Журналіст першага канала тэлебачаньня Юры Пракопаў ў тэлефоннай размове з адвакаткай Верай Страмкоўскай папрасіў у яе прабачэньня за агалошаньне недакладных зьвестак.

Гэта адбылося сёньня пасьля таго, як Вера Страмкоўская паабяцала падаць на журналіста скаргу ў пракуратуру ці заяву ў суд, калі ён не абвергне заяву, што адвакат Вера Страмкоўская нібыта атрымлівала грант у амбасадзе ЗША.

«Мая заява мела вынік. Спачатку ён адмовіўся даваць абвяржэньне, але потым сам патэлефанаваў і папрасіў прабачэньня. Сказаў, што яны пераправерылі дадзеныя і пераканаліся, што насамрэч ніякіх грантаў я не атрымлівала. Цікава, што перашкаджала яму праверыць гэта да перадачы? У выніку Пракопаў паабяцаў абвергнуць зьвесткі і ў тэлеэфіры. Пагляджу, як ён гэта зробіць. Калі не зробіць, сапраўды зьвярнуся ў пракуратуру. Скарга ужо напісаная» , ‑‑ паведаміла Вера Страмкоўская Радыё Свабода.

Ілжывыя зьвесткі пра тое, нібыта Вера Страмкоўская атрымала грошы ў амэрыканскай амбасадзе прагучалі 1‑га чэрвеня ў праграме «Панарама тыдня зь Юр’ем Пракопавым». Таксама сярод грантаатрымальнікаў былі названы дачка экс‑кандыдата на прэзыдэнта Юлія Казуліна, былы дэпутат Людміла Гразнова, рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч.

«Ніякіх грошай ад амэрыканскай амбасады сям’я Казуліна, а тым больш я асабіста, не атрымлівала. Я ўвогуле зараз далёкая ад палітыкі, у мяне на першым месцы вучоба. З гэтым паклёпам будзем вызначацца, не выключаю, што пададзім ў суд», ‑‑ пракамэнтавала праграму Юр’я Пракопава Юлія Казуліна.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0