08.08.2016 / 13:44

Regnum.ru: Макей на вуліцы Зыбіцкай рыхтуе майдан, а ўладу на Захадзе захапілі сатаністы 46

Новае дно ў аналітыцы прабіў сайт regnum.ru і яго аўтар, кіраўнік прарасійскага сайта Імперыя.бай Юрый Баранчык. Ён доўгі час працаваў у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі. Потым Баранчык з’ехаў у Маскву, дзе займае пасаду выканаўчага дырэктара Інстытута інфармацыйных войнаў.

Юрый Баранчык задаецца пытаннем, хто будзе кіраваць Беларуссю пасля Лукашэнкі. Аналітык упэўнены, што другі дыктатар запар у еўрапейскай краіне («еўрапейская цывілізацыя, да якой апошнім часам адносіць сябе Беларусь, практычна не ведае прыкладаў, калі аднаго дыктатара змяняў іншы») немагчымы.

«Лукашэнка можа пакінуць пераемніка, але дзе гарантыя, што яго не з’есць чынавенская эліта?» — задаецца пытаннем аўтар. Сувымерных Лукашэнку па харызме чыноўнікаў і палітыкаў у Беларусі Баранчык не бачыць.

«Пасля дыктатара прыходзіць альбо блазан, альбо здраднік», — упэўнены спадар Баранчык.

Далей ён разгортвае магчымыя падзеі як сапраўдны фантаст, палёту думак аналітыка маглі б пазайздросціць многія пісьменнікі. Кіраўнік Інстытута інфармацыйных войнаў пераходзіць да персаналій, якія маглі б заняць пасаду прэзідэнта.

«На сёння я бачу толькі дзве магчымыя кандыдатуры – гэта Віктар Лукашэнка і Уладзімір Макей.

Калі ёсць яшчэ надзея, што сын будзе рухацца ў рэчышчы палітыкі бацькі, то пра Уладзіміра Макея гэта немагчыма сказаць. Асабліва разумеючы, што адбываецца ў замежнай палітыцы і назіраючы за трансфармацыямі Мінска, у якім ужо не хаваючыся ад кіраўніка дзяржавы, рыхтуецца майдан», — кажа Юрый Баранчык.

Аналітык упэўнены, што, калі параўноўваць апаратную вагу Віктара Лукашэнкі і Макея, то апошні ўпэўнена пераможа на выбарах.

«Практычна ўся рэспубліканская эліта знаходзіцца пад Макеем.

Такая сістэма будзе, калі Лукашэнка не паспее перадаць уладу пераемніку яшчэ пры жыцці — страх у чыноўнікаў знікне, і яны запраста лягуць пад Макея».

Баранчык лічыць, што праект Макея ўключае ў сябе «еўрапеізацыю Беларусі, каталіцызацыю, адрыў ад Рускага свету, пераўтварэнне Беларусі ў такую Швейцарыю, дзе чыноўнікі кіруюць спакойным народам». «У выніку гэтай мяккай гульні ў «суверэнітэт» Беларусь становіцца праз пару гадоў элементам польскай (насамрэч амерыканскай) канцэпцыі Міжмор’я».

Во напалохаў! Беларусь стане Швейцарыяй — гэта сапраўды сцэнар з фільма жахаў.

Пасля гэтага Баранчык пераходзіць да разваг як менавіта ў Мінску рыхтуюць Майдан. Аказваецца, што робіцца гэта праз… вуліцу Зыбіцкую, тусовачнае месца ў сталіцы.

«У Мінску адбываецца дэсакралізацыя цэнтра. Маецца на ўвазе плошча ля Ратушы і вуліца Зыбіцкая. Кожныя выходныя там ладзяцца канцэрты, масавыя мерапрыемствы, гулянні моладзі да раніцы. Хтосьці скажа — што тут такога, ва ўсім заходнім свеце так. І гэта сапраўды так — уладу ў заходнім свеце даўно захапілі сатаністы і цяпер вядуць да ўлады ў ЗША Хілары Клінтан», — як вам? Макей, Зыбіцкая, сатаністы, аказваецца, звёны аднаго ланцуга.

Баранчык лічыць, што ў Кіеве Майдан пачынаўся гэтак сама, моладзь замест таго, каб піць у пад’ездах, пачала прыязджаць у модныя бары ў цэнтр. «А потым музычную частку пераакцэнтавалі на палітычную. Натоўп пачаў думаць, што ён прымае рашэнні».

«Праект Макея — гэта праект Беларусі не як навукова-прамысловага кластара (савецкая БССР і лукашэнкаўская Беларусь), а гэта праект Беларусі як гандлёва-забаўляльнага цэнтра для ўсёй Еўропы з усімі вынікаючымі высновамі», — лічыць Баранчык.

У прарасійскіх аналітыкаў, як Баранчык ці Сяргей Шыптэнка, пайшоў новы трэнд: яны баяцца, што Беларусь перастане быць індустрыяльнай краінай, а праз гэта непазбежна знізіцца ўплыў Расіі на нашу краіну.

Юрый Баранчык спрабуе пераканаць, што Расія не зацікаўленая, каб «задавіць Беларусь, скінуць Лукашэнку і паставіць свайго генерал-губернатара». «Расіі патрэбная моцная і стабільная Беларусь», — лічыць аўтар. Натуральна, што цалкам лаяльная да Расіі.

Такім чынам расійскія шавіністы спрабуюць сёння дыскрэдытаваць міністра замежных справаў Макея. Наступным крокам было б назваць кагосьці з прадстаўнікоў беларускай улады ці апазіцыі «рэптылоідамі», якім хочацца падпарадкаваць Беларусь іншапланетнікам. Думаецца, што нават такое трызненне ў Маскве б шчодра аплацілі.

Зміцер Панкавец

0
Генэрал Голад / Адказаць
08.08.2016 / 13:52
Не, ён не Баранчык, ён - Баран. ))
0
Юзік Крулеўскі / Адказаць
08.08.2016 / 14:06
Ён доўгі час працаваў у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі. ========================= Пэўна з'елі, ці падседзілі! Звычайная помста няўдачніка!
0
не забудем,не простим. / Адказаць
08.08.2016 / 14:07
ну и рожа,прости Господи!!!С таким рузгемиром нам ничего не угрожает.А вообще-плевать на то,что думают всякие ордынцы и предатели-их выкормыши и прихвостни типа этого баранчика.Справимся.
Паказаць усе каментары/ 46 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру