Агульныя затраты на дзве асобы:

  • 3 дні пражывання ў Кутаісі — 50 еўра;
  • 11 дзён пражывання ў Батумі — 220 еўра;
  • пералёт Вільня — Кутаісі ў абодва бакі (туды толькі з ручным багажом, назад таксама з адным замоўленым багажом) — 350 еўра;
  • цягнік Мінск — Вільня ў абодва бакі — 80 еўра.

Харчаванне на дзве асобы (у сярэднім):

  • сняданак у Батумі (у прыватных асоб) — 10 еўра;
  • вячэра ў рэстарацыі (з віном ці півам) — 20 еўра.

Як дабіраліся?

Пачаць варта з таго, што само наша падарожжа планавалася вельмі спантанна, за два тыдні да даты вылету. Адпаведна, чакаць танных авіяквіткоў не даводзілася, хоць мы і карысталіся паслугамі ўсімі любімага WizzAir’а. Калі б нам удалося значна раней спланаваць паездку, аддаць за білеты можна было б як мінімум удвая менш. Але наракаць у дадзеным выпадку можна толькі на сябе і абставіны.

Якія, дарэчы, складваюцца такім чынам, што самалёт з Вільні ў Кутаісі падымаецца ў неба а 5.00 раніцы, таму перад прыбыццём у Грузію падарожнікаў чакае цікавая ноч. Першую яе частку мы правялі ў цягніку Адлер — Калінінград, які ў 21.48 адправіўся з мінскага чыгуначнага вакзала і ў 2.14 наступнага дня прыпыніўся на віленскім. Дарога ад вакзала да аэрапорта на таксі (грамадскі транспарт у такі час не ходзіць) заняла недзе 15 хвілін. Дарэчы, важны лайфхак — калі ў вас няма мясцовай сім-карты, каб выклікаць таксі па тэлефоне, можна папрасіць зрабіць гэта на рэцэпцыі гатэля «Панарама», які знаходзіцца праз дарогу ад вакзала. Так вы даедзеце за 4 еўра, а не за 20, калі будзеце сядаць у машыну да дзядзькаў, якія тут жа прапаноўваюць свае паслугі.

Запаведнік Сатаплія.

Запаведнік Сатаплія.

Па прылёце ў Кутаісі першая задача, якую патрэбна вырашыць — гэта абмен валюты. Грузінскія лары ў Мінску купіць абсалютна немагчыма, хоць некаторыя банкі і заяўляюць пра магчымасць аперацый з дадзенай валютай. Спецыяльна для гэтых мэтаў у аэрапорце маецца абменнік з даволі неблагім курсам — значна лепшым за той, што нам пасля прапаноўвалі у турыстычным цэнтры Батумі. Але ўсю суму лепей адразу не мяняць, бо ў самім Кутаісі, а пасля і ў Батумі можна знайсці лепшы курс, хоць розніца і не такая значная. Так, у аэрапорце за 1 даляр давалі 2,28 лары, а ў Батумі мы здавалі амерыканскіх прэзідэнтаў па курсе 2,34 (хоць у самых турыстычных месцах курс быў аж 2,08).

З аэрапорта можна даехаць у трох самых папулярных кірунках — Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Да першых двух гарадоў вас павязе аўтобус, да Кутаісі даедзеце таксі за 5 лары з чалавека, як зрабілі мы.

Тут варта патлумачыць, чаму мы з жонкай вырашылі пакінуць Тбілісі па-за межамі нашага падарожжа. Паколькі прыходзілася яно на пачатак-сярэдзіну ліпеня, то ў грузінскіх краях стаяла лютае пекла (горача і душна было нават у гарах вакол Кутаісі). А пры трыццаці градусах па Цэльсіі і амаль дзевяностаадсоткавай вільготнасці на дварэ бадзяцца па паўтарамільённым горадзе — не самы лепшы спосаб бавіць час, як па мне. Так што мясцовую сталіцу наведаем у наступны раз, калі захочацца пагрузіцца ў атмасферу Грузіі.

Кутаісі

У Кутаісі ж, які знаходзіцца ў 20 хвілінах язды ад аэрапорта, таксама хапае чаго паглядзець.

Хоць непасрэдна ў самім горадзе вас можа ўразіць толькі стары цэнтр і тая невялікая інфраструктура, якая створана навокал яго.

Усё ж самае цікавае знаходзіцца на пэўнай дыстанцыі ад горада. Але гэта асаблівай праблемы не складае. За тры дні, што былі ў нашым распараджэнні, мы здолелі паглядзець амаль усе мясцовыя цікавосткі як у горадзе, так і ў наваколлі.

У гэтым нам дапамог гаспадар гатэля Globus Hotel, дзе мы спыняліся, Гіоргі, у простанароддзі Гогі.

Ягоны сябар за 80 лары цэлы дзень катаў нас на сваім праварульным «Нісане» па ўсіх ваколіцах, прыпыняўся ў важных месцах і чакаў нас там столькі, колькі нам хацелася.

Дарэчы, праварульных аўтамабіляў у Грузіі шмат — танныя карыстаныя «японцы» проста запаланілі мясцовыя вуліцы праз невялікія цэны. Па словах мясцовых, абсалютна рэальна купіць пяцігадовы аўтамабіль у добрым стане за дзве-тры тысячы даляраў. Перадаём вітанне Мытнаму саюзу, карацей кажучы.

У пячорах Праметэя.

У пячорах Праметэя.

З таго, што варта наведаць абавязкова, можам рэкамендаваць Нацыянальны запаведнік Сатаплія, пячоры Праметэя, манастыры Гелаці і Мацамета. У гатэлі можна ўзяць карту горада, дзе пазначаныя ўсе важныя месцы рэгіёна, а ў цэнтры горада лёгка знайсці інфармацыйны цэнтр, таму можна проста самастойна разабрацца, куды вам хочацца, а пасля даваць указанні таксісту. Нам жа ў фармаванні маршрута дапамог мясцовы спелеолаг Лаша, з якім мы выпадкова пазнаёміліся ў Сатапліі, дзе ён і працуе. Паколькі гэта быў першы пункт нашага падарожжа па ваколіцах, то далей ён проста кіраваў працэсам і праводзіў нам экскурсію па ўсіх месцах, куды мы траплялі.

І здзівіла мяне нават не такая добразычлівасць і адкрытасць чалавека, які для гасцей аж кінуў на дзень працу. Першы раз у такім далёкім замежжы я пабачыў чалавека, які ведаў нешта па-беларуску. Як высветлілася, Лаша праз сваіх украінскіх знаёмых трохі вывучыў украінскую мову, а заадно і нешта з беларускай, хоць ні разу ў гэтых краінах не быў. Беларуская мова з грузінскім акцэнтам — адна з самых дзіўных рэчаў, што даводзілася чуць, скажу я вам.

Амаль такая ж дзіўная, як пячора Праметэя, якая пакінула найбольшае ўражанне з усяго ўбачанага ў Грузіі. Сама яна настолькі вялікая, а ўнутры столькі розных цудоўных твораў прыроды, што хадзіць з разяўленым ротам там можна добрых дзве гадзіны. А то і больш, улічваючы яе свежасць і прахалоду ў параўнанні з той лазняй, у якую ты трапляеш па вяртанні на паверхню. Вельмі настойліва рэкамендую!

Marshrutka

Пасля двух дзён у Кутаісі мы накіраваліся ў галоўны пункт падарожжа — Батумі.

Усё-такі паляжаць на пляжы і паплаваць у цёплым моры было для мяне адным з самых важных пунктаў адпачынку, таму 11 дзён на ўзбярэжжы — тое, што трэба. Да таго ж і ў самім Батумі, і ў ваколіцах ёсць, што наведаць ды паглядзець. Таму сумна не будзе, гэта адназначна. Хоць я і ўвогуле не ведаю, як можа быць сумна на моры летам, нават калі там ёсць толькі парасон і тапкі. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Манастыр Мацамета.

Манастыр Мацамета.

Ад Кутаісі да Батумі даехаць можна цягніком альбо маршруткай. Дарэчы, маршрутка — яшчэ адно рускае слова, якое стала інтэрнацыянальным. За час паездкі даводзілася чуць яго ўжо і ад англічан (marshrutka), і ад немцаў (marschrutka), і ад палякаў (marszrutka). Так што ў шэрагу vodki і perestroiki прыбыло. Дык вось, маршруткі адпраўляюцца ад аўтавакзала, які месціцца побач з «Макдональдсам».

Паколькі ў дзень нашага ад’езду ў Кутаісі ішоў моцны дождж, і хадзіць па горадзе ў пошуках ежы не хацелася зусім, паехалі адразу на вакзал без сняданку. Так адбыўся наш самы галоўны кулінарны грэх усёй паездкі — прыйшлося снедаць у тым самым «Макдональдсе». У «Макдональдсе»! У Грузіі! Дарэчы, нічым ад нашага ён не адрозніваецца, нават нейкіх спецыфічных страў заўважана не было.

Раз узяўся расказваць пра дарогу, дык распавяду ўсё адразу. Ездзяць грузіны як ашалелыя, і гэта яшчэ мякка сказана. Якія-небудзь італьянцы ў параўнанні з імі проста анёлы на дарозе.

У Грузіі ёсць толькі адно правіла дарожнага руху — хто больш сігналіць, той і мае рацыю. Усё. Адпаведна, чацвярныя і больш абгоны на вузенькай двухпалосцы на хуткасці за 120, пастаяннае падразанне ўсіх і ўся, праскокі не тое, што на жоўты, а нават на чырвоны — абсалютна звычайная рэч. Не дзіва, што пры такіх раскладах палова людзей ездзіць без бампераў. Але ніякай праблемы яны ў гэтым не бачаць. Як сказаў нам адзін таксіст: «А якая праблема? Мая машына — як хачу, так і езджу. Галоўнае, каб былі чатыры колы і нумар». Значыць, паліцыя з такім станам рэчаў абсалютна згодная.

Таксама забудзьцеся, што такое пешаходныя пераходы, бо іх у Грузіі проста няма. Яны, вядома, намаляваныя, і на некаторых нават прысутнічаюць святлафоры. Але імавернасць таго, што вас дзе-небудзь прапусцяць — 5%. І гэта я яшчэ завысіў.

Машыны будуць ехаць, ехаць і ехаць, сігналіць, сігналіць і сігналіць, кіроўцы будуць крычаць, крычаць і крычаць, а вы будзеце вечна стаяць перад пераходам, калі не наберацеся нахабнасці і проста не палезеце напралом. У такія моманты асабліва пачынаеш цаніць сваю Радзіму і людзей, скажу я вам.

Віды з манастыра Гелаці.

Віды з манастыра Гелаці.

Таму, калі хочаце паменшыць канцэнтрацыю пекла ў вашым падарожжы, карыстайцеся цягніком. Па-першае, ён значна таннейшы — 4 лары на чалавека супраць 10 ці 15 за маршрутку (там кошт вызначаецца, як захочацца кіроўцы). Па-другое, даедзеце спакойна і ў камфорце: на дадзеным маршруце ходзяць новыя цягнікі вядомай нам фірмы Stadler. Але тут таксама закраўся істотны мінус — ходзіць цягнік толькі раз на дзень: з Кутаісі ў Батумі раніцай і ў адваротным кірунку ўвечары. Менавіта па гэтай прычыне мы і карысталіся паслугамі маршрутчыкаў.

(Працяг будзе).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?