Другая палова лета і пачатак восені — самы лепшы час для назірання зорак. Ночы становяцца цямнейшымі і даўжэйшымі, Млечны Шлях стаіць дугой праз усё неба, надвор’е выдатнае… Чаму б не адправіцца за горад паназіраць за зоркамі? Спецыяльна для вас мы знайшлі адказы на ТОП-10 папулярных пытанняў ад назіральнікаў-пачаткоўцаў.

Юпітэр і Венера над Нёманам

Юпітэр і Венера над Нёманам

1. Куды ехаць?

Безумоўна, любавацца зоркамі можна і ў горадзе, але з-за смогу і моцнай засветкі ліхтарамі вы не ўбачыце і дзясятай часткі таго, што можа паказаць нам неба. Таму чым далей вы будзеце ад вялікіх гарадоў, тым лепш. Напрыклад, ад’ехаўшы ад Мінска на 40-50 км, вы здзівіцеся, колькі ўсяго на небе застаецца недасяжным для сталічных жыхароў.

2. Як адшукаць на небе сузор’і?

Для гэтага вам спатрэбіцца карта зорнага неба. Пачніце з чаго-небудзь добра вядомага, напрыклад, з Вялікай Мядзведзіцы, і шукайце іншыя сузор’і адносна яе. Не забывайцеся, што яркае святло парушае здольнасць бачыць слабыя зоркі, таму асвятляць карту трэба вельмі слаба і, па-магчымасці, чырвоным святлом.

3. Ці ёсць на небе нешта беларускае?

Летняе сузор’е Шчыт было названа ў гонар Яна Сабескага, караля Рэчы Паспалітай. У гады яго праўлення Беларусь уваходзіла ў склад гэтай дзяржавы. Ёсць на небе і сузор’е Эрыдана — міфічнай ракі, якой, па меркаванні некаторых даследчыкаў, з’яўлялася наша Заходняя Дзвіна.

Простыя беларусы таксама не забываліся глядзець на зоркі. Так, у Вялікай Мядзведзіцы яны бачылі калёсы, брычку, каня ці лася. Млечны Шлях называлі Птушынай, Чумацкай, Святой дарогай. Усяго ў беларускім фальклоры можна знайсці згадкі аб прыблізна 20 сузор’ях.

Сузор'е Шчыта Сабескага з атласа Яна Гевелія

Сузор'е Шчыта Сабескага з атласа Яна Гевелія

4. Ці могуць дапамагчы камп'ютарныя праграмы?

Так, вядома! Існуе безліч праграм-планетарыяў, якія дазваляюць убачыць, якім будзе неба ў пэўны момант часу для пэўнага месца. Для настольных камп’ютараў адной з найлепшых з’яўляецца Stellarium, для мабільных гэта StarWalk, StarChart, RedShift, Stellarium. Прычым мабільныя тэлефоны дазваляюць проста навесці апарат на пэўны ўчастак неба і ўбачыць на экране яго карту. Але не забывайцеся пра мінімальную яркасць і, па магчымасці, чырвоны фільтр на экран.

5. Ці магчыма ўбачыць планеты?

Нават няўзброеным вокам можна ўбачыць 5 планет Сонечнай сістэмы. Але іх месцазнаходжанне пастаянна змяняецца, таму даведацца, дзе шукаць планеты сённяшняй ноччу, можна пры дапамозе тых жа праграм-планетарыяў. Напрыклад, усё лета па вечарах нізка на поўдні можна назіраць жаўтаваты Сатурн і аранжавы Марс.

Дарэчы, планеты можна лёгка адрозніць ад зорак: зоркі мігцяць з-за неспакойнай атмасферы, а планеты заўжды свецяць роўным святлом.

Дзве самыя яркія зоркі на фота — Сатурн і Марс

Дзве самыя яркія зоркі на фота — Сатурн і Марс

6. Як убачыць падаючую зорку?

Канешне, зоркі з неба не падаюць. Гэта з нашай атмасферай сутыкаюцца невялікія часцінкі, якія згараюць, утвараючы прыгожую з’яву пад назвай метэор. Іх яшчэ называюць знічкамі, у народзе часта можна было сустрэць назву Хут (Кут).

Найбольшыя шанцы ўбачыць метэор бываюць тады, калі Зямля перасякае рой гэтых часцінак. Самы вядомы такі паток — Персеіды — назіраецца ў першай палове жніўня з максімумам 12-га чысла. Калі ў гэты дзень вы выедзеце далёка за горад і ляжаце на спіну, то зможаце ўбачыць у сярэднім адну знічку за хвіліну.

7. Якія астранамічныя прылады трэба браць з сабой?

Самы лепшы інструмент, які прынясе вам шмат прыемных хвілін пад зорным небам — гэта вашы вочы. Але калі захочацца большага, то можна набыць бінокль з вялікімі аб’ектывамі і невялікім павелічэннем, напрыклад, 8х50. Пачытайце, дзе і што на небе можна ўбачыць у такі інструмент, і пастарайцеся адшукаць гэтыя аб’екты самастойна.

Юпітэр і Венера над Нёманам

Юпітэр і Венера над Нёманам

8. Нешта праляцела! НЛА?

Аўтару гэтых радкоў невядомы ніводзін выпадак, калі б неапазнаны лятучы аб’ект аказаўся іншапланетнай талеркай. Праляцела за секунду? Гэта метэор. Ляціць з хуткасцю самалёта? Штучны спадарожнік Зямлі. Яшчэ і лямпачкамі міргае? Значыць, гэта і ёсць самалёт. Аранжавая зорка ўздымаецца ўверх і мігціць? Кітайскі ліхтарык. А яшчэ касмічнае смецце, птушкі над горадам, шаравая маланка…

9. Што яшчэ цікавага можа паказаць начное неба?

Часам уночы можна сустрэць і іншыя з’явы: серабрыстыя аблокі, палярныя ззянні, анамальна яркае свячэнне атмасферы, гало вакол Месяца. Усе гэтыя нябесныя цуды часам бываюць бачныя і ў Беларусі, таму назірайце часцей і будзеце ўзнагароджаныя!

Палярнае ззянне над Раўбічамі

Палярнае ззянне над Раўбічамі

10. Так прыгожа! Як гэта сфатаграфаваць?

Зоркі можа сфатаграфаваць амаль любы фотаапарат, які можна паставіць на штатыў і які здольны рабіць доўгія вытрымкі. Але каб здымаць начныя пейзажы, дзе зорак нашмат больш, чым бачыць вока, трэба мець якасную сучасную камеру і светласільную оптыку.

Фотаапарат бачыць нашмат больш зорак, чым вока

Фотаапарат бачыць нашмат больш зорак, чым вока

Карты зорнага неба для спампоўкі і раздрукоўкі:

Каляпалярныя сузор'і (бачныя цэлы год)

Каляпалярныя сузор'і (бачныя цэлы год)

Восеньскія сузор'і

Восеньскія сузор'і

Зімовыя сузор'і

Зімовыя сузор'і

Летнія сузор'і

Летнія сузор'і

Веснавыя сузор'і

Веснавыя сузор'і

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?