Пра неабходнасць «поўнай канцэнтрацыі на выступленні і засяроджанасці на максімальны вынік» ішла размова на працоўным сходзе беларускай алімпійскай дэлегацыі ў Рыа-дэ-Жанейра, паведаміла 10 жніўня прэс-служба Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Нараду правялі першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў і міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко.
«Кіраўнікамі спартыўнай галіны была дадзена як крытычная ацэнка бягучым вынікам спартсменаў, так і адзначаны пазітыўныя моманты. Перад кожным з атлетаў пастаўлены канкрэтныя задачы па наступных выступленнях», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле інфармацыі НАК, у штабе адбыўся малебен «за ўсіх беларускіх спартсменаў, якія выступаюць на Алімпіядзе-2016». Набажэнства правёў настаяцель храма Святой пакутніцы Зінаіды айцец Сергій (прыход Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату ў Рыа-дэ-Жанейра).
За чатыры працоўныя дні XXXI летніх Алімпійскіх гульняў, 6—9 жніўня, разыграна 55 камплектаў узнагарод, якія дасталіся спартсменам 47 краін. Прадстаўнікоў Беларусі сярод іх няма.