Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

18 жніўня юбілей святкуе беларускі публіцыст і навуковец Сямён Букчын.

Вольналюбны літаратуразнаўца ў савецкі час, Букчын быў у цэнтры светапоглядных дыскусій 90-х і адназначна ўстаў на бок дэмакратыі і незалежнасці, калі ім узнікла пагроза.

Перад юбілеем Сямён Букчын апублікаваў кнігу мемуараў «Запіскі пераможанага», ён напісаў іх у сваім непаўторным стылі. У іх ён падводзіць жыццёвыя вынікі і апісвае сваю інтэлектуальную эвалюцыю.

Кніга поўная горычы і паняверкі. Букчын цытуе вялікага расійскага пісьменніка Віктара Астафьева «Я прыйшоў у свет добры, родны і любіў яго бязмерна. Сыходжу са свету чужога, злоснага, заганнага. Мне няма чаго вам сказаць на развітанне».

Букчын дадае: «Калі я думаю пра здзейсненае за апошнюю чвэрць стагоддзя … вынікі сумныя. Нейкі «рынкавы сацыялізм» з элементамі «капіталізму для сяброў» …, з поўным згаленнем і выраджэннем інтэлектуальнай часткі грамадства, з прыніжэннем пенсіянераў, з трыумфам … сацыяльнай несправядлівасці, а па сутнасці — мярзотай нашага жыцця. Дзяржаўная ідэалогія — такі ж падман, як у савецкія часы, толькі ў іншай «абгортцы». Дэмакратыя, свабода слова, свабодныя выбары, грамадзянскія правы — пусты гук. Незалежная прэса — сурагат, у якім намяшаныя і ангажаванасць, і залежнасць ад уласнікаў, ад грантаў».

Палітыкі — гаўно, інтэлектуалы — фуфло, — цытуе ён Букоўскага і далучаецца да яго, — радыкальная моладзь на Захадзе — бездухоўная сіла, і нават інтэрнэт — свайго роду наркотык.

Букчын бачыць прычыны цяперашняга стану грамадства ў камерцыялізацыі. «Гэтая з'ява, безумоўна, звязаная з трыумфам даляра над тым, што складала аснову айчыннай інтэлігенцыі, — над яе самаідэнтыфікацыяй, яе паняццямі пра гонар, годнасць, уласную ролю ў грамадстве».

«Антыдэмакратычны рэжым у Беларусі выгадны Расіі. Яна тут поўны гаспадар, — узнімае рукі Букчын. — І ваяўнічыя прамовы правіцеля, што ён акажа супраціў пагрозам і з захаду, і з усходу — усяго толькі рыторыка», — песімістычна мяркуе аўтар.

Букчын асуджае рэвалюцыі, не верыць у перамены, лічыць Аляксандра Лукашэнку «наканаваным» Беларусі і пры гэтым не ашчаджае сваёй пагарды да яго.

Захад? І там скрозь банальнае зло. ЗША і Еўрасаюз, піша Букчын, — гэта дзве імперыі, якія не перабіраюць у сродках, абы захаваць свой уплыў. ЗША за апошнія дзесяцігоддзі ўдзельнічалі ў больш чым дваццаці ваенных уварваннях і дзяржаўных мпераваротах у розных канцах свету. «І што замест дэмакратыі і квітнення? Гібель тысяч людзей, развал дзяржаўнасці, патокі ўцекачоў», — наракае беларускі публіцыст.

«Расія — агрэсар у дачыненні да Украіны», — піша Букчын, але пры гэтым. — «Як забыць натаўскія бамбаванні Белграда, сталіцы суверэннай Югаславіі?»

Сямён Букчын прызнае, што жыццё абвяргала адну за адной ідэалагемы, у якія ён верыў, — спачатку савецкія, пасля антысавецкія, пасля постсавецкія. Усё аказалася не так, як думалася. Букчын, які на пачатку 1990-х спрабаваў выдаваць газету «Европейское время», у 2015-м ставіць рытарычнае пытанне: «Каму мы трэба ў Еўропе?» Свет бачыцца яму арэнай барацьбы імперый, дзе Беларусь — разменная манета, безабаронная зямля, выпадковасць гісторыі. «Здаецца, цяпер у прыціхлай маленькай краіне (і ці толькі ў ёй?) калі чаго і чакаюць, дык гэта ядзернай вайны, якая знішчыць Зямлю і з ёй чалавецтва», — песімістычна піша ён. 

На трывожныя прадчуванні Трэцяй сусветнай накладаюцца сямейныя матывы: сын Букчына эміграваў, працуе доктарам у Нямеччыне, унук служыць у бундэсверы. Для каго, для чаго, для якой культуры тады працаваў Букчын?

Але сярод агульнай трывогі і расчаравання, сярод усведамлення абсурднасці людскога існавання ёсць і тое, што дае надзею ці, прынамсі, спадзеў на надзею.

Любоў да радзімы, да Беларусі, удзячнасць ёй — адзін з тых апошніх імператываў, у якіх Букчын не толькі не расчараваўся, а наадварот, у якім умацаваўся. Ён рашуча адмятае свае ранейшыя засцярогі і прыходзіць да высновы пра неабходнасць умацоўваць самастойнасць краіны: «Культурна-моўная супольнасць» на фоне грамадскага разброду і абыякавасці ўяўляецца інтэгратарам, які здольны адолець Акудовічаў код адсутнасці. У гэтым плане дзяржаўнасць адзінай мовы, беларускай, ёсць найгалоўнай магчымасцю ўмацавання нацыянальных асноў суверэннай беларускай дзяржавы».

Букчын горача вітае тое, што ён называе «асвечаным нацыяналізмам», бачыць у ім галоўны рухавік грамадскага прагрэсу сёння і нават трохі рамантызуе яго.

«Ягоныя прыхільнікі імкнуцца прасоўваць, абараняць і развіваць нацыянальныя прыярытэты ў самых розных галінах жыцця, у культуры найперш. Яны робяць і будуць рабіць сваю беларускую справу заўсёды, усё жыццё, нягледзячы на самую неспрыяльную сітуацыю. Характэрная рыса гэтых людзей, асабліва ў старэйшага пакалення, прыроджаная інтэлігентнасць, у нейкай частцы ў дадатак да яе адчутая мною ў маладосці… як бы дакладней сказаць… шляхетнасць, арыстакратызм? — піша Букчын. — Пашчасціла сустракацца з людзьмі гэтай пароды, якія на ўсё жыццё засталіся для мяне высокімі ўзорамі беларускага нацыянальнага інтэлігента».

Вось некаторыя з імён, якія называе Букчын: Быкаў, Алесь Адамовіч, Алена Васілевіч, Рыгор Барадулін, Вера Палтаран, Ніна Ватацы, Уладзімір Бойка.

Букчын узгадвае таксама спагаднасць, працавітасць і інтэлігентнасць сялян і сялянак з беларускай глыбінкі. У гэтым ён бачыць і нацыянальны характар, і нацыянальную традыцыю беларусаў. Такую беларускасць, іх беларускасць Букчын лічыць ісціннай і пераможнай, ён процістаўляе яе вузкалобай ксенафобіі «аднамерных істот», з якімі ён і сам ваяваў у 1990-я.

Зрэшты, «Записки побежденного» гэта ў найменшай ступені трактат пра ідэйныя канфлікты, гэта перадусім кніга пра сяброўства, пра вялікае пакаленне і вялікія часы і сваё падарожжа сярод іх.

«Мой шлях, па сутнасці, ішоў ад паразы да паразы, — піша Букчын. — І толькі асэнсаванне гэтых параз цяжка і не адразу, але пераканала, што гэта аказаўся адзіны шлях да ўратавання. І таму «Запіскі пераможанага» цалкам маглі б называцца «Запіскі ўратаванага», калі б апошняе не гучала б занадта пафасна».

Калі ў 1960-я Букчын пакутаваў «у духоўнай адзіноце ў глухім правінцыйным Мінску», то ў 2016-м, з вышыні 2016-га яму цікава ў месцы, у якім ён жыве, яму цікавыя беларуская гісторыя, беларускі кантэкст, лакальныя праблемы.

Я жыў у «савецкай чалавечай прасторы» і не шкадую пра гэта, піша Букчын. Пры гэтым ён з гонарам апісвае свой шлях да сучаснага беларускага патрыятызму. Беларусь не Расія, але Беларусь і не Украіна, і не Літва, і не Польшча, робіць выснову ён. «Мы асаблівая краіна на скрыжаванні традыцый і культур». Расійскі ўплыў на Беларусь на сёння непазбежны, з усёй папсой і прапагандай у тым ліку. Як не ўнікнем мы пакуль постсавецкага аўтарытарызму ці сённяшняга глабальнага спажывецтва і павярхоўнасці эпохі сацсетак.

Гэтыя думкі перагукаюцца з тым, што гавораць і пішуць апошнім часам Святлана Алексіевіч, Юлія Чарняўская.

«Трэба навучыцца з усім гэтым жыць, не губляючы годнасці», — мудра кажа Сямён Букчын.

* * *

Семен Букчин. Записки побежденного. — Минск: Змицер Колас, 2016.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?