У нядзелю ўвечары ў выніковай перадачы «Панарама тыдня» ў чарговы раз быў паказаны рэпартаж пра тое, што пасольства ЗША ўтрымлівае беларускую апазыцыю.

Фармальнай прычынай для такога матэрыялу сталі нядаўнія затрыманьні ля дыпляматычнага прадстаўніцтва старшыні берасьцейскай філіі Партыі БНФ Зьмітра Шыманскага і рэдактара тураўскай недзяржаўнай газэты «Вольныя навіны» Міхаіла Козела. Нагадаем, што 28 траўня гэтыя актывісты былі затрыманыя недалёка ад амэрыканскага пасольства. Іх даставілі ў Дэпартамэнт фінансавых дасьледаваньняў, дзе канфіскавалі ў кожнага прыкладна па 1700 даляраў, нібыта яны фальшывыя.

Былі паказаныя абрысы нейкага былога берасьцейскага апазыцыянэра, які згадзіўся расказаць «усю праўду пра Шыманскага». Голас казаў, што «Шыманскі звычайны апазыцыянэр, які любіць добра апрануцца, звазіць дзяўчат на прыроду, зьезьдзіць за мяжу». Расказваючы, як працуе «канвэер фінансаваньня апазыцыі», былі паказаныя кадры, як пры выхадзе з пасольства ЗША Шыманскага ўнутр будынку адразу ўвайшоў Козел.

Паводле журналіста БТ, утрыманьне апазыцыі адбываецца праз сыстэму малых грантаў, якія стабільна выдае пасольства. Былі названыя прозьвішчы тых людзей, якія канкрэтна гэтым займаюцца, як зь беларусаў, так і з амэрыканцаў. Чарговы раз пасольства ЗША атрымала за тое, што спынілася выдача візаў.

Былі паказаныя таксама словы «касіра амэрыканскага пасольства» і былога супрацоўніка дыппрадстаўніцтва. Апошні (твар ягоны не паказваўся, а прозьвішча не называлася) прызнаўся, што малы грант можа атрымаць толькі апазыцыянэр, які напіша, што грошы неабходныя для змаганьня з дыктатурай. «Просты сьмяротны такі грант атрымаць ня можа», – сказаў ён.

Потым быў названы канкрэтны сьпіс апазыцыянэраў, якія доўгі час знаходзяцца на амэрыканскім утрыманьні. Сярод іх былі названыя прозьвішчы дачкі палітвязьня Юліі Казулінай, старшыні незарэгістраванага праваабарончага руху «Вясна» Алеся Бяляцкага, былой намесьніцы старшыні АГП Людмілы Гразновай, галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча, адвакаткі Веры Страмкоўскай, Юрася Губарэвіча, якога папікнулі тым, што умудраецца займаць адразу два намесьніцкіх крэслы, як у Партыі БНФ, так і ў Мілінкевіча.

Юрась Губарэвіч на гэта кажа так: «Для мяне гонар аказацца ў такой пачэснай кампаніі. А калі сур’ёзна, то добрыя стасункі з амэрыканскім пасольствам былі ўсталяваныя яшчэ за час майго дэпутацтва ў белаазёрскім гарсавеце. Дзякуючы дапамозе былога пасла Козака ў Белаазёрск было дастаўлена вялікая партыя мэдыкамэнтаў. І цяпер між намі застаюцца пэўныя рабочыя кантакты. Калі БТ зьвярнула на мяне ўвагу, то значыць дзейнічаю ў слушным накірунку».

Нейкае імгненьне быў паказаны іншы сьпіс палітыкаў, журналістаў, якіх нібыта таксама фінансуе амэрыканскі ўрад.

Неаднаразова ў кадры мільгалі лідэры апазыцыйных партый – Анатоль Лябедзька, Алесь Міхалевіч, Анатоль Ляўковіч, Ігар Рынкевіч, Павал Севярынец і Аляксей Шэін, – якія стаялі ля дзьвярэй пасольства ЗША. Паводле камэнтару, прыйшлі яны, натуральна, за грашыма.

Былі прадэманстраваныя запісаныя на камэру сьведчаньні Шыманскага і Козела. Апошні доўгі час адмаўляўся нешта гаварыць. Калі запыталіся, чаму ён маўчыць, актывіст руху «За свабоду» адказаў, што баіцца: «Калі не пасадзіце, дык заб’яце»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?