Законапраект дапоўніць ужо існуючы артыкул 17.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (Прапаганда і/або публічнае дэманстраванне, выраб і/або распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі). У выпадку падтрымкі ўсіх зацікаўленых ведамстваў дакумент да канца года паступіць на разгляд у парламент.

Пра новаўвядзенні падрабязней распавёў начальнік трэцяга ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Міхаіл Бедункевіч.

Нагадаем, цяпер артыкулам 17.10 КоАП для грамадзян прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу (памерам да 10 базавых) або адміністрацыйны арышт, для індывідуальных прадпрымальнікаў — штраф да 50 базавых, для юрасобы — да 200 базавых велічынь; плюс канфіскацыя прадмета з нацысцкай сімволікай.

Для «носьбітаў» нацысцкай сімволікі ўвядуць адказнасць

Упершыню будзе прадугледжана адказнасць за захоўванне нацысцкай сімволікі «ва ўмовах, даступных для яе ўспрымання іншымі асобамі».

«У ходзе аператыўна-службовай дзейнасці супрацоўнікі органаў унутраных спраў неаднаразова выяўляюць грамадзян, якія ператварылі сваё жыллё ў «выставы» нацыскай славы. Яны спецыяльна развешваюць атрыбутыку ў такіх месцах, у якіх яе бачаць людзі, якія ўвайшлі ў памяшканне», — прыводзіць прыклад начальнік трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК.

Акрамя таго, артыкул 17.10 КоАП будзе дапоўнены нормай аб адказнасці за выраб або публічнае дэманстраванне татуіроўкі з выявай нацысцкай сімволікі.

«Татуіроўкі ў параўнанні з іншымі атрыбутамі нацысцкай ідэалогіі ўяўляюць павышаную пагрозу для грамадскага парадку і маральнасці, бо калі-небудзь уладальнік тату абавязкова іх пакажа, напрыклад, на пляжы ці ў басейне», — прыводзіць прыклад Міхаіл Бедункевіч.

Такім чынам, перад законам адкажуць не толькі ўладальнікі татуіровак, але таксама іх вытворцы. Пры гэтым уладальнік тату-салона не пацерпіць, калі парушэнне носіць адзінкавы характар (у выпадку шматразовага паўтарэння абавязкова паўстане пытанне пра закрыццё салона).

Пры гэтым новая рэдакцыя артыкула 17.10 КоАП дае ўладальніку тату магчымасць пазбегнуць адказнасці, калі ён добраахвотна выведзе выяву або зменіць яе так, што яна перастане насіць нацысцкі характар.

Таксама вырастуць штрафы. За прапаганду або публічнае дэманстраванне (у тым ліку ў інтэрнэце), выраб або распаўсюджванне нацысцкай сімволікі (атрыбутыкі), яе захоўванне з мэтай распаўсюджвання альбо ў месцах, даступных для іншых людзей штраф складзе да 20 базавых велічынь (цяпер 420 рублёў). Калі правініцца ІП — да 70 базавых (1470 рублёў), юрыдычную асобу — да двухсот (4200 рублёў).

Да 30 базавых велічынь (цяпер 630 рублёў) заплаціць майстар тату-салона, «які набіў» свастыку, і такі самы штраф прадугледжаны за публічнае дэманстраванне нацы-татуіроўкі. Дарэчы, за гэтыя правапарушэнні прадугледжаны і адміністрацыйны арышт.

«Чорны спіс» абновяць: ад прывітальных жэстаў да зашыфраваных імёнаў фюрэра

Згодна з КоАП, пад нацысцкай сімволікай або атрыбутыкай цяпер маюцца на ўвазе сцяг, гімн, эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны і апазнавальны знак Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі або іх копіі.

Не з'яўляюцца парушэннямі выраб, публічнае дэманстраванне і (або) распаўсюджванне сімволікі або атрыбутыкі пры ажыццяўленні дзейнасці ў галіне тэатральнага, музычнага, цыркавога і выяўленчага мастацтва, бібліятэчнай справы, кінематаграфіі, музейнай справы, гастрольна-канцэртнай дзейнасці, выдавецкай справы, адукацыйнай дзейнасці, СМІ ў адпаведнасці з заканадаўствам. Усё гэта новы закон не зменіць — сімволіка застанецца і ў музейных экспазіцыях, і школьных падручніках.

У заўвазе да новага варыянта артыкула пералік забароненых элементаў будзе павялічаны. Да іх дададуцца тыя, якія выкарыстоўваліся ў дзяржаўных, вайсковых i iншых структурах, прызнаных злачыннымі Міжнародным ваенным трыбуналам.

«Такім чынам, каральнымі стануць вітальныя жэсты нацыянал-сацыялістаў, паролі, коды, лічбы, у якіх зашыфраваныя імёны фюрэра. Да прыкладу, «88» — зашыфраванае прывітанне «Хайль, Гітлер!», «SS», разнастайныя руны, «кельты», «калаўроты»», — тлумачаць у Міністэрстве ўнутраных спраў.

Праваахоўнікі адзначаюць, што строгага спісу забароненых сімвалаў няма, яго не будзе і пасля новаўвядзенняў — так як гэта агульнавядомыя выявы.

«Цяпер рашэнне заўсёды прымае суд, а калі ў суддзі ўзнікаюць пытанні, ён звяртаецца ў экспертныя камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму, куды ўваходзяць спецыялісты па сімволіцы, ці абапіраецца на раней створаны прэцэдэнт», — тлумачыць Міхаіл Бедункевіч.

Для міліцыі падрыхтуюць «метадычкі», а грамадзян папросяць быць пільнымі

У МУС распавялі, што для азнаямлення ўсіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з нацысцкай сімволікай ведамствам распрацаваны метадычныя рэкамендацыі з яе апісаннем. Абяцаюць затрымліваць усіх, хто трапіць у поле зроку праваахоўнікаў, «засвяціўшы» недвухсэнсоўным тату.

«Мы таксама заклікаем не пакідаць па-за ўвагай абуральныя факты праявы нацызму (гэта тычыцца футболак, кубкаў, бірулек з сімволікай «рэйха»), неадкладна паведамляць па тэлефоне 102 або ў бліжэйшы аддзел міліцыі. Нават пры наяўнасці вуснай заявы (калі па нейкіх прычынах фота зрабіць не ўдалося) праваахоўнікі адрэагуюць аператыўна», — распавёў начальнік трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч.

Паводле звестак МУС, сёлета да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.10 КоАП прыцягнута каля 15 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?