Беларускі беспілотнік не парушаў паветраную прастору Літвы, паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

«Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, у паказаны літоўскім бокам час у дадзеным раёне квадракоптэрам «Фантом 3» ажыццяўлялася аэраздымка для фільма-прэзентацыі абноўленага пагранічнага пераходу «Прывалка». Пры гэтым беларускім беспілотным лятальным апаратам не было дапушчана парушэнняў паветранай прасторы Літвы. Пра гэта адназначна сведчыць як відэазапіс, так і аўтаматычна захаваныя апаратам GPS-логі палёту, якія мы гатовы прадаставіць літоўскім калегам», —падкрэсліў ён.

Дзмітрый Мірончык адзначыў, што ўсе неабходныя тлумачэнні па гэтым пытанні цалкам маглі б быць атрыманыя літоўскім бокам праз спецыяльна заснаваны механізм пагранічных упаўнаважаных дзвюх краін. «Вывад пытання на ўзровень знешнепалітычных ведамстваў толькі зацягвае працэдуру атрымання інфармацыі і дае падставу для неабгрунтаваных спекуляцый на адчувальную тэму бяспекі межаў і паветранай прасторы», — растлумачыў ён.

Нагадаем, раней Літва ўручыла Беларусі ноту з нагоды парушэння яе паветранай прасторы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?