15.08.2016 / 16:31

Выбары-2016: улада змарнавала свой шанец 8

Піша Алесь Чайчыц. 

Да выбараў у «Палату прадстаўнікоў» засталося менш за месяц. Але ўжо цяпер можна канстатаваць, што дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў у Беларусі сёлета зноў не адбылося.

Выбары — гэта ня толькі дзень галасаваньня, але і ўся кампанія, якая гэтаму дню папярэднічае: рэгістрацыя кандыдатаў, фармаваньне выбарчых камісій, перадвыбарчая агітацыя.

Дэмакратычныя выбары — гэта выбары, на якіх увесь працэс праходзіць празрыста і сумленна. Гэта калі ўсе ўдзельнікі, і праўладныя, і апазыцыйныя, нягледзячы на свой статус і свае адносіны да дзеючай улады, знаходзяцца ў роўных умовах.

У сучаснай Беларусі ўвесь працэс і надалей манапалізаваны «партыяй улады».

У выбарчыя камісіі ад альтэрнатыўных палітычных сілаў прайшлі лічаныя адзінкі: паводле назіраньняў, па ўсёй 9-мільённай краіне толькі пяць прадстаўнікоў апазыцыйных партый увайшлі ў тэрытарыяльныя камісіі, і толькі 26 — у акруговыя камісіі. Агульны працэнт прадстаўнікоў апазыцыі ў складзе тэрытарыяльных і акруговых камісій — амаль нулявы (5,4% і 1,8%). Падлік галасоў і фарміраваньне вынікаў выбараў будзе непразрыстым: сытуацыя такая ж ці нават горшая, чым на мінулых такіх «выбарах». На сябраў ініцыятыўных групаў кандыдатаў ад апазыцыі аказваецца вялікі ціск. Ёсьць факт звальненьня чалавека па палітычных матывах з працы за ўдзел у выбарах ад апазыцыі.

З свабодай слова сытуацыя ў Беларусі так і не зьмянілася: апазыцыя ня мае рэальнага доступу да дзяржаўных агульнанацыянальных СМІ — тэлевізіі, дзяржаўных газэтаў, радыё.

«Дзяржаўныя СМІ» ў нармальнай дэмакратычнай краіне азначае «ўсіхныя СМІ», даступныя ўсім палітычным сілам, а ня толькі ўраду. У Беларусі гэта ня так.

Па ўскосных прызнаках можна меркаваць, што ўлада ўжо вызначылася амаль з усім складам будучай «Палаты прадстаўнікоў». Прадстаўнікоў іншых палітычных сілаў, акрамя намэнклятурнай «партыі ўлады», сярод іх няма.

І ў нацыянальных інтарэсах Беларусі, і ў інтарэсах улады — мадэрнізацыя блізкай да банкруцтва беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі і паляпшэньне стасункаў з краінамі Захаду.

Цяперашнія выбары ў «Палату прадстаўнікоў» былі акном магчымасьцяў для ўлады, каб прадэманстраваць сур’ёзнасьць сваіх намераў і даць акуратны канструктыўны імпульс і аднаму, і другому.

Калі не праз правядзеньне выбараў згодна з стандартамі, прынятымі ў цывілізаваных краінах, дык хаця б праз дэ-факта прызначэньне дэпутатамі некалькіх апазыцыянэраў. Шанец на гэта яшчэ застаецца, але зьмяншаецца з кожным днём.

У гэтай сувязі я б устрымаўся і ад татальнай крытыкі людзей, якія балятуюцца ў парлямэнт. Трэба адрозьніваць розныя фарматы супрацоўніцтва палітычных/каляпалітычных грамадзкіх структур з афіцыйнымі ўладамі. Адна справа — быць адвакатамі рэжыму на міжнароднай арэне і дабівацца зьмягчэньня патрабаваньняў Захада адносна дэмакратызацыі Беларусі і ўвогуле зьняцьця з парадку дня пытаньняў пра дэмакратыю і правы чалавека, як гэта, па маіх асабістых назіраньнях, робяць «Цэнтар Астрагорскага» і BISS. Іншая справа — працаваць хай нават і падстаўной апазыцыяй, але пры гэтым рэальна агучваць на публіцы цалкам слушныя рэчы адносна дэмакратызацыі, неабходнасьці мірных і паступовых пераменаў, і такім чынам гэтыя звышактуальныя пытаньні вынасіць на ўнутрыбеларускі парадак дня.

Беларусі патрэбныя паступовыя мірныя дэмакратычныя перамены.

І ёй ня трэба, каб Захад — адзіны дзеючы бок, які можа ўлады на гэтыя перамены «натхніць» — зьмякчаў сваю палітыку адносна афіцыйных уладаў раней, чым гэтыя перамены адбудуцца, і каб ён такім чынам пазбаўляў улады так неабходнай ім матывацыі.

Становішча такое, што разьлічваць на «аксамітную рэвалюцыю» і пералом дзякуючы масавым вулічным пратэстам сёньня не даводзіцца. Але магчымасьці для таго, каб пачаць плаўную трансфармацыю «зьверху», былі і пакуль што застаюцца.

Мяч на баку ўладаў.

Апазыцыі ў парлямэнце няма ўжо дваццаць гадоў, ёй ад чарговага непрахаджэньня туды будзе ні холадна, ні горача.

Але зьяўленьне прадстаўнікоў альтэрнатыўных палітычных сілаў ў «Палаце прадстаўнікоў» было б выгаднае ўладам: гэта быў бы індыкатар гатовасьці цяперашняга палітычнага рэжыму да плаўнай эвалюцыі і да таго, каб калісьці зрабіцца рукападатным на Захадзе. Тут важна, каб апазыцыянэры ў слушны час хаця б прысутнічалі ў выбарчых бюлетэнях — і хоць у малай колькасьці, але яны там ёсьць.

У Беларускім парлямэнце у 2016 годзе павінна была б, нарэшце, зьявіцца хаця б невялікая група дэпутатаў ад апазыцыі. Гэта адзінае, што ў краіне магло б зьмяніцца ад гэтых выбараў, і гэта перадусім у інтарэсах А. Лукашэнкі. Наступны такі шанец улада мецьме толькі ў 2018 годзе, на наступных выбарах у мясцовыя саветы.

А паміж цяперашнім часам і 2018 г. нас могуць чакаць паўтара змарнаваныя гады без істотнага прагрэсу ў рэформах і стасунках з Захадам — але з надалей дэградуючай эканомікай і зьбядненьнем людзей.

Бюджэт сёлетніх выбараў складае больш за $10 млн. Калі па іх выніках у Беларусі не зьявяцца дэпутаты-апазыцыянэры, значыць гэтыя грошы таксама можна было б сьмела патраціць на нешта больш карыснае.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Алесь Чайчыц

0
v / Адказаць
15.08.2016 / 17:25
дакладней, улада не пакінула ані шанца апазіцыі. бо можа сабе дазволіць.
0
belrusindustry / Адказаць
15.08.2016 / 17:52
выбары на Беларусi ? А што гэта ?
0
анон / Адказаць
15.08.2016 / 17:58
Чамусці ўсе забываюцца пра апазіцыю, якая была ў парламенце 12-13 год таму
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру