11.08.2016 / 17:40

Маці васьмімесячнай дзяўчынкі, загрызенай сабакам, прысуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі 1

11 жніўня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска абвешчаны прысуд па справе 25-гадовай мінчанкі Кацярыны Пашук, васьмімесячную дачку якой загрыз сабака. Яна прысуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 200 базавых велічынь. Прысуд абвясціла суддзя Юлія Крэпская.

Дзяржаўны абвінаваўца, старшы памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Крысціна Асран, прасіла прыгаварыць жанчыну да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі-пасяленні. Сваю пазіцыю дзяржабвінаваўца выказала 9 жніўня.

Абаронца Васіль Лушнікаў прасіў суд прызначыць абвінавачванай арышт і з улікам знаходжання яе ў СІЗА вызваліць з-пад варты ў зале суда.

Мінчанцы інкрымінавалася ўчыненне злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 159 КК (яўнае пакіданне ў небяспецы, учыненае асобай, якая сама па неасцярожнасці ці з ускосным намерам паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця або здароўя стан). Максімальнае пакаранне за гэта злачынства — тры гады пазбаўлення волі са штрафам ад 30 да 1.000 базавых велічынь.

Трагедыя адбылася позна ўвечары 27 сакавіка 2016 года ў кватэры дома па вуліцы Янкоўскага, якую здымала абвінавачваная. Пакуль п'яная маці спала, галодны, як сцвярджае абвінавачанне, хаскі пакусаў дзяўчынку за галаву і адкусіў ёй правую руку амаль па плячо. Дзіця памерла ў выніку траўматычнай ампутацыі рукі, страты крыві і шоку. Крыкаў дзяўчынкі ніхто з суседзяў не чуў, толькі неяк незвычайна скроб падлогу сабака, расказала суседка. Устаноўлена, што да трагедыі маці ў розных дозах ужывала алкаголь на працягу трох сутак. 27 сакавіка, прыйшоўшы дадому, яна паклала дачку спаць побач з сабой на канапу, а не ў дзіцячы ложак, які быў зламаны.

Чатырохмесячны на момант трагедыі шчанюк хаскі не быў зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку. Следства і абвінавачанне настойваюць на тым, што сабаку ніхто не дрэсіраваў, карміла гаспадыня яго дрэнна, жывёла галадала. Таксама абвінавачанне настойвала на тым, што дзеці Пашук галадалі. Пацвярджэння гэтаму ў судзе не знайшлося.

9 жніўня заводчык сабакі з Талачына заявіў, што гатовы забраць хаскі назад. Яго права ўласнасці на жывёлу пацверджана дамовай з Кацярынай Пашук, падпісанай у студзені гэтага года пры куплі шчанюка ў растэрміноўку. Грошы за сабаку абвінавачваная не заплаціла.

Па рашэнні суда жывёла будзе вернута заводчыку.

Заводчык падчас яго допыту ў судзе 9 жніўня заявіў, што хаскі не магла мучыць жывога чалавека. Версія гібелі васьмімесячнай Ангеліны да таго, як хаскі адкусіў ёй руку, у судзе не правяралася. У той жа час у судзе абнародаваліся вынікі экспертыз, згодна з якімі ў выпаражненні сабакі не было біялагічнага матэрыялу загінулай дзяўчынкі. А ветурач «Фаўны горада» адназначна заявіў, што хаскі ўжываў мяса з крывёю — гэта было бачна па яго калу. Ручку загінулай Ангеліны так ніхто і не знайшоў.

Адвакат Кацярыны Пашук Васіль Лушнікаў упэўнены, што кваліфікацыя яе дзеянняў па ч. 3 арт. 159 КК «завышаная» і яны ўтвараюць толькі склад злачынства па ч. 2 арт. 159 КК.

Паводле яго слоў, засталося нявысветленым, чаму сабака напаў на дзіця, не даказана, што жывёла галадала, і абвінавачанне будавалася на здагадках. «Гэта спадар няшчасны выпадак», — упэўнена заявіў абаронца падчас спрэчак 9 жніўня і ў чарговы раз папракнуў былых мужоў Кацярыны ў бяздзейнасці.

Адвакат быў абураны тым, што абвінавачанне, акрамя маладосці, не ўбачыла іншых акалічнасцяў, якія змякчаюць віну Пашук. Асабіста ён упэўнены ў яе поўным раскаянні, усведамленні віны. У абвінавачванай застаюцца двое малалетніх дзяцей, і, хоць яны жывуць у бацькоў, бацькоўскіх правоў яе ніхто не пазбаўляў.

Акрамя таго, абаронца звярнуў увагу суда на псіхалагічныя траўмы, атрыманыя Пашук. У 13-гадовым узросце на яе вачах была забітая маці. 3 ліпеня 2008 года дзяўчына пацярпела ў выніку тэракта на Дзень Незалежнасці ў Мінску.

«Яна выхоўвала адна траіх дзяцей без якой-небудзь, акрамя бабулінай, дапамогі», — заявіў адвакат 9 жніўня.

0
Н / Адказаць
12.08.2016 / 13:36
Жалко как-то несчастную.Как она теперь жить будет после такой трагедии?И судьба ее не баловала. Да еще с собакой странная история.Сплошные непонятки.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру