Актывісты грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» распачалі збор подпісаў за ўступленьне Беларусі ў Эўрасаюз. Сябры розных палітычных партыяў і рухаў плянуюць сабраць ня менш за мільён галасоў жыхароў краіны, каб затым перадаць у Эўрапарлямэнт і Раду Эўропы.
Найбольш актыўна збор подпісаў плянуецца праводзіць адначасна з агітацыйнай выбарчай кампаніяй.
Доўгатэрміновая кампанія мае на мэце ня толькі збор подпісаў, але і тлумачальна‑асьветніцкую працу сярод жыхароў краіны, кажа адзін з удзельнікаў акцыі, маладафронтавец Зьміцер Дашкевіч:
«Нашыя актывісты тлумачаць людзям, што Беларусь належыць да Эўропы, і гэта ня трэба даказваць ні з гледжаньня геаграфічнага, ні з гледжаньня гістарычнага. Мы выступаем за тое, каб былі адмененыя кошты на шэнгенскія візы. Каб грамадзяне Беларусі мелі магчымасьць больш актыўна асабіста ўдзельнічаць у працэсе эўраінтэграцыі. Гэта патрэбна для таго, каб беларусы зразумелі, што апроч усходняга вэктару разьвіцьця, у нас ёсьць яшчэ й іншы. Больш пэрспэктыўны і больш надзейны для нашай краіны».