Інфарматар Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (ВАДА), расійская бягуха Юлія Сцяпанава заявіла, што пасля ўзлому яе ўліковага запісу ў антыдопінгавай сістэме яны разам з мужам асцерагаюцца за сваё жыццё.
30-гадовая Сцяпанава збегла з Расіі ў ЗША, пасля таго як дапамагла раскрыць махінацыі з допінгам у расійскім спорце.
У суботу ВАДА аб'явіла, што уліковы запіс у сістэме ADAMS, пры дапамозе якой спартсменка абавязана паведамляць агенцтву пра сваё месцазнаходжанне, быў узламаны.
«Адзіная прычына, па якой хтосьці захоча ўзламаць рахунак ADAMS, — гэта спроба высветліць наша месцазнаходжанне. Мы вырашылі, што бяспечней будзе памяняць месца жыхарства», - распавяла Сцяпанава журналістам.
«Калі з намі нешта здарыцца — ведайце, гэта не няшчасны выпадак», - дадала яна.
Яна паведаміла пра свае апасенні праз паўгода, пасля таго як два высокапастаўленыя чыноўнікі Расійскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА) памерлі з розніцай у два тыдні.
Юлія Сцяпанава замужам за былым супрацоўнікам РУСАДА Віталём Сцяпанавым. Яна і яе муж былі асноўнымі крыніцамі інфармацыі аб выкарыстанні допінгу расійскімі лёгкаатлетамі, а таксама аб масавых схемах выкарыстання допінгу на Алімпійскіх гульнях у Сочы.
Менавіта іх інтэрв'ю ляглі ў аснову фільмаў нямецкага тэлеканала ARD і амерыканскага Сі-бі-эс, якія прывялі да расследаванняў ВАДА.
У 2013 годзе Юлія Сцяпанава, тады насіла прозвішча Русанава, сама была дыскваліфікаваная за ўжыванне допінгу. На гэтай падставе МАК у гэтым годзе не дапусціў яе да ўдзелу ў Алімпіядзе.