Выбарчыя рахункі ў «Беларусбанку», паводле звестак на 15 жніўня, адкрылі 268 кандыдатаў у дэпутаты. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце банка.

Сярод тых, хто збірае ахвяраванні на сваю выбарчую кампанію, дзейныя дэпутаты Дзмітрый Шаўцоў, Алена Астапюк, Людміла Курбакова, Аксана Няхайчык, Валерый Барадзеня, Уладзіслаў Шчэпаў, Валерый Гайдукевіч, Вольга Палітыка, Вадзім Дзевятоўскі, Валянцін Мілашэўскі і іншыя парламентарыі.

Рахункі таксама адкрылі спявачка Ірына Дарафеева, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч і намеснік старшыні ЛДП Яўген Крыжаноўскі, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў і яго намеснік Алена Анісім, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Людміла Ніжэвіч, пасол Беларусі ў Аўстрыі Валерый Варанецкі, лідары кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч, старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч, экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка і інш.

Згодна з палажэннем Цэнтрвыбаркама, крыніцамі фармавання выбарчага фонду кандыдата могуць быць уласныя грашовыя сродкі кандыдата, памер якіх не можа перавышаць 1.000 базавых велічынь (21 тыс. новых рублёў), а таксама добраахвотныя ахвяраванні грамадзян Беларусі і юрыдычных асоб. Памер ахвяравання грамадзяніна не можа перавышаць пяці базавых велічынь (105 рублёў), юрыдычнай асобы — 10 базавых (210).

Пры пералічэнні сродкаў у фонды кандыдатаў ёсць шэраг абмежаванняў. Забароненая дапамога ад замежных грамадзян, замежных і міжнародных арганізацый, а таксама арганізацый, якія атрымлівалі на працягу года замежную бязвыплатную дапамогу, дзяржаўных і бюджэтных арганізацый, дабрачынных і рэлігійных арганізацый. Ахвяраванні ад грамадзян не могуць быць ананімнымі і не прымаюцца ад асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў.

Асноўную агітацыйную прадукцыю кандыдаты могуць вырабіць за кошт сродкаў, якія паступілі на іх рахункі.

Парламенцкія выбары пройдуць 11 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?