Частку надпісу на майцы кандыдата ад АГП Уладзіміра Няпомняшчых падчас яго тэлевыступу прыкрылі цітрамі.

Выступы кандыдатаў у дэпутаты па акругах у Гомелі — Юбілейнай № 31 і Сельмашаўскай № 32 прайшлі на тэлеканале «Беларусь-3» вечарам 16 жніўня. Уладзімір Няпомняшчых, вядомы сваёй майкай «За Беларусь без Лукашэнкі», балатуецца па Юбілейнай акрузе. У гэтай жа футболцы ён і запісваў выступ на ТБ.

Падчас эфіру была бачная толькі частка надпісу на майцы «За Беларусь», а другая частка — «без Лукашэнкі» была прыхаваная цітрамі з прозвішчам кандыдата і нумарам акругі.

«Забілі мой надпіс. Я, калі ўбачыў першы выступ кандыдата і гэтую велізарную шэрую паласу на палову экрана, адразу зразумеў, для чаго гэта зрабілі — каб закрыць надпіс на маёй майцы. У 2012 годзе мой выступ наогул не выйшаў у эфір, а маю фатаграфію у такой майцы адмовіліся прымаць для агітацыйных плакатаў», — пракаментаваў БелаПАН Уладзімір Няпомняшчых.

Таксама ён перадаў сваю праграму для публікацыі ў газету «Гомельская праўда». Паводле яго слоў, у супрацоўнікаў выдання паўсталі пытанні да слоў у праграме «За Беларусь без Лукашэнкі». «Яны мне сказалі — у нас дзяржаўная газета. Дзяржаўная, так, але не лукашэнкаўская жа! У выніку нібыта абяцалі, што праграма выйдзе, але паглядзім», — сказаў кандыдат.

Палітык заявіў, што мае намер зняць сваю кандыдатуру. «Выбараў няма, нельга падманваць сябе, сваю сям'ю, народ. Я не маю маральнага права ісці да канца. Калі б я мог хоць даведацца пра свой рэальны вынік, а не нуль з нечым працэнтаў, якія мне намалююць ад балды», — дадаў Няпомняшчых.

У тэлевыступе ён адзначаў, што выбараў у краіне няма — гэта «гульня шарлатана з народам у напарсткі», і заклікаў людзей не ісці галасаваць, а працаваць назіральнікамі на ўчастках.

Таксама па Юбілейнай акрузе балатуюцца дырэктар Інстытута нацыянальнай бяспекі Іван Корж, які раней узначальваў УКДБ па Гомельскай вобласці, член Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Аляксандр Сухаручанка і член ЛДП Алег Данскіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?