Камерцыйныя банкі Беларусі абвясцілі аб зніжэнні 17 жніўня працэнтных ставак. З сённяшняга дня грашова-крэдытныя ўстановы ўстанавілі максімальную стаўку па рублёвых укладах насельніцтва на ўзроўні 20,5% гадавых.

Так, «Беларусбанк», які з'яўляецца найбуйнейшым трымальнікам укладаў насельніцтва, паведамляе, што з 17 жніўня максімальная даходнасць па дэпазітах фізічных асоб у нацыянальнай валюце складзе 20,5% гадавых. Такую стаўку камерцыйны банк устанавіў па рублёвых укладах з тэрмінам размяшчэння ад аднаго года.

У сваю чаргу «Белаграпрамбанк», які з'яўляецца другім па велічыні партфеля ўкладаў беларускім банкам, таксама абвясціў аб зніжэнні працэнтных ставак па дэпазітах насельніцтва. Пачынаючы з серады банк устанавіў максімальную працэнтную стаўку (20,5% гадавых) пры ўмове размяшчэння ўкладу не менш як на 370 дзён.

Нагадаем, да жніўня максімальная даходнасць па дэпазітах насельніцтва ў беларускіх банках складала 25% гадавых, з 1 жніўня грашова-крэдытныя ўстановы паніжалі межавую стаўку па рублёвых укладах да 22,5% гадавых.

Пастаяннае змяншэнне даходнасці па банкаўскіх укладах летам гэтага года абумоўленае манетарнай палітыкай, якую праводзіць Нацбанк. У пачатку жніўня рэгулятар чарговым разам абвясціў аб зніжэнні працэнтных ставак на грашовым рынку, да якіх прывязаныя рэкамендаваныя Нацбанкам стаўкі па дэпазітах насельніцтва.

У прыватнасці Нацбанк 17 жніўня знізіў з 20 да 18% стаўку рэфінансавання і з 25 да 23% — стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях па падтрымцы наяўнай ліквіднасці банкаў.

Пры гэтым камерцыйным банкам Нацбанк рэкамендуе ўстанаўліваць стаўкі па ўкладах насельніцтва на ўзроўні не вышэйшым за 0,9 стаўкі па пастаянна даступных аперацыях. Усе рашэнні аб зніжэнні працэнтных ставак, якія прымаліся летам, рэгулятар абгрунтоўвае запаволеннем інфляцыяй.

Удзельнікі фінансавага рынку Беларусі лічаць, што рашэнні Нацбанка ў галіне працэнтнай палітыкі, якія прымаліся да апошняга часу, былі адэкватнымі, аднак для далейшага зніжэння працэнтных ставак на грашовым рынку пакуль няма неабходных умоў.

«На мой погляд, сігнал для далейшага зніжэння працэнтных ставак яшчэ вельмі слабы. Мы не бачым пакуль сапраўдных драйвераў эканамічнага росту ў краіне, якім патрэбныя грошы для падсілкоўвання гэтага росту», — адзначыў у жніўні ў каментарыі БелаПАН старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?