Штангіст з Арменіі Андранік Карапецян у сераду папоўніў шэрагі ахвяр Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра, атрымаўшы жудасную траўму ў турніры па цяжкай атлетыцы ў вагавай катэгорыі да 77 кг. Дзейны чэмпіён Еўропы вывернуў локцевы сустаў у адваротны бок, няўдала апусціўшы штангу.

У практыкаванні штуршок пры ўздыме з падсіду 20-гадовы цяжкаатлет не справіўся са 195-кілаграмовым снарадам, і яго левы локаць развярнуўся пад ненатуральным вуглом. Гледачы пачулі страшнае храбусценне.

Карапецян з крыкам выпусціў штангу і пакінуў памост у суправаджэнні лекараў, пакуль трэнер атлета ў жаху трымаўся за галаву.

18+

Карапецян быў адным з фаварытаў алімпійскага турніру цяжкаатлетаў ў гэтай вагавай катэгорыі, адзначае Mirror.

Цяпер у армянскага спартсмена наперадзе — складанае абследаванне. Лекары павінны вывучыць характар траўмы і зрабіць свой прагноз. Пакуль невядома, ці зможа ён працягнуць сваю спартыўную кар'еру.

Нагадаем, што ў першы дзень Алімпіяды-2016 французскі гімнаст Самір Айт Саід зарабіў цяжкі пералом галёнкі падчас выканання апорнага скачка.

Затым галандская велагоншчыца Анэмік ван Улютэн зламала пазваночнік у выніку падзення падчас групавой шашэйнай гонкі, у якой яна лідзіравала.

У тым жа месцы ўпаў і атрымаў двайны пералом ключыцы лідар аналагічнай мужчынскай гонкі італьянец Вінчэнца Нібалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?