Вольга Сечына, якая, паводле інфармацыі СМІ, з'яўляецца жонкай кіраўніка нафтагазавай кампаніі «Роснефть», падала ў Басманны раённы суд Масквы пазоў да журналістаў «Новай газеты» з патрабаваннем выдаліць з сайта матэрыял-расследаванне пра сувязь Ігара Сечына з адной з самых шыкоўных у свеце яхт пад назвай St. Princess Olga коштам больш за 100 мільёнаў даляраў, а ўсе нумары газеты — знішчыць.

Як патлумачылі ў рэдакцыі, юрысты Вольгі Сечынай лічаць, што аўтар публікацыі «Сакрэт «Княгіні Вольгі»: як кіраўнік «Роснефті» Ігар Сечын звязаны з адной з самых шыкоўных яхт у свеце?» Раман Анін і галоўны рэдактар газеты Дмітрый Муратаў парушылі права іх кліенткі на недатыкальнасць прыватнага жыцця, і патрабуюць выдаліць матэрыял з сайта «Новай газеты», а ўсе асобнікі газеты №83 ад 1 жнiўня 2016 года з тэкстам расследавання — знішчыць.

Калі суд прыме бок Сечыных і цалкам задаволіць патрабаванне жонкі кіраўніка нафтагазавай кампаніі, то незразумела, якім чынам будуць знішчацца ўсе нумары газеты ад 1 жніўня, якія ўжо знаходзяцца ў чытачоў.

У выданні падкрэслілі, што ў цяперашні час у «Новай газеце» вывучаюць матэрыялы справы і выбіраюць тактыку абароны. У рэдакцыі таксама адзначылі, што судовы разгляд заўжды лепшы за любыя разборкі з выкарыстаннем сілавых або адміністрацыйных рэсурсаў.

Яшчэ 2 жніўня ў прэс-службе «Роснефті» аб'явілі аб падачы пазову Ігарам Сечыным да «Новай газеты», тэлеканала «Дождь» і «іншых СМІ, якія ўдзельнічаюць у распаўсюдзе матэрыялаў, у якіх змяшчаецца непраўдзівая інфармацыя».

1 жніўня з'явілася публікацыя пра тое, што меркаваная новая жонка топ-мэнэджара нафтавага гіганта была неаднаразова заўважаная на судне, знешні выгляд і маршруты якога супадаюць з экстэр'ерам і перасоўваннямі яхты St. Princess Olga. Гэта судна знаходзіцца на 72-м месцы ў рэйтынгу 100 самых вялікіх яхт ў свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?