Уладзімір Сярдзюк, якога «крыніцы» расійскіх СМІ назвалі арганізатарам дыверсій у Крыме, пракаментаваў абвінавачванні на свой адрас. У інтэрв'ю ўкраінскаму Hromadske.tv ён заявіў, што ніякага дачынення да галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны ён не мае, а абвінавачванні ў свой адрас назваў бздурай.

Адзіная праўда, паводле яго слоў, агучаная ў паведамленнях расійскіх СМІ, — гэта імя, прозвішча і тое, што ён служыў у 37-м батальёне.

«Я служыў у 37-м батальёне афіцэрам-псіхолагам. Маімі абавязкамі было гаварыць з людзьмі, змагацца з «аватарамі» [алкаголікі, прызваныя па мабілізацыі], афармляць СOЧ [самавольнае пакіданне часткі]. Ну і ўсё. Ні да разведкі, ні да спецслужбаў я дачынення не маю. Не меў і не маю. І не хачу, бо не валодаю ні ведамі, ні вопытам. Бздура нейкая. Я ніколі не быў начальнікам выведкі. Толькі сёння раніцай дабраўся да інтэрнэту і пачытаў усё, што пішуць. Я зараз пад уражаннем ад усяго гэтага. Шакаваны. Я нічога не арганізоўваў і нікога нікуды не адпраўляў. Я добрапрыстойны чалавек. Не тэрарыст, не задумваў нічога. Жыву сабе і сям'ю кармлю. А тут прагрымеў на ўсю краіну. Мне тэлефануюць, а я нават не ведаю, што каментаваць. Трывожна усё гэта», — прыводзіць тэлеканал словы Сердзюка.

У пятніцу ўсе асноўныя расійскія агенцтвы са спасылкай на крыніцы ў расійскіх спецслужбах паведамілі, што арганізатарам і каардынатарам планаваных у Крыме дыверсій быў супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Мінабароны Украіны Уладзімір Сярдзюк.

Паводле звестак агенцтваў, Сярдзюк — начальнік выведкі 37-га батальёна 56-й брыгады галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.

Украіна абвяргае заявы Расіі аб падрыхтоўцы тэрактаў супраць інфраструктуры Крыма.

Масква пасля заяў спецслужбаў нарасціла вайсковую прысутнасць у Крыме. Стала вядома пра перакідку ў Крым комплексаў С-400.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?