Міністэрства энергетыкі Беларусі накіравала расійскаму боку апавяшчэнне аб рашэнні замяніць корпус рэактара Беларускай АЭС, паведамляе прэс-служба міністэрства.
«Міжведамаснай камісіяй па ўзвядзенні атамнай электрастанцыі ў Беларусі прынята рашэнне аб замене корпуса рэактара на Беларускай АЭС. Адпаведнае апавяшчэнне Міністэрства энергетыкі накіравала расійскаму боку», — сказана ў паведамленні.
11 жніўня міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык, знаходзячыся з візітам у Цюмені (РФ), заявіў, што Мінск прыняў рашэнне замяніць корпус рэактара для энергаблока БелАЭC. «Ужо рашэнне прынята аб замене», — сказаў ён. Кажучы пра кошт замены абсталявання, міністр адзначыў, што гэта — прадмет перамоў з расійскім бокам.
Паколькі афіцыйных заяў аб замене корпуса рэктара ў дзяржкарпарацыю «Расатам» не паступала, там заявілі, што лічаць заўчасным каментаваць сённяшняе выказванне Патупчыка. У прэс-службе генпадрадчыка будаўніцтва таксама ўдакладнілі, што субпадрадная арганізацыя — ЗАТ «Сезам», якая дапусціла ўзнікненне няштатнай сітуацыі на пляцоўцы пабудовы БелАЭС, не ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі «Расатам».