У ліпеньскім нумары часопіса «Спецназ» з'явілася гутарка з першым камандзірам САХР (спецыяльны атрад хуткага рэагавання) Дзмітрыем Паўлічэнкам. 

Гэтага чалавека лічаць датычным да знікнення апазіцыйных палітыкаў пры канцы 90-х: Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага. З гэтай нагоды яго затрымлівалі па санкцыі генеральнага пракурора, аднак Паўлічэнка апынуўся на свабодзе.

Але цяпер інтэрв'ю з былым камандзірам в/ч 3214 з'явілася ў сувязі з яго 50-годдзем — сёння Дзмітрый Паўлічэнка ўзначальвае арганізацыю ветэранаў спецпадраздзяленняў «Честь». 

 Дзмітрый Паўлічэнка, фота sb.by

 Дзмітрый Паўлічэнка, фота sb.by

Прыводзім некаторыя вытрымкі развагаў Паўлічэнкі, апублікаваных у часопісе «Спецназ».

Сярод асноўных мэтаў сваёй цяперашняй дзенасці Паўлічэнка называе дапамогу ў працаўладкаванні афіцэрам запаса. 

«Калі мы раней судзейнічалі ў пошуку працы на грамадзянцы хлопцам 20-25 гадоў, то сёння маем справу з 40-гадовымі, якія служылі ў САХР і іншых падраздзяленнях. Такія ахоўнікамі не пойдуць, ім патрэбна кіруючая пасада. Але ў нас ёсць магчымасць дапамагчы, рэзервы…», — прыводзіць словы Паўлічэнкі «Спецназ». 

Таксама палкоўнік мяркуе, што сучасная моладзь слабее. 

«У параўнанні з хлопцамі, якія служылі ў 90-х — пачатку 2000-х цяпер прызыўны кантынгент слабейшы: захапленне камп'ютарнымі гульнямі ўводзіць дзецюкоў ад рэчаіснасці ў віртуальнасць. Іншыя нават ранішнюю зарадку не робяць! Што казаць пра спартовыя секцыі… Назіраю за вельмі цікавым веяннем з Расіі — стварэннем сістэмы дапрызыўнай падрыхтоўкі. У суседзяў адбываецца добры ваенна-патрыятычны ўздым, у моладзі з'явілася прага ісці служыць, вельмі шмат ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў праводзіцца. І канечне, мы павінны браць з братоў-расіян прыклад», — мяркуе Паўлічэнка. 

Агулам у інтэрв'ю чытаецца намер уладаў перадаць «ваенна-патрыятычныя» клубы ў рукі надзейных людзей. Магчыма, гэта звязана з шэрагам нядаўніх скандалаў, калі да ваенізаванага выхавання беларускіх падлеткаў спрычыньваліся розныя чарнасоценскія арганізацыі. 

«У бліжэйшай перспектыве стварэнне новых клубаў ваенна-патрыятычнага выхавання. Хацелася б, каб юнаармейскі рух стаў цэлай плынню. На базе вайсковых часцей, розных спецпадраздзяленняў мы можам арганізоўваць такую выхаваўчую работу. Афіцэры запаса гараць жаданнем ўдзельнічаць у падрыхтоўцы прызыўніка да службы. Але асновы развіцця руху мусяць быць закладзеныя рашэннем зверху, увайсці ў плыню дзяржаўнай палітыкі. Думаю, хутка мы да гэтага дойдзем», — сказаў Паўлічэнка. 

Што да ягоных поглядаў на салдацкі побыт, то тут палкоўнік цытуе Леніна. 

«Салдат трэба паважаць, забяспечваць усім неабходным. Як вучыў яшчэ Уладзімір Ільіч Ленін: «Накарміць, абуць, адзець», — цытуе Паўлічэнку часопіс. Потым той пераходзіць да разваг пра ідэалогію.

«Мы чэрпаем традыцыі з гераічнага мінулага нашых дзедаў і прадзедаў. З культуры нашага народу. Пасля развалу Савецкага Саюза ідэалогіі як такой ў нас не было. Трэба было ўводзіць нейкую новую сістэму каштоўнасцяў. Я звярнуўся да праваслаўнай царквы. І тут мы нікога не прыціскалі, бо большасць ў брыгадзе ў нас праваслаўныя. Пабудавалі паходную царкву, потым і стацыянарную. Традыцыі праваслаўнага воінства і воінства цяперашняга — яны неяк зліліся».

Таксама шмат дыфірамбаў Паўлічэнка адвёў Юрыю Сівакову, адзначыўшы ягоныя заслугі ў стварэнні в/ч 3124 і САХР. 

«Я як камандзір рэалізаваўся дзякуючы Юрыю Леанідавічу Сівакову. Адбыўся як камандзір, як мужчына, як спецназавец. Таму што да ўсіх вартых ідэй ён заўсёды прыслухоўваўся і дапамагаў ажыццяўляць. Быў час станаўлення маладой дзяржавы. Шмат праблем, але і шмат цікавай работы. Ствараліся новыя інстытуты ўлады, сілавыя структуры. Я лічу, што мне моцна пашчасціла, што я служыў у той перыяд і таксама зрабіў унёсак ў станаўленне і развіццё падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?