Кітайскі турыст правёў амаль два тыдні ў міграцыйным цэнтры ў ваколіцах нямецкага Дортмунда. Ён хацеў заявіць аб крадзяжы кашалька, але замест паліцыі звярнуўся ў міграцыйную службу і з памылкі зарэгістраваўся ў якасці бежанца.

31-гадовы ўраджэнец Кітая, які не валодае ні нямецкай, ні англійскай мовай, запоўніў усе неабходныя анкеты, прайшоў медыцынскі агляд і здаў адбіткі пальцаў. Затым у яго канфіскавалі пашпарт з шэнгенскай візай і размясцілі яго ў часовым прытулку для мігрантаў.

Мужчына ўспрыняў тое, што адбываецца, пакорліва. Яго кармілі і давалі грошы на кішэнныя выдаткі.

Выправіць памылку атрымалася дзякуючы супрацоўніку мясцовага аддзялення Чырвонага Крыжа, які заўважыў, што іншаземец не падобны да бежанца.

Канчаткова растлумачыў сітуацыю перакладчык з кітайскай — высветлілася, што мужчына самастойна падарожнічаў па Еўропе, пасля Германіі збіраўся наведаць Італію і Францыю, але яго падвяло няведанне моў.

У выніку заява на прадастаўленне прытулку была ануляваная, і турысту дазволілі працягнуць падарожжа. Як перадае нямецкі тэлеканал WDR, мужчына не выказаў ніякага абурэння, сказаўшы толькі, што ўяўляў сабе Еўропу зусім па-іншаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?