«Нягоднікі! — піша ў лісце ў «Нашу Ніву» арыштаваны блогер Эдурад Пальчыс (больш вядомы як Джон Сільвер). — Атрымаў ад вас шыкоўную штуку — месячнік! Файная задумка, і для першага выпуску, падрыхтаванага за тыдзень, атрымалася нядрэнна, ды і тэма выбрана карысная. Але што я бачу ў артыкуле «Топ-5 тэхналогій… аблічча армій у ХХІ стагоддзі» (для «топаў» бярыце назву пакарацей)? Там спойлер «Гульні тронаў»! Я з красавіка абараняўся ад спойлераў GoT, а тут такі падвох! Здзекуецеся з палітвязня горш, чым КДБ! Лепш бы ўжо аб прыватным жыцці Шылы напісалі. Каб вам загладзіць сваю віну, трэба мне атрымаць другі выпуск месячніка. Буду чакаць.

P.S. За прыгожых дзяўчат у вышыванцы на апошняй старонцы — дзякуй», — дадае ён.

Як паведамлялася раней, блогера Эдуарда Пальчыса, вядомага пад псеўданімам Джон Сільвер, 26 мая этапавалі з Бранскага СІЗА Расіі ў Беларусь.

Пісаць яму можна на адрас: 222160, Мінская вобласць, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма №8. Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу.

Блогера, аўтара баявітага сайта 1863x.com, затрымалі 23 студзеня пры перасячэнні ўкраінска-расійскай мяжы. Пасля гэтага ідэнтычнасць блогера раскрыў адзін з расійскіх нацыяналістычных сайтаў, ён жа апублікаваў турэмныя здымкі хлопца.

Як аказалася, блогера зваць Эдуард Пальчыс, яму 25 гадоў, ён родам з Ліды (Гродзенская вобласць). Сам блогер называў сябе Jhon Silver.

Свайго сапраўднага імя для публікі ён не раскрываў, хоць праваахоўным органам яно было вядомае. Супраць яго ў Беларусі летась былі заведзеныя крымінальныя справы, а ён парушыў падпіску пра нявыезд і разам з жонкай выехаў ва Украіну, дзе хацеў атрымаць палітычны прытулак.

Блогер расказваў, што ў Беларусі яго спачатку абвінавацілі па 130 артыкуле КК РБ — распальванне варожасці па нацыянальнай прыкмеце за гэты матэрыял на сайце 1863х.com, а таксама за іншыя артыкулы ў падтрымку Украіны на сайце. Следчыя інтэрпрэтавалі заклік «Забі «Рускі свет» як заклік да забойства ўсіх рускіх. 

Праваабаронцы лічаць Эдуарда Пальчыса вязнем сумлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0