10.08.2016 / 15:10

«Мой арнамент на машынах, тэчках МУС, форме футбольнай зборнай». Гутарка з шэрым кардыналам «вышываначнай рэвалюцыі» 30

Гэты хлопец на фота — 31-гадовы праграміст з Чэрвеня Павал Шут. Да прэзентацыі новай формы зборнай Беларусі па футболе, мала хто што пра яго ведаў, але гэта звычайна для шэрых кардыналаў.

Менавіта з гэтага хлопца паскорылася вяртанне ў масавую культуру Беларусі арнаменту — ён стварыў тое, што стала каталізатарам з'яўлення мегапапулярных «вышымаек», прынтоў на машынах ды масы іншага.

Два гады таму хлопец стварыў сайт спампаваць.бай, куды заліў вектарныя выявы беларускіх арнаментаў.

«Вектарныя» выявы — гэта створаныя з матэматычным апісаннем карцінкі, якія можна расцягваць, уціскаць — ні ад чаго яны не згубяць выразнасць ліній і якасць. З такім звычайна маюць справу толькі дызайнеры.

І сёння, калі вы бачыце недзе прынт з беларускім арнаментам — можаце на 99% быць упэўненым, што гэта арнамент, створаны Паўлам.

Прапануем вам гутарку з хлопцам, у якой ён расказвае, як шырока разышлася ягоная праца і навошта ён гэта рабіў.

Фотка з домікамі Чынквэ тэрэ - ✔ done

A photo posted by Pavel Shut (@spadarshut) on

«Ідэя стварыць сайт нарадзілася два гады таму, ноччу. Заліваў туды розныя цікавосткі, але сайт папулярным не быў. І вось неяк я адчуў, што нацыянальная тэма робіцца папулярнай. А я ж сам праграміст, маляваць таксама люблю. Як у некаторай ступені дызайнер, ведаю, як гэта бывае, калі трэба нейкі ўзор, а самому ствараць яго доўга, таму пачынаеш гугліць. І каб дапамагчы тым, хто захоча неяк прафесійна выкарыстоўваць арнаменты, я вырашыў зрабіць іх вектарнымі малюнкамі. Змалёўваў іх са старых беларускіх кашуль — адпаведныя фота знаходзіў у інтэрнэце», — сцісла расказаў Павал пра сваю задуму.

«Інтэлектуальная ўласнасць, атрымліваецца, мая, — кажа дызайнер. — Але я грошай не бяру.

На сайце можна пры сцягванні штосьці ахвяраваць — можа раз на месяц хтосьці пару баксаў і кіне. Але гэта не істотна. Куды больш цешыць тое, што тысячы карыстаюцца тваёй работай. Напрыклад, праглядаў тых малюнкаў — каля 50 тысяч!

А дзе я толькі ні бачыў сваіх выяў: аздабленне менюшак у рэстаранах, на тэчках МУС, на машынах, «Вышымайкі» Арт-Сядзібы з маім арнаментам, новая форма футбольнай зборнай — таксама. Вядома, прыемна ўсё гэта».

У задумах Паўла выпусціць яшчэ некалькі набораў такіх карцінак: праца ідзе.

Павал таксама расказаў нам, што прычына ягонага захаплення ўсім беларускім — сустрэча з беларускамоўным выкладчыкам у школьны час.

«Я вучыўся ў Чэрвені, у школе №3. І хачу асабліва падзякаваць Уладзіміру Паўлавічу Адамовічу — настаўніку народазнаўства, які таксама замяняў настаўніка мовы і літаратуры ў нас. Дзякуючы яму я ўбачыў, што па жыцці можна размаўляць па-беларуску. Тады гэта было так нечакана. Вельмі паважаю яго за гэта, запомніў яго на ўсё жыццё, ён стаў узорам», — падзяліўся хлопец.

«Пасля школы я паступіў у каледж, а потым — ва ўніверсітэт, Мінскі лінгвістычны. І там стаў выбар, як размаўляць, па-беларуску ці па-руску. Бо дома ж я на трасянцы валіў.

Вырашыў, што па-руску будзе прасцей. Але гэта была такая згода з сумленнем — я ўсё роўна з сябрамі ліставаўся па-беларуску, нейкія нататкі свае таксама на мове вёў.

І вось падчас прэзідэнцкіх выбараў, слухаючы выступ Мілінкевіча па тэлебачанні, я вырашыў — усё, ніякіх адкладанняў, з гэтага ж дня пераходжу на мову. Калі хочаш штосьці змяніць у краіне, дык пачні з сябе. Так дагэтуль і размаўляю», — расказаў Павал.

Таксама хлопец некалі разам са Змітром Саўкам і групай яшчэ з сямі чалавек займаўся распрацоўкай беларускай камп'ютарнай тэрміналогіі, зрабіў інтэрнэт-прыладу «Правільны сцяг» — калі ўсталяваць яе ў браўзер, то ўсе чырвона-зялёныя сцягі ў інтэрнэце аўтаматычна будуць адлюстроўвацца як бела-чырвона-белыя.

Што ж да шалёнай папулярнасці вышыванак, то Павал думае так — гэта добры і нейтральны сімвал, які задавальняе ўсіх, не ў залежнасці ад палітычных поглядаў.

Сёння Павал раіць беларусам быць дабрэйшымі і дапамагаць адзін аднаму.

«Паглядзіце на іншыя народы, якія арганізоўваюцца ў супольнасці, стаяць адзін за аднаго. Нам таксама так трэба. І як штосьці робіце — дык не шкадуйце высілкаў. Тваё заўсёды табе вернецца».

Арцём Гарбацэвіч

1
Inhvar / Адказаць
10.08.2016 / 15:23
Ён наварыўся?
1
ООН / Адказаць
10.08.2016 / 15:39
Флажок БССР придумал Сталин в 1951 году
0
Павлуша / Адказаць
10.08.2016 / 15:51
Скромный парниша, однако. "Мой арнамент..." во-первых он не твой, а народа, народного костюма, ткачества и т.д. Ты же его не сам придумал, а взял у других. Назови первоисточники, так было бы правильнее.
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру