12.08.2016 / 15:37

Звезда искусства белорусской вышивки живет в Канаде 7

Ірына Варабей — заснавальніца беларускага мастацка-дызайнерскага брэнду ў Канадзе «Spirit of Belarus».

«Spirit of Belarus» (Ірына Варабей) — сталы ўдзельнік штогадовага Фестывалю рукатвораў у Таронта, Канада («CreativFestival»). На сайце фестывалю адчынены персанальны блог кампаніі «Spirit of Belarus».

«Spirit of Belarus» — сталы карэспандэнт адзінага ў Канадзе часопіса рукатвораў «A Needle Pulling Thread». Да гэтага часу у ім апублікавана ўжо 15 работ Ірыны Варабей.

Ірына Варабей — сябра Гільдыі канадыйскіх дызайнераў вышыўкі, Канадыйскай асацыяцыі вышывальніц, Таронтаўскай гільдыі вышывальніц.

Ірына Варабей — дызайнер, выкладчыца ў галіне вышыўкі, арганізатарка класаў і варштатаў па навучаньні традыцыйнай беларускай тэхніцы вышыўкі і па прасоўваньні й замацаваньні тэрміна «Belarusan Nizanka» у Заходнім Cьвеце.

Ірына Варабей — уладальніца некалькіх інтэрнэтных крамаў, гаспадыня спецыялізаваных сайтаў, блогаў і г.д.

Дзьве работы Ірыны Варабей увайшлі ва ўсеканадыйскае шоу-турнэ «Threadworks-2016».

Адметнасьць вышывальных дызайнаў Ірыны — у арыгінальным, незвычайным для канадыйскіх вышывальніц стылі «этнамадэрн», які яна выпрацавала сама, спалучаючы сучасныя тэхнікі вышывання з традыцыйнымі беларускімі арнаментамі й вобразамі.

Статыстыка электронных рэсурсаў Ірыны Варабей штотыдзень фіксуе ад 1000 да 3000 наведванняў. Толькі за адзін год існаваньня дзьвюх інтэрнэтных крамаў «Spiritof Belarus« налічана больш за 4000 наведваньняў з амаль 60 краінаў сьвету, шмат зь якіх сканчваліся набыцьцём схемаў для вышыванкі. Больш за 550 беларускіх дызайнаў ужо раз'ехаліся ў тузіны розных краінаў сьвету, пачынаючы ад ЗША да Паўднёвай Афрыкі.

Аднойчы, яшчэ ці ня ўвосень 2013, запытаўся у Іры Варабей: «Колькі ўжо часу ты тырбаесься голкамі-ніткамі пад брэндам ''Spirit of Belarus''?»

«Сваечасовае пытаньне, — усьміхнулася Іра, — сёлета маёй кампаніі спаўняецца 5 год.» — і ўсё якась ціха, сьціпла. Ціха і ў таронтаўскай грамадзе, якая ніяк не заўважыла пяцігадовага існаваньня першага беларускага брэнда ў Канадзе, створанага іхняй суайчыньніцай.

— Дык напішы пра сваю працу.

— Сама пра сябе? Неяк няёмка…

— Давайма ў выглядзе інтэрвію.

— Каму?

— Мне…

Разгаварыць Ірыну сталася цяжкім заняткам. Лазіў па ейнаму сайту, шукаў зачэпкі для пытаньняў. Нешта сабралося й праз Фэйсбук і ейны блог. Выпрошваў падзяліцца матэрыяламі зь ейнага собскага архіву. Ставіў удакладняючыя пытаньні… Цягам шматлікіх роспытаў і цікавых гутарак з Ірынай я настолькі захапіўся вышываньнем і ўвайшоў у справу, што, напэўна, і сам ужо гатовы вышываць ці даваць варштаты. Размоваў было шмат, і пэўна што, толькі часткай зь іх магчыма падзяліцца ў публічным выданьні. Насамрэч іх хапіла б на цэлую кнігу, бо выявілася, што за кожным дызайнам ці праектам стаіць цэлая гісторыя жыцьця з цікавым расповедам.

Алесь Кот: У выніку сваіх даследніцкіх росшукаў па ўсіх тваіх віртуальных рэсурсах зрабіў для себе выснову, штоBы — нашая беларуская знакамітасьць у Канадзе. Ні меньш, ні больш…

Ірына Варабей: Ну, не ва ўсёй Кандзе (сьмяецца). Але ў адметных, вышывальніцкіх колах — так, мяне ведаюць. Ведаюць, што ёсьць такая кампанія, што робіць дызайны на этнічным, беларускім матэрыяле.

А.К.: А наколькі навогуле распаўсюджаны ў Канадзе гэты занятак — вышывальніцтва?

І.В. Вельмі папулярны. Даўней тут вышывалі ў кожным доме. Цяпер меней, але ў кожным мала-малым мястэчку ёсьць свая гільдыя-клюб вышывальніц. І шмат зь іх зьяднаныя ў Канадыйскую асацыяцыю вышывальніц. Пры кожнай спецыялізаванай краме таксама існуе студыя-клюб. Вельмі шмат вышывае неарганізаваных жанчын, проста аматарак. І актыўная цікавасьць да вышываньня як занятку апошнім часам ізноў расьце.

А.К.: Мяркуючы па здымках ў Сеціве, у кампаніі «Spirit ofBelarus» ёсьць нават фан-клаб…

І.В. Так, кожнага разу прыхожу на фестываль, а мяне там ужо нехта шукае, пытаюцца, што новага.

А.К. Вашыя каляжанкі па Таронтаўскай гільдыі вышывальніц з захапленьнем распавядаюць у блогах, якія цікавыя, унікальныя Вашыя дызайны, адрозныя ад таго, што яны прызвычаіліся бачыць, як хутка, літаральна на іхных вачoх, Bы зрабілi такі ашаламляльны прагрэс, і як яны ганарацца Вамі. Ставяць Ваc на ўзровень самых знакамітых дызайнерак Канады. Гэтак Вашaя сяброўка Розмары, калі мы разам з Вашым сынам Антосем наведвалі Таронтаўскую гільдыю ў дзень адкрытых дьвярэй, хвалілася нам у размове: ''Нашая Taронтаўская гільдыя вельмі адметная ў параўнаньні з іншымі. Чаму? Бо ў нашай гільдыі ёсьць такія сябры, як Барбара Керш'ю, Даяна Скот, Ірына Варабей. Бо гэтыя мастачкі — яны іншага ўзроўню. Яны — дызайнеры, яны маюць кампаніі, яны публікуюцца (часопісы, баршуры, кнігі), яны выкладаюць…»

І.В. …Тут я захлынулася тым, што яна мяне побач з Барбарай паставла…

А.К. А Розмары працягвае: « Так, Ірына, так! … У цябе ёсьць кампанія. Ты публікуесься ў часопісе. Ты даеш класы. А гэта — зусім іншы ўзровень. Шмат у якіх гільдыях такіх адметных, такога ўзроўню людзей няма. Ты — наш гонар на ўсю Канаду!»

І.В. Яны ўсе мне шмат дапамагалі. Проста пхалі мяне наперад. Я ім вельмі ўдзячная. Бяз іх нічога б і не было. Я пра гэтa ім і сказала. Проста выйшла да мікрафона на студзеньскім паседжаньні, i распавяла, што гэта ж сёньня якраз 10 год, як я прыйшла ў гільдыю. І для мяне гэта — маё сьвята, мой юбілей. Натуральна, я дзялю яго з імі. … Узгадала, як я ішла туды першы раз. Каленкі трэсьліся. Ото ж — нейкая эмігрантка з ламанай ангельскай… Страшна… А ведаеш, як мяне прынялі? Як быццам доўга-доўга мяне тут чакалі. Мне нават апякунку прыставілі, каб тлумачыла ўсё, дапамагла адаптавацца. А Іка Джэкавіч адразу ж падхапіла ад мяне адзін сымбаль для адзначэньня Дня Маці. Усе яго вышывалі… Дык Іка — яна наагул «хросная маці» маёй кампаніі. Я ёй гэта таксама сказала тады.

А.К.: Твая сяброўка Ірына Аксёнава распавяла, як аднойчы цябе прымалі ў адной з крамаў для вышывальніц. Вы неяк зайшлі туды разам, і спачатку нацябе не звярталі ўвагі, пакуль ты не заўважыла мімаходзь, што вось, маўляў, у гэтым часопісе апублікаваны твае работы. Яны, як даведаліся, што ты тая самая Ірына Варабей з таго самага «Spirit of Belarus» — ня ведалі, дзе цябе пасадзіць, як абслужыць!

І.В. Ну, было такое (сьмяецца). Гэта была адна дальняя крама, я там рэдка бываю. Бо, напрыклад, ў краме «Gitta’s» — самай буйной у Антарыа — мяне добра ведаюць асабіста. У 2013 г. яны нават запрашалі мяне разам з іншымі самымі вядомымі дызайнеркамі з Антарыа на праграму «Дызайнер месяца».

А.К. А што за праграма?

І.В. Кожны месяц у залі крамы рабілі прэзентацыю аднаго з вядомых дызайнераў Антарыа, якая ўлучала выставу работ, продаж схем да іх, сустрэчы з дызайнерам, варштаты. Я тады давала там свой першы варштат па беларускай тэхніцы (і напэўна, самы першы беларускі варштат у Канадзе, прынамсі, пра іншыя я ня ведаю).

А.К.: Дарэчы, пра выставы. Ты ладзіш іх і па-за гэтым знакамітым Фестывалем рукатвораў. Колькі і дзе сталася зладжанымі іх?

І.В. Ой, Алесь, ня тое, каб я іх сама ладзіла. Дастаткова таго, што мяне часта запрашаюць на ўсялякія імпрэзы. У вышывальніцкіх колах ладзіцца шмат рознага кшталту шоу, выставаў, дэманстрацый. Гэта бывае і поўны дысплэй з усімі маімі работамі, а бывае — толькі часткова, тэматычна, супольна з іншымі дызайнерамі. Я не магу зараз наўскідку ўзгадаць усе. Але пра іх распавядаю на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і ў сваім блогу.

А.К.: Гэта ўсё выставы ў канадыйскім асяродку. А свае, беларусы Таронта, Манрэалч, Атавы, Вашыя работы бачылі?

І.В.: Толькі тыя, што прымалі удзел у Сустрэчах Беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Кліўлендзе, Саўт-Рыверы, Ню-Ёрку.

А.К. І ніводнай выставы, напрыклад, ў нашым Беларускім цэнтры ў Таронта? Чаму?

І.В. Я, Алесь, заўсёды з задавальненьнем прымаю запрашэньні на імпрэзы ад усіх этнічных суполак. Два разы ўдзельнічала ў знакамітай якуцкай «Юрце Міру» ў Metro Hall, у расейскай «Born in the USSR», прыняла ўдзел у Сьвяце вуліцы Atlantic у Ню-Ёрку, украінскім фестывалі, татарскім Сабантуі, прывозіла работы ў Гайлянд-Парк (ЗША). Нават студэнтам не адмаўляю ў іхных Днях Нацый…

А.К. А ў сваёй айчыне прарока няма. …Іра, твае каляжанкі па гільдыі ўвесь час распавядаюць пра цябе, што ты ня проста вышывальніцa, але і ў першую чаргу дызайнеркa. У чым тут розьніца? Што гэта такое — дызайнер на вышывальніцкай дзялянцы?

І.В. У тым, што дызайнер — гэта, як ужо казалася, іншы ўзровень. Гэта той, хто стварае схемы для вышыўкі. Ну, вось Bы займаецeся вышываньнем. І Bы хочацe вышыць такую карцінку, і Bам патрэбная для гэтага схема, як яе вышываць. Вось я раблю такія схемы. Спачатку сама вышываю карцінку-мадэль, а тады раблю да яе схему. Іх набываюць канадыйкі, амерыканкі — і вышываюць па іх розныя штучкі для свайго ужытку. Набылі яны, значыць, мае схемы, патрымалі ў руках, пачыталі артыкулы-анатацыі, мо хто палез у сеціва даведацца болей пра цікавую краіну Беларусь… Але галоўнае — на працягу месяца, двух, а то й болей (каторыя і год) — яны будуць тое ВЫШЫВАЦЬ, ды ўсё з думкамі пра нашу Беларусь. Потым ці то павесяць гэта на сценку ў хаце, ці камусьці падораць — і тады нехта яшчэ даведаецца пра нашую цудоўную краіну. Болей за тое, шмат якія з работ стануцца пакінутымі іхным дзецям-унукам у якасьці спадчыны. А паколькі вышыўка — гэта дзея магічная, то чалавек сваімі думкамі падчас работы аб беларускім дапамагае ствараць духовы эгрэгар для Беларусі…

Думкі пра гэтa і натхняюць мяне ўтрымоўваць такую справу, як дызайнерская кампанія «Spirit of Belarus».

А.К. Аднойчы ты ўзгадвала пра напісаньне «BelarusanNizanka Online Step-By-Step Tutorial« — то бок падрабязнай, пакрокавай інструкцыі для пачаткоўцаў, што жадаюць самастойна навучыцца тэхніцы «беларуская нізанка». Бо перш чым пачаць выкладаць ў сваіх крамах дызайны, зробленыя ў гэтай тэхніцы, ты мусіла б навучыць людзей, як яе вышываць: паказаць і патлумачыць асноўныя швы і метады. Тады ты меркавала, што атрымаецца амаль што невялічкая кніжка, са здымкамі, схемамі і г.д. І яшчэ ты марыла выкласьці гэты «Туторыял» у сеціве па розных рэсурсах, каб яе магчыма было спампаваць кожнаму. На якім этапе гэтая справа цяпер?

І.В. На сёньня я скончыла сваю «кнігу» — туторыял па беларускай тэхніцы «нізанка». На гэта пайшло ўсё маё лета 2015 года… Кнігу магчыма паглядець тут.

Скажу так, гэта «Кніга Жыцьця»… Mагчыма, дзеля яе мяне й прыгнала ў Канаду.

Бо пройдзе час, пайду я, забудуцца мае дызайны. Згубяцца і тыя мае вышыванкі, што зроблены ў нізанцы. А тэхніка з назвай «Belarusan Nizanka» застанецца навек… Гэтак жа, як існуюць у сьвеце тэхнікі Japanese Sashiko, Norwegian Hardanger, Swedish Weaving, нават Ukrainian Merezhka.

Вывесіла яе ў свае крамы толькі ў кастрычніку 2015, бо была занятая іншым праектам. Гэты праект прапанавалі ў Брытанскай Калюмбіі. Там маюць зрабіць дэманстрацыйны дысплэй з рознымі відамі тэхнік для адукацыі. Я вырашыла зрабіць дызайн з беларускай нізанкай, каб і яна была там прадстаўленая. Гэта вельмі цудоўны шанец для знаёмства з беларускай тэхнікай і для зацьверджаньня назвы «Belarusan Nizanka». Сам праект можна пабачыць тут.

А.К. «Belarusan Nizamka Tutorial« ужо апублікаваны ў інтэрнэтных крамах кампаніі «Spirit of Belarus«? І ёсьць ужо нейкія вынікі? Мо ідзе продаж?

І.В. Ты забыўся: я не прадаю яго. Людзі могуць спампаваць яго бескаштоўна.

Мушу сказаць, што зь ім зрабіўся нейкі нечуваны для мяне «выбух інтэрнэту». У Фэйсбуку маю абвестку аб ім наведалі за суткі 3 тысячы чалавек, за тыдзень — болей за 6 тысяч. За першы тыдзень «Туторыял» спампавалі з крамы 35 чалавек з 15 краінаў сьвету. Упершыню да маіх карыстальнікаў далучыліся такія краіны, як Паўдзённая Карэя і Беларусь (усьміхаецца).

А.К. Ірына, дазволь вярнуцца ў самы пачатак твае вышывальніцкае эпапеі тут, у Паўночнай Амэрыцы. Што сталася пачаткам? З чаго пачаўся ўдзел у выставах у Канадзе?

І.В. Пра пачатак майго ўваходу ў канадыйскае вышывальнае жыцьцё я ўсё мару напісаць сама, ды, бач, рукі не даходзяць.

Дык вось. Нехта неяк, даведаўшыся ў размовах, што я там нешта сабе вышываю, запытаўся, ці ведаю пра традыцыйны Фестываль рукатвораў ў Таронта, дый даў мне інфармацыю пра яго. І вось ўвосень 2004 г. я ўпершыню туды трапіла. Гэта быў шок для мяне. Ужо другі. Бо першы адбыўся, калі я ўпершыню зайшла ў вышывальную краму…. Там, на фестывалі, я здабыла інфармацыю пра Таронтаўскую гільдыю. Праз колькі месяцаў набралася сьмеласьці і прыйшла туды. Прынесла паказаць свае працы. Каб Bы мaглі уявіць сабе, як мяне там сустрэлі! … Трапіла я туды таксама ў адметны час: у гэты год таронтаўцы прымалі Семінар, які Канадыйская Асацыяцыя ладзіць штогод у розных гарадох Канады (Таронтаўская гільдыя і іншыя гільдыі — сябры гэтае Асацыяцыі). Я з захапленьнем назірала, як зладжана працавалі жанкі-арганізатары — як у іх усё дакладна, разьмеркавана. Як у войску. Але тут здарылася, што на самым напярэдадні сэмінару ў іх не апынулася фатографа. Я прапанавала свае паслугі, і мяне «залічылі ў штат». А ў якасьці бонусу (акрамя пропуску на ўсе мерапрыемствы семінару ўлучна з заключным банкетам) я мела цэлы асобны стол для дысплею сваіх работ на шоу-выставе. Я прынесла толькі тыя работы, што былі зроблены на беларускую тэматыку. І вось хаджу сабе па залі, такі штатны фатограф, бачу ўсіх, хто прыходзіць на выставу, хто што кажа. І адзначаю між іншым рэакцыю кожнага, хто падыходзіць да «майго» стала. І бачу, як ім цікава! Як гэтыя арнаменты абуджаюць у іх нейкія свае ўспаміны!.. Падыходжу. Пачынаем размаўляць, і я пераконваюся, што этнічная тэма — гэта тое, што яны зараз падсьвядома шукаюць для сябе, наеўшыся ўжо гэтым сваім віктарыянскім стылем. Нехта спытаўся, ці маю схемы да тае ці іншае работы…

І пайшло…

Зладзіць схемку — гэта не так сабе справа, ня проста чарцёжык накрэмзаць. Трэ' ўсё аформіць поўным буклетам з інструкцыяй, уводным тэкстам, колеравай схемай. І не так сабе, а цывілізавана, маркетынгава. Назоў кампаніі, лагатып, мота (дэвіз), адметны стыль дызайна саміх буклетаў.

Трэ' было вучыцца даваць інструкцыі на ангельскай мове. Вучыцца самой мовы: тэрміналогіі, слэнгу, афармленьню ўсяго буклету — каб ўсё тое мела камерцыйны выгляд. У гэтай сувязі мушу назваць яшчэ адное імя — Іка Джэкавіч (Ietje Jakovich) — дызайнерка, мая сяброўка па гільдыі. Яна кантралявала ўсё, да кожнай коскі, заадное навучала, дапамагала. Адначасова, паралельна з распрацоўкай ідэі сваёй кампаніі, я працавала над дызайнамі.

Далей больш. Захапілася новымі тэхнікамі. А як інакш? Мы ў сябе там толькі крыжык і ведалі. Я нават не падазравала аб існаваньні столькіх спосабаў «маляваньня ніткамі». Шторазы прыходзіш на паседжаньне гільдыі — а там традыцыйны пункцік агенды — «show-and-share (пакажы-і-падзяліся)» — гэта кожная прыносіць паказаць, што яна навышывала. Столькі ўсяго цікавага! А потым майстар-класы па розных штучках-дручках… Я са сваім крыжыкам і сумелася… Вось і захацелася паспрабаваць, а што як зрабіць дызайны ў розных тэхніках, але на падставе беларускіх арнаментаў. Так выпрацаваўся ў мяне свой стыль — такі «этна-мадэрн».

Калі ў мяне сабралася ўжо прыстойная калекцыя работ і схем, на чарговым фестывалі, увосень 2008г., Іка пазнаёміла мяне з рэдактаркай адзінага канадыйскага часопіса для рукатворніц ''A Needle Pulling Thread'' Карлай Каноніка (Carla Canonico). Тая проста схапіла мае буклеты вохапкам, прыціснула да грудзей: «Гэта тое, што трэба!..» Першая публікацыя была заплянавана на вясну 2010 г. Але прыняць удзел у фестывалі ў якасьці дызайнера-карэспандэнта часопіса Карла запрасіла ўжо ўвесну 2009 г. Вось ад таго часу і ўдзельнічаю ў кожным фестывалі.

Ад восені 2008 г., калі ад імя кампаніі ''Spirit of Belarus'' падпісала дамову з часопісам, я і адлічваю пачатак яе існавання. 

А.К. Іра, а навогуле, як і калі ты пачала займацца творчасьцю: пісьменствам, вышываньнем? Адкуль пайшлі першыя штуршкі да першага й другога?

І.В. Заўсёды бянтэжуся такім пытаньнем. Лёгка сказаць, што ўсім (і пісьменствам, і вышываньнем, і фатаграфіяй, дарэчы) пачала займацца ў Канадзе. Але з усім гэтым я мела нейкі свой досьвед яшчэ ўдома ў Беларусі. У юнацтве нешта пісала (вельмі хацелася пісаць, аж у руках сьвярбела), але ўсё пад падушку, бо сваю пісаніну пісьменствам не ўважала. У дзяцінстве навучылася вышываць, як усе дзяўчынкі, і так мне гэта спадабалася. Але схемак было не дастаць, і я спрабавала рабіць свае — малявала на клятчатым аркушы. Вышываць хацелася таксама аж да сьвербу ў руках, але так і не давялося, бо прыйшлося шмат рабіць на прутках (вязаць), каб займець нейкі дадатковы прыбытак.

Па-сапраўднаму вышываць выдалася ўжо тут, у Канадзе. Штуршкоў ніякіх не было. Я з гэтай марай — вышываць — сюды так і ехала. Нават яшчэ мроілася нешта такое… неакрэсьленае, бо ніякага ўяўленьня ня мела, як гэта ладзіцца ў чужой краіне … як бы гэта ствараць самой схемы для вышыўкі для кампаніі, што іх прадае. У першыя ж дні знайшла краму, спецыялізаваную для вышывальніц, набыла ніткі, схемы, пачала вышываць. Потым у адным часопісе ўбачыла рэкляму кампутарнай праграмы для стварэньня схем вышыўкі крыжыкам. Скажам так, маё засвойваньне кампутара ды ангельскай мовы адбывалася менавіта праз гэтую праграму.

А.К. А ці наведвае цябе іншым часам пачуцьцё перамогі? Калі і з якой нагоды?

І.В. Такое пачуцьцё мне знаёмае. Апошнім разам цешылася ім у юнацтве, калі займалася спортам ды працавала трэнерам. У цяперашнім жыцьці яно мяне не наведвае, бо я да яго і не імкнуся. …. Памятаецe, быў такі персанаж у фільме «Обыкновенное чудо» — паляўнічы з навучэнцамі. Ён ужо даўно не палюе, бо часу ня мае, бо ўвесь час выдаткуе на збор сэртыфікатаў пра тое, які ён выбітны паляўнічы. Дык вось, між сэртыфікатамі і паляваньнем я выбіраю паляваньне. Я хачу паляваць: вышываць, дызайніць, перакладаць… Мне падабаецца сам працэс. Я насалоджваюся ім. І ў гэтым працэсе неяк ня бачу ні мейсца, ні сэнсу для спаборніцтва, суперніцтва, а значыць, і перамог. Я ня ведаю, каго, як і ў чым я перамагаю і ці трэба. …Ёсьць, праўда, адно падобнае пачуцьцё, калі працуеш над новым дызайнам, новай ідэяй, тэхнікай… Ведаецe, дызайн у вышыўцы — гэта як пазл, бывае чыста геаметрычная галавакрутка… Круціш-верціш яе… І тады раптам усё становіцца на свае мейсцы — і ты трыумфуеш: еесс, усё сышлося, спрацавала!

Хаця… ты маеш рацыю, мушу паправіць сябе. Сапраўднае пачуцьцё перамогі ўсё ж адчуваю, калі, напрыклад, на выставах нехта ўсклікне: «Ой, я ведаю гэтую дызайнерку! Гэта ўсё ў яе — беларускае!»… Калі мае навучэнкі перад варштатам пачынаюць робіць вышукі аб беларускай нізанцы і ўвогуле аб Беларусі, а потым такія пытаньні мне задаюць! «А праўда, што Беларусь мае тысячагадовую гісторыю?»… Або вось незнаёмая мне амерыканка дасылае на маю cтаронку ў Фэйсбук здымак сурвэткі, якую толькі што набыла ў камісіёнцы, і яна хваліцца, што набыла яе менавіта таму, што пазнала ў ёй вышыўку беларускай нізанкай. Вось калі я даведваюся, як людзі ўжо пазнаюць беларускі арнамент, беларускі «visual image», вылучаюць яго сярод мноства іншых этнічных — і гэта дзякуючы іхнаму знаёмству з кампаніяй «Spirit of Belarus», гэта для мяне — сапраўднае пачуцьцё перамогі.

А.К. І як звычайна напрыканцы такога кшталту размоваў прынята запытвацца ў творчае асобы пра пляны на будучыню.

І ці маюць мейсца цяжкасьці? Што ці хто замінае дзейнасьці ў вышывальніцтве, пісьменстве? Ці бываюць моманты, калі апускаюцца рукі?

І.В. Плянаў — грамадзьдзё! Ведаеш, калі б мой рабочы скетч-нататнік быў папяровым, ён стаўся б памерам з некалькі тамоў «Вайны і міра» (смяецца). Але ў мяне ўсё ў кампутары, усё — тэчкамі, тэчкамі… Я ведаю, што майго жыцьця на ўсе мае ідэі і праекты ня хопіць. І вось, калі пра гэта думаеш, «ахоплівае роспач і апускаюцца рукі». Я сьпяшаюся, каб хоць неяк пасьпець ажыццявіць хоць частку сваіх праектаў.

Цяпер пра цяжкасьці. Мне ніхто не замінае «паляваць». Ёсьць адзін «замінальнік» — час. Ці, дакладней, яго адсутнасьць. Не хапае…

А яшчэ «рукі апускаюцца», калі як ні круці, але даводзіцца «зьбіраць сэртыфікаты». А менавіта. Трэба займацца вэб-сайтам, рэклямай, інтэрнэт-крамай, друкаваньнем, усёй папяровай работай, кампутарнай ды інтэрнэтнай працай, працай над новымі і новымі буклетамі. Каб хто іншы гэта рабіў, а я толькі дызайніла, то колькі яшчэ праектаў магчыма было б выканаць!..

Акрамя згаданага, добры кавалак часу аддаецца на падрыхтоўку матэрыялаў практычна ў кожны нумар часопіса. А ведаеш, колькі часу йдзе на самаадукацыю, на навучаньне? Шукаю сайты, кнігі, здымкі. Хаджу па бібліятэках, спампоўваю, чытаю, спрабую — вучуся. Даганяю сваіх канадыйскіх каляжанак, якія гэтаму зь дзяцінства вучыліся, курсы пасканчалі. Зьбіраю свой банк-бібліятэку. Трэ' было б заняцца і тэрміналёгіяй — слоўнікам з ангельскай на беларускую. У нашай жа мове нават словаў такіх няма. Тое-сёе ўжо сама вынаходжу-прыдумваю.

Мяне адной на ўсё не хапае. Памятаецe, як Зіна [Старшыня БІНІМ у Канадзе Зіна Гімпелевіч. — А.К.] на сустрэчы ў Саўт-Рыверы ў 2010 г. сказала, што ў нас кожны сябра інстытуту — сам па сабе цэлы інстытут. Вось тут у мяне інстытут-майстэрня-студыя… І я ў ёй адна.

А.К. У кожнага свае мары. Чым асоба маладзейшая, тым яна ружавейшая. Пра што марыць гаспадыня ''Spirit of Belarus''?

І.В. Першае. Мару пра такую гільдыю, арганізацыю, кшталту як тут, у Канадзе ці Штатах, але каб у Беларусі. Свой часопіс, сайт-форум (і не адзін), база стыляў-тэхнік, бібліятэкі, курсы, майстар-класы, семінары, выставы, конкурсы, фестывалі… Таронтаўская гільдыя зьбіраецца штодваразы на месяц. І гэтага не хапае — жыцьцё кіпіць!

Другое. Каб усе беларускія жанчыны пабралі ў рукі свой найстаражытнейшы інструмент — іголкі. І пачалі тварыць.

Трэцяе. Кампанія «Spirit of Belarus» — не зачынены саміт. Хачу, каб у кампаніі зьявіліся яшчэ дызайнеры, мастакі, якія б працавалі пад гэтым брэндам. Маладзейшыя за мяне. Таленавіцейшыя. І ня толькі ў вышыўцы. Магчыма, і ў пэчўорке, пацерках, лямцы, набіваньні дыванкоў — у любых відах рукадзельля. А вось — саломка, інкрустацыя, выцінанка. Тут нават ня ведаюць, што гэта такое…

Хачу вучняў, пераемнікаў. …Бо я пайду — а што станецца з кампаніяй? … Куды мае работы? Вось ад такіх думак іншым часам апускаюцца рукі…

A.K. Дзякуй за размову, Іра. I на сканчэньне з найвялікшай прыемнасьцю маю агучыць тое ж, што й з нагоды Вашaгa Дня Народзінаў:

''Каб іголкі ня іржавелі й ніткі бясконца зьбягалі са шпулек на палатно, утвараючы новыя дыяманты Беларушчыны, што расквечваюць чопарны віктарыянскі стыль канадыйскага вышывальніцтва.

Здароўя й шчасьця праз радасьць бачаньня вынікаў свае ахвярнае працы, бачаньня захопленых паклоньнікаў Вашaгa мастацтва.

Трымайцeся. Час для выбуху Вашае сапраўднае славы яшчэ наперадзе. Памятайцe, што ёсьць людзі, якія ведаюць Bac, шануюць Bac й зычаць Baм толькі добрае. Сьвятло людзкое дабрыні абароніць Bac ад цемры зла.''

I.B. Яшчэ раз дзякуй Вам, Алесь, за падтрымку справы ''Spirit of Belarus’’.

Паважаны чытач, калі ласка, зазірніце на наступныя бачынкі:

Блог «Spirit of Belarus»

Камерцыйная старонка ‘’SoB’’ у Фэйсбуку

Галерэю работ можна пабачыць тут.

Персанальны фэйсбук мастачкі.

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?

Алесь Кот

0
гэля / Ответить
12.08.2016 / 14:02
Якая прыгажосьць!
0
кот / Ответить
12.08.2016 / 14:49
На безрыбье и рак рыба.
0
Русафоб, Змагар, Свядомы, Пан, Беларус-туркабандэравец / Ответить
12.08.2016 / 15:03
Можа у беларускай транслiтарацыi прозвiшча Верабей ?
Показать все комментарии/ 7 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера