Праваахоўныя органы Беларусі зацікавіліся дзейнасцю кіраўніцтва буйной і адной з найстарэйшых IT-кампаній Беларусі — IBA Group.

Як паведамілі TUT.BY некалькі крыніц, у поле зроку сілавікоў трапілі старшыня праўлення IBA Group, гендырэктар IBA Minsk Сяргей Ляўцееў і сябра праўлення, першы намеснік старшыні праўлення IBA Group, дырэктар па распрацоўцы ПЗ, гендырэктар IBA IT Park Сяргей Акуліч. Прычым, па непацверджанай пакуль інфармацыі, апошні ўжо тыдзень як затрыманы.

Навіна выклікала буйное абмеркаванне на сайтах СМІ і форумах — усё ж IT-сфера ўспрымаецца ледзь не нацыянальным сімвалам сённяшняй Беларусі.

Грамадства фактычна падзялілася — палова шкадуе затрыманых, лічыць, што беларуская дзяржава «піліць сук на якім сядзіць», і перажывае, што бізнэс па-беларуску — гэта калі ў любы момант цябе могуць «узяць».

«Паліцэйская дзяржава!», «Дачакаюцца, што ўсе айцішнікі з'едуць у Польшчу і Літву», — стогнуць каментатары.

«Увогуле, пасадка заснавальнікаў адной з найбуйнейшых еўрапейскіх IT-кампаній — гэта рэальная шкода. IBA — брэнд, вядомы на ўвесь свет. Не ведаю кампаній з IT-сферы, якія не ведалі б пра IBA (дарэчы, кампанія зарэгістраваная ў Чэхіі, але ўсе ведаюць, што асноўны цэнтр распрацоўкі ў РБ). Гэта даўно ўжо беларускі флагман, значна пакруцей за ўсялякія МАЗы і трактары. Горшага ўдару па іміджы краіны складана сабе ўявіць. Я таму ўпэўнены, што адмыслова нехта шкодзіць. Не будзе ў нас іміджу — не будзе інвестыцый, не будзе інвестыцый — не будзе эканоміі. Тыя ж сілавікі могуць ужо праз пару гадоў атрымліваць зарплату па 30-40 даляраў на месяц. І што потым? Зноў 90-я?», — выказвае меркаванне адзін з чытачоў tut.by.

Але ж другая палова ставіцца да затрымання больш скептычна — і выказвае даволі цікавыя думкі:

«Пазнавата неяк. Бюджэтных грошай імі ўжо папілавана за гэтыя гады столькі, што можна было б кожнаму беларусу планшэты раз на год дарыць, а не толькі «членам» з'ездаў. А па факце — хутка замнуць, там у заказчыках ўвесь дзяржапарат, і калі пачнуць капаць, то прыйдзецца ўжо вельмі шмат «людзей» патурбаваць. Абмяжуюцца дробным касячком, каб не варушыць асінае гняздо. На чарзе чакаем разборак з BeCloud і МПЗ, за «пісьменнае» выдаткоўванне бюджэтных сродкаў на «мега-супер-пупер» сістэму ўліку ЭСЧФ».

«Занадта ўжо цесна IBA працавала з многімі кліентамі, ды і сама структура кампаніі інтэгратара давала асаблівыя магчымасці працы, хто ў тэме, зразумее. Мабыць, раскачалі за банкаўскае праграмнае забеспячэнне».

«Калі і будуць трэсці, то за банкаўскае праграмнае забеспячэнне. Усё астатняе занадта жорстка для ўспрымання народа, ды і канфіскаваныя катэджы з машынамі нікому не патрэбныя — каму іх прадаць? Прасцей зліць пару чыноўнікаў з банка — зняць недаплачаныя падаткі і штраф з жывой ІБА і адпусціць. Хто, акрамя іх, разбярэ тое, што яны наварацілі ў дзяржсектары за 20 гадоў працы? Дурняў няма, не возьмецца ніхто — інакш лёс ІБА напаткае і іх. Паглядзіце буйных сістэмных інтэгратараў — хто іх кліенты. Гэта такое логава, дзе замяшаныя ў схемах усе: і ДФР, і КДБ, і МУС. Усе абсалютна».

«IBA сапраўды кантора своеасаблівая. Занадта «саўковая» у параўнанні з іншымі арганізацыямі ПВТ. Актыўна супрацоўнічае з дзяржарганізацыямі або зусім сядзіць на дзяржзаказе. Кошт паслуг, у тых рэдкіх выпадках, калі яны надаюцца агалосцы, выклікае пытанні. Таму, з аднаго боку, не вельмі здзіўлены, што за іх узяліся. Але з іншага боку, ведаючы, як у нас расследуюць эканамічныя злачынствы, чакаць можна чаго заўгодна».

«Цікава, чаму ДФР ніяк не адрэагаваў на тое, чаму Мінсктранс закупіў у IBA бессэнсоўныя кампосцеры па 600 даляраў пару гадоў таму, хоць там злачынства проста на далоні ляжала: бяры ўсіх удзельнікаў цёпленькімі! А тут прама жыва зацікавіліся тым, што яшчэ даказаць трэба».

«Хлопцы, айцішнікі тут ні пры чым. IBA пераважна працуе на ўнутраны рынак, банкі і дзяржзамова — Белчыгунка, дакументаабарот. Гэта не тое ж самае, што ЕПАМ і іншыя аўтсорс-кампаніі, якія дапамагаюць пілаваць грошы амерыканскага ўрада ці інвестараў, ну ці сумленна працуюць. Гэтыя пілуюць грошы беларускага бюджэту. Вядома, і ў IBA працуюць добрыя хлопцы, нармальныя праграмісты, але гэтая кантора значна бліжэй да дзяржустаноў па арганізацыі. А ўжо функцыянеры іх — асобная тэма, старарэжымныя дзядзькі. Вось іх і будуць трэсці».

«Я яшчэ малады праграміст, але занесла і ва ўсім вядомы Itransition і ў адзін з вельмі малалікіх двайнят IBA, на якія завязаныя банкі і дзяржманапалісты — каментатар вышэй справу кажа. Гэта два зусім розныя светы. І мне ані секунды не шкада ані IBA, ані таго блізнюка, дзе працую цяпер, калі ім калі-небудзь зоймуцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?