На вуліцах нью-ёркскага раёна Кўінс стыхійна сабраўся натоўп мусульман, якія выйшлі выказаць сваё абурэнне забойствам імама мясцовай мячэці Аль-Фуркан Маўлама Аконджы.
Некалькі дзесяткаў пратэстуючых сцвярджаюць, што злачынства здзейснена на глебе нянавісці да мусульман, хоць паліцыя заяўляе, што следства толькі пачалося і пакуль няма падставаў сцвярджаць, што Аконджы быў забіты з-за сваёй веры.
Больш за тое, крыніца ў паліцыі сцвярджае, што забойства адбылося ў выніку спробы рабавання.
55-гадовы імам і яго 64-гадовы памочнік выйшлі з мячэці і ішлі па вуліцы, калі ззаду да іх наблізіўся невядомы ўзброены мужчына і стрэліў ім у галовы. Маўлама Аконджы памёр на месцы, яго памочнік ў цяжкім стане быў дастаўлены ў бальніцу, але неўзабаве таксама памёр.
Забойцу бачылі некалькі мінакоў, але затрымаць па гарачых слядах яго не ўдалося. Па дадзеных паліцыі, у яго «сярэдні целасклад».
Аконджы прыехаў у Злучаныя Штаты з Бангладэша два гады таму. Большасць вернікаў мячэці Аль-Фуркан таксама складаюць прадстаўнікі шматлікай дыяспары бангладэшцаў у Нью-Ёрку.
«У такія моманты мы разумеем, наколькі мы не абароненыя. Наша будучыня пад пагрозай, наша мірнае жыццё ў гэтым раёне пад пагрозай — і мы патрабуем правасуддзя!» — заявіў Асашэйтэд прэс адзін з вернікаў мячэці Аль-Фуркан.
Бі-бі-сі