13.08.2016 / 15:53

«Непрезентабельный вид, лишённый какой-либо эстетической красоты» — у Давыд-Гарадку зносяць дом. Боль у тым, што ў 1940-х яго ўласнікаў рэпрэсавалі, а цяпер нашчадкам адмаўляюцца не тое што вярнуць, а нават прадаць 33

«Я рэдка пішу нешта. Але цяпер трэба, — звярнулася ў фэйсбуку жыхарка Мінска Надзея Туроўская. — Спачатку караценька сутнасць пытання. 

Ёсць двухпавярховы будынак 1936 года пабудовы, у добрым стане. Мясцовыя ўлады хочуць яго знесці. Бо стары і не падабаецца. А я хачу, каб ён яшчэ пастаяў. Бо цалкам прыдатны да эксплуатацыі.

Бо ў горадзе больш падобных будынкаў няма. І з асабістых прычын. Ніжэй — падрабязнасці.

У старажытным Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці не так шмат старых будынкаў. Драўляных даваенных, вышэйшых за адзін паверх, усяго два. Адзiн з іх — былая гасцініца, пабудаваная ў 1936 годзе.

Яшчэ чатыры месяцы таму тут спыняліся госці горада. А цяпер будынак хочуць знесці. Бо ягоны балансавы кошт стаў нулявым. І, відаць, таму, што асабіста старшыні райвыканкама Пратасавіцкаму Г.В. так хочацца.

Бо будынак у нармальным стане. У ім, дарэчы, ёсць і вадаправод, і каналізацыя, і цэнтральнае ацяпленне, што вельмі рэдка тут у Давыд-Гарадку. Трошкі ўмацаваць фундамент у адным месцы, трошкі касметычнага рамонту — і можна карыстацца.

У дужках заўважу, што, напрыклад, у будынку, дзе месціцца Дом дзіцячай творчасці, прыбіральня — на вуліцы. І топяць печкай. Дзецям от зімой добра, мяркую. Але не, у Столінскага ЖКХ, якому належыць будынак, няма сродкаў на рамонт. Хочуць знесці.

(Хаця і на знос грошы не надта ёсць, як нам сказаў загадчык ЖКХ, бо павінны былі ўжо знесці, нам пашанцавала.)

Гэта былі сухія факты, цяпер лірыка. Хаця таксама — факты. Гэты дом будаваў уласнаруч мой прадзед разам з маім дзедам і астатнімі сваімі сынамі.

У 1936 годзе, пасля вялікага пажару, калі стары іх дом, як і палова Давыд-Гарадка, згарэў. У прадзеда было 9 дзяцей. Мой дзед — пяты.

На першым паверсе была крама і каўбасня. Самі рабілі тыя каўбасы і прадавалі.

Дзед казаў, ажно з Пінска і з Мазыра прыязджалі за імі людзі. У 1939 годзе прыйшла савецкая ўлада. Дом забралі, канечне. Кулакі бо. (Ага, кулакі: дзед з 7 гадоў коней пасвіў па начох з братам.) Дзякуй, што не саслалі адразу. Потым вайна, пасля вайны

прадзеда арыштавалі, у Менску ў турме ён памёр… Магіла нам невядомая.

Трэба зрабіць запыт у КДБ, відаць. Можа, адкажуць што.

Але гэты дом, які ўсе пасляваенныя гады быў мясцовай гасцініцай, радаваў мяне і маіх сваякоў сваім існаваннем. Як помнік прадзеду. І проста прыгожы вялікі дом. Калі б у Беларусі быў прыняты закон аб рэстытуцыі, яшчэ гадоў 20 таму дом бы вярнулі. Не мне, канечне. Тады яшчэ жывы быў дзед, ягоныя два браты, тры сястры…

Яны б, можа, сабраліся разам, вырашылі, што далей з домам рабіць. Але рэстытуцыі няма. І з дзяцей майго прадзеда ўжо нікога жывым няма. А дом ёсць.

І яго хочуць знесці.

Разумеючы, што лірыкай чыноўнікаў не кранеш, я на сустрэчы з кіраўніком раёна выказала жаданне той дом купіць. І за свой кошт адрамантаваць.

Не думайце, што ў мяне грошай мора. Але я б знайшла. Бо лічу гэта правільным.

Спачатку нам сказалі, што няма дакументаў, патрэбных для продажу. Потым высветлілася, што толькі папераў на зямельны пляц няма, а на сам дом ёсць. Мы гатовыя за свой кошт зрабіць тыя паперы на пляц. Але ўчора я атрымала ліст з райвыканкама, дзе напісана, што «имеются частичные разрушения фундамента, непрезентабельный вид, лишённый какой-либо эстетической красоты». І таму рашэнне — знесці. Прадаць або здаць у арэнду не могуць.

Я хачу, каб пра гэту гісторыю даведаліся. Каб журналісты якога-небудзь смі спыталі ў спадара Пратасавіцкага Г.В., чаму ён лічыць дом «лишённым эстетической красоты» і што для яго ёсць крытэры гэтай «красоты». Чаму не зрабілі сапраўдную архітэктурную экспертызу (нам супрацоўнік ЖКХ сказаў, чаму: бо яна 30 мільёнаў старымі грашыма каштуе, а грошай няма).

Канечне, я напішу цяпер у Брэсцкі аблвыканкам. Можа, і паехаць у Брэст прыйдзецца.

І напішу запыт у Міністэрства культуры, каб даслалі камісію і, можа, прызналі гэты дом помнікам даваеннай драўлянай архітэктуры. Бо ў Мінску на будынках 1950х гадоў вісяць шыльды, маўляў, «помнік». А тут хочуць сапраўды стары будынак у добрым стане знесці, быццам так і трэба.

Але і вашай, сябры, інфармацыйнай дапамогі прашу. Гатовая напісаць падрабязны артыкул на рускай ці беларускай мове, даслаць фота, даць інтэрв’ю.

Вашыя парады?» — пытаецца Надзея Туроўская.

0
Э / Адказаць
13.08.2016 / 16:10
Нават у Менску стаяць дамы каля центру якія спецыяльна не эксплуатуюцца пакуль не разбурацца. І дзе дзярж кантроль ?
0
андрэй / Адказаць
13.08.2016 / 17:06
трэба змагацца
0
Веравойша / Адказаць
13.08.2016 / 17:15
Прыгожы дом
Паказаць усе каментары/ 33 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру