Хто варты званьня асобы апошняга месяца вясны? Хто зрабіў найбольш у траўні і гэтым самым прыцягнуў да сябе ўвагу грамадзкасьці і мэдыяў? Хто заслужыўся перад чалавецтвам і Беларусьсю? Галасуйце ў форме для апытаньняў.

Мікалай Пінігін. У тэатры імя Янкі Купалы 25-26 траўня адбылася прэм’ера спэктаклю рэжысёра Мікалая Пінігіна «Пінская шляхта» паводле фарсу-вадэвілю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Клясычная п’еса ў пастаноўцы геніяльнага рэжысёра атрымала новае гучаньне і актуальнасьць. Як заўсёды, на ягоных пастаноўках заля была запоўненая цалкам, а знайсьці лішні квіток за некалькі дзён да прэм’еры было нерэальна. Так было і з «Тутэйшымі» Янкі Купалы, «Ідыліяй» таго ж Дуніна-Марцінкевіча, «Сымонам-музыкам» Якуба Коласа. Пінігін абсалютна не хавае ідэю спэктаклю. Як піша тэатразнаўца Вячаслаў Ракіцкі: «Ён падае яе наўпрост — у мізансцэнах, жэстах, касьцюмах, рэквізыце. Вось толькі адзін прыклад такой вобразнасьці. Кручкоў штампуе свае пастановы велічэзнай пячаткай у выглядзе пазалочанага дзьвюхгаловага арла, а Пісулькін прыборам у выглядзе зноў жа пазалочанай гільятыны абразае паперкі з прысудамі шляхце, нібы яе галовы…». Пінігін кажа нам, што шляхта згубіла вялікую дзяржаву і не заўважыла гэта. Праз сваю фанабэрыстасьць, лісьлівасьць і прыстасавальніцтва. Многія гледачы прэм’еры ўгадвалі сярод гэтых пэрсанажаў і сцэнаў сёньняшнія рэаліі.

Фігуранты «Працэсу 14-ці». Унікальная крымінальная справа скончылася пры канцы месяца. Ніколі яшчэ ў незалежнай Беларусі адначасова не судзілі такой колькасьці актывістаў апазыцыі. Паралелі можна шукаць толькі ў Заходняй Беларусі 1920-ых гадоў ў справах Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

27 траўня судзьдзя Валеры Есьман асудзіў на два гады абмежаваньня волі без накіраваньні ва ўстановы адкрытага тыпу Паўла Вінаградава і Міхаіла Субача, а Максіма Дашука – на паўтара. Месяц раней судзьдзя Алена Ільіна вынесла абвінаваўчыя прысуды Андрэю Кіму (1,5 году калёніі), Алесю Чарнышову, Міхаілу Пашкевічу, Алесю Стральцову, Міхаілу Крываву, Тацяне Цішкевіч, Аляксею Бондару і Арцёму Дубскаму (усім – па два гады «хіміі» без накіраваньня), Антону Койпішу і Ўладзімеру Сяргееву (абодвум – па 3,5 мільёны рублёў штрафу). Такім чынам, улада адрэагавала на актыўныя вулічныя пратэсты прадпрымальнікаў у студзені. Моладзь знайшла свой адэкватны і негвалтоўны адказ на такі перасьлед, ператварыўшы працэс ў сапраўдны карнавал з жарсьцяў і іроніі, неаднаразова выводзячы з раўнавагі судзьдзю. І хоць юнакі ня трапілі за краты, але цяпер вымушаны абмяжоўваць сваю дзейнасьць.

Віктар Шэйман. Вэнэсуэльскі прэзыдэнт Уга Чавэс спрабаваў узброіць калюмбійскіх паўстанцаў з дапамогай Беларусі, заяўляюць замежныя СМІ. Гэтыя меркаваньні заснаваныя на дакумэнтах, знойдзеных у кампутары забітага лідэра FARC. Гішпанская El Pais сьцьвярджае, найлепшым сябрам калюмбійскіх партызанаў можа аказацца дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман. Менавіта ён быў адным з тых, хто прабіваў падпісаныя летась кантракты на пастаўку зброі ў Вэнэсуэлу на 720 млн эўра. Узьнікла небясьпека таго, што Вэнэсуэлу, а заадно зь ёй і Беларусь, зьвінавацяць у падтрымцы міжнароднага тэрарызму.

Барак Абама. ЗША блізкія да той хвіліны, калі краіну можа ўзначаліць першы чарнаскуры прэзыдэнт. Хаця Хілары Клінтан яшчэ ня страціла надзеі стаць адзіным кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, але Барак Абама паводзіць сябе так, нібыта ягоным супернікам зьяўляецца толькі Маккейн. Як піша «Financial Times», папулярнасьць Абамы сярод незалежных выбарцаў, чарнаскурых і моладзі няспынна расьце. Таксама ўпершыню ад пачатку перадвыбарнай гонкі Барак Абама апярэдзіў Клінтан па колькасьці супэрдэлегатаў зьезду. Хаця яшчэ каля двухсот супэрдэлегатаў ня вызначыліся з выбарам. 46-гадовы харызматычны Абама зьяўляецца для многіх увасабленьнем «амэрыканскай мары». Народжаны ў беднай сям'і, ён выбіўся ў людзі, скончыў адзін з самых прэстыжных унівэрсытэтаў, і пачаў кар'еру не з зарабляньня грошай, як большасьць ягоных аднагодкаў, а з сацыяльнай работы ў Чыкага. Эмацыйным стылем выступаў ён выклікае сымпатыю ўсё больш і больш выбарцаў.

Руслан Аляхно. Пшыкам месяцу можна сьмела назваць выступ беларускага сьпевака Руслана Аляхно на «Эўрабачаньні» ў Бялградзе. Нягледзячы на вялікія, паводле беларускіх мерак, грошы, якія былі ўкладзеныя ў нараджэнца Бабруйску, ён заняў у сваім паўфінале толькі 17-ае месца зь 19-і. Шмат хто з музычных крытыкаў выказаў меркаваньне, што двух Дзімаў Біланаў фінал бы не пацягнуў. А сам Білан такі прывёз «Эўрабачаньне» ў Расею.

Віталь Булыга. Трэнэр зборнай Беларусі па футболе Бэрнд Штанге праводзіў у траўні ці ня самы важны матч у жыцьці. Супраць сваіх суайчыньнікаў, немцаў. Можна толькі ўявіць, што рабілася ў душы паўзабытага настаўніка, калі ён выводзіў сваіх хлопцаў на стадыён у Кайзэрслаўтарне. Важна было не апраставалосіцца. Пачатак матча не натхняў – 0:2. Але ўсё выправілася дзякуючы стараньням уладзівастоцкага стралка Віталя Булыгі. Менавіта гэты магілёвец двойчы прымусіў дастаць з брамы мяч грознага Енса Лемана, зрабіўшы годны лік – 2:2. Незаўважны форвард сярэдніх расейскіх клюбаў забіваў ужо чэхам, галяндцам, італьянцам, немцам. Вось яна чароўная палачка-выручалачка ў ансамблі нямецкага трэнэра-чараўніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?