрусяў разгортваецца гісторыя таксама вартая кінасцэнара. Вось толькі нічога смешнага ў ёй няма.

Кондрусі жывуць у Рудзенску даўно. У гэтым пасёлку нарадзіліся і бацькі Уладзіміра, і сам ён. І бацька, і маці працавалі раней на мясцовым заводзе пластмасавых вырабаў (сёння на ім вырабляюць у асноўным аўтамабільныя ліхтары). Цяпер абое — пенсіянеры. Бацька мае добры досвед у рамонце аўтамабіляў, часам і цяпер яшчэ займаецца гэтым.

«Сям’я вельмі добрая. Хоць і не баптысты, але ніхто не п’е, працавітыя вельмі. Як гаспадары — ідэальныя. Але і вельмі закрытыя, маюць зносіны мала з кім, — характарызуюць Кондрусяў суседзі. — Праўда, калі папрасіць аб дапамозе, то ніколі не адмовяць».

Пра Уладзіміра кажуць, што ён таксама вельмі закрыты чалавек. З людзьмі сыходзіцца неахвотна.

«Я спачатку думала, што ў яго з псіхікай штосьці не тое, — кажа адна з суседак. — Мы з ім далёкія сваякі, а ён, калі быў яшчэ студэнтам, ішоў па вуліцы, у зямлю глядзеў перад сабою і нават не вітаўся».

Уладзімір нарадзіўся у 1977 годзе. Скончыў мясцовую школу №1. Вучыўся вельмі добра, нават мае срэбраны медаль. Затым паступіў у Мінск, у «нархоз» — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Паспяхова яго скончыў, атрымаў дыплом эканаміста. Праўда, па спецыяльнасці не працаваў. Вядома, што некалькі гадоў пасля ўніверсітэта Уладзімір жыў у Рудзенску, але працаваць ездзіў у сталіцу — быццам бы праграмістам. Затым – перабраўся ў Маскву. Працягваў працаваць у IT-сферы, здымаў кватэру. Уладзімір нежанаты. Дзяцей у яго таксама няма.

«Сяброў у яго зусім не было, усё жыццё. Ані ў школе, ані пазней», — кажуць людзі, блізкія да сям’і Кондрусяў.

Аднак, калі расійскі рубель пачаў падаць, адпаведна пачалі падаць і заробкі. Уладзімір вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Ва ўсякім выпадку, гэтак ён казаў сваім блізкім. Нават вельмі добра знаёмыя з ім людзі кажуць, што Уладзімір сапраўды скрытны і пра сваё жыццё расказваць ніколі не любіў нават бацькам.

Як бы тое ні было, з Масквы Кондрусь ізноў пераехаў у Рудзенск, да бацькоў. Жыў з імі. Тут ён недзе падпрацоўваў, чым займаўся канкрэтна — невядома. Дакладна вядома толькі, што не праграмаваннем.

«Амаль увесь час ён праводзіў дома. Хіба што з сабакам сваім гуляў, і ўсё. Нікуды асабліва не выходзіў», — кажуць суседзі.

Але, адзначаючы пэўныя дзівацтвы ў паводзінах Уладзіміра, суседзі ўзгадваюць яго добрымі словамі.

«Нармальны хлопец. Спакойны. Нічога дрэннага аб ім ніколі не чулі», — кажуць вяскоўцы.

Сям’я Кондруся не можа гаварыць

Жывуць Кондрусі ў прыватным доме на дзве кватэры. Іх палова выключна дагледжаная. Відаць, што людзі тут жывуць гаспадарлівыя. Дом акуратны, на двары — чысцютка. Ля плота ляжыць руды дваровы сабака Ціма — улюбёнец Уладзіміра.

Дом Кондрусяў у Рудзенску.

З гэтага дома Уладзіміра і забралі сілавікі раніцай 14 чэрвеня.

«Яшчэ не было і 7 раніцы, як прыехалі некалькі машынаў па яго. Міліцэйскіх машынаў не было аніводнай — нейкія іншамаркі», — кажа адна з суседак.

«Я спачатку падумала, што гэта да старэйшага Кондруся кліенты — ён часам кансультуе па машынах, разбіраецца ў гэтым. Пра тое, што гэта па яго сына ніхто і не падумаў. Потым толькі ўжо хтосьці казаў, што бачыў, як Валодзю забралі», — кажа другая суседка.

Бацькі Уладзіміра размаўляць з прэсай катэгарычна адмаўляюцца. Вядома, што і бацька, Уладзімір Расціслававіч, і маці Галіна Васільеўна, і нават старэйшая сястра, 42-гадовая Ірына, якая жыве ў суседняй вёсцы Дрычын, далі падпіску аб неразгалошванні.

Але з некаторымі знаёмымі Кондрусяў пагаварыць удалося.

Яны паведамілі, што бацькі вельмі перажываюць за здароўе сына. Па іх словах, Уладзімір абвясціў галадоўку з таго ж дня, як яго забралі — з 14 чэрвеня. Гэта значыць, ён адмаўляецца ад ежы ўжо амаль два месяцы. Кажуць, што ён у вельмі дрэнным стане, быў нават у коме. 

Бацькам перадалі інфармацыю, што па стане здароўя сына перавозілі на нейкі час у «цывільную» бальніцу.

«Яго вывелі з комы, а ён ізноў адмовіўся есці», — паведамілі ім.

Пасля Уладзіміра вярнулі ў санчастку СІЗА.

Цяпер ён п’е ваду і салодкі чай, але есці ўсё адно адмаўляецца.

Бацькі лічаць, што калі іх сына асудзяць – ён загіне, бо праз свой упарты характар дакладна будзе працягваць галадаць.

Увогуле ж, як стала вядома «Нашай Ніве», бацькі Уладзіміра маюць няшмат інфармацыі аб стане сына. Непасрэдна з ім яны ніяк не могуць звязацца. Адваката нанялі зусім нядаўна. Раней у Уладзіміра была дзяржаўная адвакатка, жанчына.

«Яна з бацькамі Уладзіміра не надта камунікавала. Не хацела», — паведаміла «Нашай Ніве» крыніца.

Бацькі Кондруся лічаць, што іх сыну пагражае рэальны турэмны тэрмін, ведаюць, што яго крымінальная справа - аб удзеле ў масавых беспарадках, але падрабязнасці справы ім невядомыя. 

«За вас быў, ад вас і пацярпеў»

Гавораць, што Кондрусь браў удзел не толькі ў Плошчы-2010 і сёлетнім Дні Волі. Ён ездзіў на розныя мітынгі і маніфестацыі і раней. Але ані ў партыях, ані ў суполках Уладзімір не ўдзельнічаў. На нейкія мерапрыемствы ездзіў сам адзін. Таксама вядома, што ён трапіў пад адміністратыўную справу, калі ездзіў на ўгодкі Плошчы-2010 і быў затрыманы. Пасля яго бацькі сплацілі за сына штраф.

Амаль увесь час Уладзімір бавіў дома. Сяброў у яго не было, у госці ніхто не хадзіў. Дзяўчыны ў Рудзенску ў яго таксама не было.

У асноўным Уладзімір сядзеў за камп’ютарам альбо чытаў кнігі. Пільна сачыў за палітычным жыццём краіны.

«У яго падвышанае пачуццё справядлівасці, — паведаміў «Нашай Ніве» знаёмы Кондрусяў. — І ўспыхвае ён калі што момантам».

З аднаго боку, бацькі лічаць, што сын сам вінаваты. Але з другога — вінавацяць і СМІ.

«За вас быў, ад вас і пацярпеў», — адзінае, што сказала «Нашай Ніве» Галіна Васільеўна, маці Уладзіміра.

Уся гэтая гісторыя даецца бацькам Уладзіміра вельмі цяжка. Як яму дапамагчы, яны не ведаюць. Калі прасіць, то каго? І пра што? Да таго ж баяцца, каб нейкія іх дзеянні не нашкодзілі сыну.

Плюс праблемы са здароўем — немаладыя ж ужо людзі. А ва Уладзіміра Кондруся-старэйшага яшчэ і цукроўка, і камяні ў нырках. Дый нервы здаюць. Часам ён проста прачынаецца сярод ночы і доўга не можа заснуць.

Усё, што могуць зрабіць бацькі, — гэта раз на тыдзень паспрабаваць адвезці сыну перадачу. Яны збіраюцца, едуць — але кожны раз ім кажуць, што Уладзімір ад перадач адмаўляецца. Не бярэ ані ежы, ані вопраткі.

І так — ужо амаль два месяцы.

Улад Швядовіч, Рудзенск—Мінск

0
агония лукашызма / Адказаць
07.08.2016 / 23:13
Кондрусь патрыёт.
0
Лiтвiнiя / Адказаць
07.08.2016 / 23:19
..нi аднаго камента.. грамадства у разгубленасцi.. ??
0
Виталий / Адказаць
07.08.2016 / 23:19
Так держать)) В погоне за горяченьким можно печатать фантазии
Паказаць усе каментары/ 53 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру