У першым паўгоддзі колькасць мігрантаў, якія прыехалі ў Беларусь, скарацілася амаль на 5,5 тысячы чалавек. Пры гэтым колькасць тых, хто з'ехаў з краіны на працу ў іншыя дзяржавы, вырасла амаль на 500 чалавек. Аднак па-ранейшаму больш тых, хто прыехаў. Пра гэта сведчыць статыстыка МУС, якая ўлічвае грамадзян, якія працуюць па кантракце або дамовах.

У першым паўгоддзі мінулага года ў Беларусь на розныя працы прыехалі 16 545 чалавек, з'ехалі — 3333. За шэсць месяцаў гэтага года ў нас працаўладкаваліся 11 087 чалавек, паехалі за межы краіны — 3825.

Другой тэндэнцыяй, якая намецілася ў гэтым годзе, можна лічыць павелічэнне колькасці мігрантаў з Кітая. Раней у лідарах былі грамадзяне Украіны.

За першае паўгоддзе да нас прыбыло 4076 кітайцаў (за аналагічны перыяд мінулага года — 3885). Большасць з іх — рабочыя (3088 чалавек), 57 кіраўнікоў і 888 высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Менавіта кітайскія мігранты пацяснілі самых частых нашых «гасцей» у апошні час — украінцаў. З Украіны за паўгода да нас прыехала 3334 (было 7898). Амаль кожны другі ўкраінец, які прыязджае да нас (1522 чалавекі) — рабочы.

Акрамя таго, у пяцёрку краін, з якіх найбольш актыўна едуць у Беларусь за доўгім рублём, увайшлі Узбекістан (300 чалавек), Літва (236) і Турцыя (228).

А вось геаграфія для беларусаў, якія з'язджаюць, мала памянялася. Па-ранейшаму мы часцей за ўсё едзем на працу ў Расію (2179 чалавек за першае паўгоддзе).

На другім месцы ЗША (675 чалавек), затым Польшча (384), Літва (310) і Фінляндыя (101).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?