Ня выракся веры, не апусьціў рукі, ня сьпіўся – і вось, праз два з паловай стагодзьдзі ўжо на старонках першай беларускай газэты зноў завітвае да тысячаў суайчыньнікаў, каб падбадзёрыць іх… Чарговы ліст зь лесу Паўла Севярынца.

Калі адбываеш у вёсцы двухгадовую палітычную высылку, ужо падумваеш пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, і раптам даведваесься, што ты тут ня першы, а хто-ніхто з палітвязьняў 250 гадоў таму па сканчэньні ўнівэрсытэту праседзеў у Сітне ўсё астатняе жыцьцё – дзякуеш Богу за лёгкі шлях.

Вестка пра майго папярэдніка-дысыдэнта, пісьменьніка, хрысьціяніна – прыйшла, уявіце сабе, са Стакгольму.

Яшчэ ўзімку найлепшая ў Эўропе беларуская міліцыя не прапусьціла да мяне ў госьці кіраўніка прадстаўніцтва Швэцыі ў Белраусі Стэфана Эрыксана. Цэлая група па захопу затрымлівала й разварочвала швэда ўжо ў Сітне: пільныя праваахоўнікі не дазволілі нават перадаць мне кніжкі ды прадукты: «А раптам вы яго атруціце!..» Кніжкі дыплямат праз бацькоў усё-такі перадаў. Сярод іх аказалася цудоўнае выданьне беларуса Андрэя Катлярчука, які працуе зараз ва Унівэрсытэце Стакгольму – «Швэды ў гісторыі й культуры Беларусі». Абавязкова раю прачытаць: Катлярчук літаральна адкрыў у беларукай гісторыі трэцяе вымярэньне – апроч усходняга, праваслаўнага й заходняга, каталіцкага – яшчэ й паўночнае, пратэстанцкае. У надзвычай цікавым дасьледаваньні – і Полацак вараскіх часоў, і прашвэдзкі пратэстанцкі рух Рэчы Паспалітай, і эвангельскія ўплывы са Скандынавіі ХХ ст.

Неўзабаве атрымліваю ліст ад самога Андрэя – у працяг швэдзка-пратэстанцкай тэмы. «Па Вялікай Паўночнай вайне на пратэстантаў ВКЛ, што дапамагалі Швэдзіі й Карлу ХІІ, абрынулася хваля рэпрэсіяў, – піша Андрэй Катлярчук, – каталіцкі ўрад зачыняў зборы й школы, натоўпы фанатыкаў палілі бібліятэкі й зьбівалі пастараў, шляхцічаў-пратэстантаў, выціскалі з палітычнага жыцьця... Гэткім чынам на службу ў глухі замак Сітна на мяжы з Расеяй трапіў выпускнік Сарбоны шляхціч-кальвініст Стэфан Аледзкі. Пражыўшы ў Сітне ўсё жыцьцё, у 1757 г Аледзкі пераклаў з францускай на польска-беларускую макаранічную мову культавую кнігу эўрапейскіх пратэстантаў «Шлях пілігрыма» ангельца Джона Буньяна (John Bynuan. The piligrim’s progress»).

Неспавядальныя шляхі Твае, Госпадзе!

Кожнаму зь пілігрымаў, якія шукаюць Цябе, Ты вызначыў сваё падарожа.

Аднаго, як Джона Буньяна, што напісаў сваю кнігу ў турме й зрабіўся апосталам рэфармацкага руху, вядзеш праз пакуты да сусьветнае славы.

Друга, як Стэфана Аледзкага, што пераклаў Буньяна для беларусаў ды палякаў – скрозь непрыняцьцё ды забыцьцё да раптоўнае згадкі праз чвэрць тысячагодзьдзя.

Трэцяга, Андрэя Катлярчука, што дабраўся ажно да Стакгольму, шукаючы Тваіх сьлядоў у гісторыі – праз жыцьцё на чужыне да захапляючых адкрыцьцяў для Бацькаўшчыны.

Нарэшце й мяне – па дарозе з саўковае РБ да сапраўднае Беларусі спыняеш у простае вёсачцы, якая не перастае зьдзіўляць глыбінёю гісторыі й насычанасьцю сэнсам.

Што было ў Сітне часоў Аледзкага? Памежны замак, дзе Стэфан кіраваў невялікай залогаю; мытня на шляху з Пскова да Полацку, на месцы якой дзятва дагэтуль капае старажытныя манэты; карчма, ля якой любы падарожны можа сёньня падабраць ашкелкі даўняе керамікі й дзе, як і зараз ля крамы, ашываліся тагачасныя бражнікі; Расея, зь якой сюды цягнулася галеча й наяжджалі разбойнікі... Усё амаль як цяпер.

Што вартаваў Стэфан Аледзкі на мяжы з Расеяй, калі Масква ўжо напоўніцу гаспадарыла і ў Полацку, і ў Вільні, і ў Варшаве? Што сказаў бы, калі б даведаўся, што выхаванцы ягонае альма-матэр тыднямі ваююць з урадам, каб іхнія працоўныя месцы на дасталіся ўсякім палякам, што паляк Ян Павал ІІ ад імя ўсяго Каталіцкага Касьцёла пакаяўся перад іншаверцамі за колішнія рэпрэсіі, а беларускія пратэстанты, якіх ізноў залічваюць да «нетрадыцыйнага для Беларусі веравызнаньня», стаяць поплеч з ксяндзамі ў намётавым гарадку супраць тыраніі?..

Які шлях прайшоў Стэфан Аледзкі? З бліскучай адуацыяй, у пажыцьцёвым выгнаньні, у глушэчы, сярод безнадзёгі, на тле грамадзкага ўпадку, гаспадарчага бязладзьдзя й палітычнай нецярпімасьці – пераклаў кнігу ў духу гэткіх жа гнаных хрысьціянаў па ўсёй Рэчы Паспалітай. Ня выракся веры, не апусьціў рукі, ня сьпіўся – і вось, праз два з паловай стагодзьдзі ўжо на старонках першай беларускай газэты зноў завітвае да тысячаў суайчыньнікаў, каб падбадзёрыць іх: «Вышэй галаву» бывала й горш!»

Часам нам здаецца, што мясьціны шэрыя, часы змрочныя, людзі нудныя, а жыцьцё марнае – але менавіта сум сьвету, тлум чалавечы й доўгае чаканьне ёсьць абавязковай платай пілігрыма за спатканьне са сьвятасьцю.

Спачатку ў кожнага пілігрыма свой шлях. Кожны пакідае ўласную хату са сваімі думкамі, уласным грахом, пакаяньнем ды пакліканьнем. Кожны ўяўляе падарожжа па-свойму, размаўляе з Богам асабіта й адольвае цяжкасьці самотна. Але па меры набліжэньня да мэты сустракае тых, хто ідзе туды ж, куды й ён – і асобны шлях уліваецца ў супольную пілігрымку. Чароды падарожнікаў злучаюцца: на дарозе ўжо хроснае рушаньне пад агульнымі сьцягамі й харугвамі, з дружнымі гімнамі й шматысячным рокатам малітвы... І калі дзясяткі, сотні тысячаў вернікаў, паплечнікаў, вандроўнікаў зьбіраюцца разам ля самое сьвятыні – кожны бачыць на сае вочы, што ягоны няблізкі й цяжкі, але ўпарты асабісты шлях урэшце рэшт вёў да ўсеагульнага нацыянальнага абуджэньня.

Павал Севярынец, в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0