Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін звольніў кіраўніка сваёй адміністрацыі Сяргея Іванова. Новым кіраўніком адміністрацыі стаў Антон Вайна. Вайна — эстонец. Ён нарадзіўся ў 1972 у Таліне. Ягоны дзед Карл Вайна 10 гадоў — з 1978 да 1988 узначальваў Савецкую Эстонію. Вайна-ўнук скончыў дыпламатычны інстытут у Маскве (МГІМО) і ўсё жыццё адпрацаваў у расійскіх дзяржаўных структурах.

Вайна-дзед пасля адстаўкі жыў у Маскве — у Эстоніі яго не любілі. Зрэшты, Вайна-дзед і нарадзіўся ў Расіі, у Томску, у сям'і эстонскіх работнікаў. У Маскве жыў і Вайна-тата.

Іванова прызначылі спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта Расіі па пытаннях прыродаахоўнай дзейнасці, экалогіі і транспарту.

Пра гэта паведаміла прэс-служба Крамля.

Антон Вайна раней быў намеснікам Іванова.

У час сустрэчы з Івановым Пуцін заявіў, што ён яшчэ ў 2012 годзе прасіў яго не выкарыстоўваць на пасадзе кіраўніка АП больш за 4 гады. Таксама, па словах Пуціна, кандыдатуру Вайна на пасаду кіраўніка АП прапанаваў сам Іваноў.

Антон Вайна таксама ўвайшоў у склад Рады бяспекі. Пры гэтым Іваноў захаваў сваё месца ў Радзе бяспекі РФ.

Таксама Пуцін уключыў у Раду бяспекі свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў Сібірскай федэральнай акрузе Сяргея Мяняйлу (раней быў «губернатарам Севастопаля»), паўпрада ў Паўночна-Заходняй акрузе Мікалая Цуканова і намесніка сакратара рады бяспекі, былога міністра ўнутраных спраў Рашыда Нургаліева.

Сяргей Іваноў займаў пасаду кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расіі са снежня 2011 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?