Ва ўкраінскім Луцку з 5 па 7 жніўня прайшоў дзясяты «фестываль украінскага духу» «Бандэрштат».

У гэтым годзе партнёрам фэсту стаў атрад «Пагоня». Таксама на фестываль прыехалі беларускія добраахвотнікі, якія служаць ва ўкраінскай арміі, з тактычнай групы «Беларусь» і палку «Азоў». Яны паставілі адмысловы намёт, у якім можна было набыць беларускую сувенірную прадукцыю, а таксама паразмаўляць непасрэдна з добраахвотнікамі. 

У якасці хэдлайнэра на фестывалі выступіў беларускі гурт Brutto. Перад гэтым добраахвотнікі зладзілі акцыю па раздачы беларускіх сцягоў, якія пазней і былі паднятыя падчас выступу гурту. Усяго было раздадзена 100 сцягоў.

Акрамя таго, у рамках імпрэзы адбылася гутарка з лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам.

Таксама ў гутарках узялі ўдзел народныя дэпутаты Надзея Саўчанка і Уладзімір Парасюк. Апошні, убачыўшы беларускі намёт, прыйшоў да добраахвотнікаў, каб выказаць ім сваю падтрымку.

Акрамя Brutto, хэдлайнэрамі фэсту сёлета былі вядомыя ўкраінскія гурты «Тартак», «Антитіла», O.Torvald, «Ролікс», «Браты Гадзюкіны» і пераможца «Еўрабачання» — Джамала.

Перад выступам «Тартаку» з вітальным словам на галоўнай сцэне фэсту выступілі беларускія добраахвотнікі.

Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца толькі выканаўцы, творчасць якіх мае «праўкраінскі змест».

Але для беларускага гурту традыцыйна робіцца выключэнне. Раней на «Бандэрштаце» ўжо выступалі «Таварыш Маўзэр», Vinsent, «Сцяна», Akute, Terrakod і Brutto.

Акрамя музычнай сцэны, удзельнікаў фестывалю чакалі сустрэчы з ветэранамі Украінскай Паўстанцкай Арміі і вядомымі грамадскімі і культурнымі дзеячамі, літаратурная сцэна і шэраг лекцыяў на разнастайную тэматыку, этнічны кірмаш, начны кінасеанс украінскага кіно на паўстанцкую тэматыку, начныя песенныя вогнішчы і шмат іншага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?